Партыя БНФ » Пад Слонімам ўсталяваны помнік фронтаўцу, які быў сьведкам бальшавісцкіх злачынстваў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пад Слонімам ўсталяваны помнік фронтаўцу, які быў сьведкам бальшавісцкіх злачынстваў

Дададзена 03.11.2017 5:23:15 | 764 праглядаў

У вёсцы Якімавічы Слонімскага раёна сябры Слонімскага грамадскага згуртавання дэмакратычных сіл устанавілі першы надмагільны помнік ахвярам савецкіх партызан падчас Другой сусветнай вайны. Гэта помнік Васілю Струпаўцу – былому жыхару вёскі Якімавічы.

2вУ гады Другой сусветнай вайны сям’ю Васіля Струпаўца закатавалі мясцовыя савецкія партызаны. З усёй сям’і Струпаўцоў жывым застаўся толькі Васіль. У красавіку 1943 года ў хату Струпаўцоў увайшлі камандзір савецкага партызанскага атрада імя Панамарэнкі Іван Зайцаў разам з Бухарэўскім, Азановічам, Багуслаўскім і іншымі “партызанамі”. Зайцаў з кулямёта стрэліў па старэйшым Васілю Струпаўцу і па яго маленькім сыне Васілю. Гаспадар хаты быў забіты адразу, а Васіль паранены ў ногі. А потым каты застрэлілі жонку Васіля, двух сыноў і дачку. Пасля бандыты вынеслі ўсё з хаты і падпалілі яе знутры. Але цяжка паранены хлопчык Васіль Струпавец схаваўся пад печ, а потым патушыў у хаце агонь і выпаўз на вуліцу. Там яго падабралі вяскоўцы і адвезлі ў Слонім у шпіталь. Ён выжыў, але застаўся на ўсё жыццё інвалідам і сведкам злачынства савецкіх партызан брыгады імя Панамарэнкі, якія па-зверску закатавалі ў Якімавічах некалькі дзясяткаў вяскоўцаў.

У 1990-я гады Васіль Струпавец быў сябрам БНФ “Адраджэнне”, ён тады і распавёў праўду пра злачынствы “партызан” у сваёй роднай вёсцы. На могілках у вёсцы Якімавічы Васіль Струпавец пахаваны побач з агульнай магілай бацькі, маці, братоў і сястры, закатаваных бандытамі.

Слонімцы сабралі сродкі і ўстанавілі помнік на яго магіле і крыж. У бліжэйшы час будзе пафарбавана агароджа, упарадкавана тэрыторыя вакол магілы Струпаўцоў. Урачыстае адкрыццё помніка ахвярам савецкіх партызан адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні.

— На адным са сваіх сходаў мы вырашылі ўшанаваць памяць Васіля Струпаўца помнікам на яго магіле ў Якімавічах. Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл сабралі на гэтую справу, дапамагла таксама партыя БНФ, калі заказвалі помнік, — расказаў карэспандэнту “Газэты Слонімскай” пра ініцыятыву з помнікам мясцовы актывіст Віктар Марчык і дадаў, што ў бліжэйшы час яны плануюць навесці парадак і пафарбаваць агароджу на магіле родных Васіля Струпаўца, якіх расстралялі ў вайну лясныя бандыты.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.