Суд спыніў справу супраць лідскага актывіста Партыі БНФ Валерыя МінцаДададзена 04.11.2017 12:30:59 | 349 праглядаў Лідзкага актывіста Партыі БНФ Валерыя Мінца вінавацілі паводле міліцэйскага пратаколу ў закліках да несанкцыянаванай акцыі 8 верасьня ў Менску. 5 верасьня на сайце Беларускага нацыянальнага кангрэсу зьявілася інтэрвію з Валерам Мінцом, пазьней яго словы былі працытаваныя сайтам «Хартыя-97». Паводле Мінца, міліцыянты ў судзе настойвалі на тым, што Мінец сам напісаў і разьмясьціў артыкул на «Хартыі-97» з заклікам да несанкцыянаванай акцыі 8 верасьня. «Мушу аддаць належнае міліцыянтам у тым, што яны больш нічога на судзе не выдумвалі, а сказалі толькі гэта і прызналі, што іншых доказаў у іх няма. Я ў сваё апраўданьне патлумачыў суду, што артыкула не пісаў, ніякага дачыненьня да сайту „Хартыя-97“ ня маю, а таму тэхнічна ня мог разьмясьціць там артыкул». Мінец сказаў Свабодзе, што размаўляў з карэспандэнтам «Хартыі» праз тэлефон. Яму задавалі пытаньні, зьвязаныя з эканамічнай сытуацыяй у краіне, пра стаўленьне да вайсковых вучэньняў «Захад-2017», а ўсё астатняе — гэта былі думкі аўтара. «Я прызнаў, што ў артыкуле ёсьць мае словы, але заявіў суду, што ня маю дачыненьня да меркаваньня аўтара, якое мне прыпісваюць. На дзіва, суд прыняў мае довады і палічыў, што мая віна не даказаная. Канечне, мне было вельмі прыемна, што справа ў судзе скончылася справядлівым рашэньнем. Па праўдзе, я ехаў на суд зь цёплай вопраткай і спадзяваўся на арышт, бо такое ўжо было зь Някляевым. Аказваецца, і ў нас справядлівыя рашэньні ў судах магчымыя». Валер Мінец у судзе На суд у Лідзе каб падтрымаць фронтаўца з’ехаліся актывіста з Гарадзеншчыны і з Менску, у тым ліку намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Справа Валерыя Мінца нагадвала справу Ўладзімера Някляева, якога 1 лістапада асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту таксама нібыта за заклік да несанкцыянаванай акцыі. За інтэрвію тэлеканалу «Белсат» Някляева абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паводле якога заклік да несанкцыянаванай акцыі забаронены. Пры гэтым, як адзначаюць праваабаронцы, адказнасьць за гэтыя дзеяньні ў КаАП яшчэ не прадугледжаная, адпаведныя зьмены толькі рыхтуюцца заканадаўцам. Паводле Радыё Свабода |
|
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|