Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў выступіў на зьездзе Таварыства беларускай мовы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў выступіў на зьездзе Таварыства беларускай мовы

Дададзена 30.10.2017 3:13:56 | 171 праглядаў

Бліжэйшыя тры гады кіраваць Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны будзе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

На зьездзе, які адбыўся 29 кастрычніка ў сталіцы, яе абралі абсалютнаю большасцю галасоў. Папярэдні кіраўнік Алег Трусаў займаў пасаду ад 1999 году і стаў ганаровым старшынём ТБМ.

За кандыдатуру Алены Анісім аддаддзена 87 галасоў, супраць — 2, устрымаліся — 3. Выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове, паведамляе БелаПАН.

23000101_1613845705348873_3482423727328707990_oПрывіталі дэлегатаў Зьезду Таварыства беларускай мовы амбасадары Украіны, Чэхіі, ЗША і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Першым намесьнікам старшыні ТБМ абраны Ўладзімера Колас — дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Пасады намесьнікаў занялі сябра Сойму Партыі БНФ Станіслаў Суднік, а таксама Алесь Давідовіч і Дзяніс Тушынскі.

Чым жыве ТБМ цяпер і да чаго будзе імкнуцца далей? – у рэпартажы тэлеканала Белсат:

 

Алена Анісім, былая намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішака Скарыны і, з нядаўняга часу, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, абраная кіраўніцаю арганізацыі.

«Гэта вялікі давер, які аказаны мне. Сама б я, можа, і не прэтэндавала на пасаду старшыні, але, паколькі была агучаная мая кандыдатура, то, працуючы ўжо не адзін год першым намеснікам, я разумела сваю адказнасць за лёс арганізацыі», – заявіла старшыня ТБМ Алена Анісім.

Галасаванне адбылося падчас трынаццатага зʼезду ТБМ. За Анісім выказалася абсалютная большасць дэлегатаў. Што праўда, яна ж была адзінаю кандыдаткаю. Былы старшыня, Алег Трусаў, які ўзначальваў абʼяднанне цягам васямнаццаці гадоў, гэтым разам вырашыў не балатавацца.

«Мне споўнілася нядаўна 63 гады. І я лічу, што трэба саступіць месца маладзейшым. Самае галоўнае, я спадзяюся, што мой прыклад будзе прыкладам і для іншых кіраўнікоў больш уплывовых структураў. Пара ўжо і ім, як кажуць расейцы, «честь знать», – заявіў ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

На сённяшні дзень Таварыства беларускай мовы, якое існуе ўжо дваццаць восем гадоў, налічвае амаль 6,5 тысячаў чальцоў. Лічба можа падацца нязначнай – менш за адну дзясятую адсотка насельніцтва краіны. Але, толькі калі разглядаць яе па-за кантэкстам моўнай палітыкі дзяржавы – дзесяцігоддзяў вынішчэння ўсяго беларускага, перадусім беларускай мовы і навязвання расейскай.

Аляксандр Лукашэнка заяўляў:

«Толькі ідыёт можа ў Беларусі адмовіцца ад рускай мовы» (08.04.2010).

«Руская мова. Яна нашая, яна не расейская і не ўкраінская, яна нашая. Гэта жывы набытак у тым ліку і беларусаў» (22.04.2014).

Насуперак такой пазіцыі, ТБМ намагаецца пашыраць ужыванне роднае мовы сярод беларусаў – праз заняткі з дарослымі і дзецьмі, звароты да ўладаў, маніторынг моўных правоў грамадзянаў ды іншае. Але ж шмат працы яшчэ наперадзе.

Дарэчы, як адзначыў ужо былы старшыня таварыства Алег Трусаў, менавіта дзякуючы намаганням ТБМ, вусная і пісьмовая беларуская мова заканадаўча замацаваная як нематэрыяльная культурная каштоўнасць.

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.