Партыя БНФ » У Менску прайшло традыцыйнае шэсьце на Дзяды
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Менску прайшло традыцыйнае шэсьце на Дзяды

Дададзена 06.11.2017 2:21:35 | 189 праглядаў

Апоўдні 5 лістапада ў Менску ад гадзіннікавага завода і парка Чалюскінцаў пачалося дазволенае ўладамі шэсце на Дзяды. Калона з некалькіх соцень чалавек, “абрастаючы” ўдзельнікамі, кіруецца ў напрамку Курапатаў, дзе адбыўся мітынг.

Сярод удзельнікаў былі ветэран нацыянальна-вызваленчага руху Ніна Багінская, мастак Аляксей Марачкін, палітолаг Андрэй Ляховіч, выдавец Алесь Мазанік, літаратар Канстанцін Касяк, кіраўніцтва Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, Партыі БНФ, Хрысціянскай дэмакратыі.

У шэсьці ўзялі ўдзел як шараговыя сябры Партыі БНФ, так і кіраўніцтва партыі – сябры Сойму, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік Мінскай раённай арганізацыі партыі Ільля Дабратвор.

Анлайн-трансляцыю з акцыі вяла Беларуская служба Радыё Свабода.

На акцыю сабраліся людзі розных узростаў. Тыя, хто памятае тысячныя шэсці 90-х, і маладыя, што ўпершыню памінаюць дзядоў.

Кажа даўняя ўдзельніца шэсцяў на Дзяды, сябра Партыі БНФ Дыяна Мікульская:

– Я за тое, за што мы хадзілі яшчэ пры Пазьняку, гэта тое, за што паўсці буду, але пайду. Канешне ў тыя часы, калі было шмат людзей, калі стаялі каля Перамогі і бачылі калону з Плошчы Незалежнасці. Такія былі калоны, такія былі сцягі, так было прыгожа, так было ўзнёсла. Канешне сумная дата, але быў нейкі такі ўздым, хацелася і верылася ў тое, што вось трошкі і пераможам. Хадзіла і хадзіць буду пакуль жывая. Гэта святое – 25 сакавіка і Дзяды.

Кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

– Былі часы, калі на Дзяды хадзілі двума калонамі, але мы лічым, што гэта недарэчна. Кансерватыўна-хрысціянская партыя падае заяўку, выступае асноўным арганізатарам, але мы заўсёды далучаемся і далучыліся ў гэты раз. Напрацягу гадоў сэнс Дзядоў не змяняецца і асноўны пасыл, што трэба памятаць сваю гісторыю, сваіх герояў, сваіх загінулых і закатанаваных дзеля таго, каб не дазволіць гэтаму паўтарыцца, дзеля таго, каб нацыя жыла.

Кажа кінарэжысёр і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык:

– Прынесла плакаты, расцяжкі, якія пісала паўночы: „Ленин жив, Ленин спит, Ленин спид”, яшчэ ёсць „Серп і молат на плоце – смерць і голад у хаце”. Яшчэ мы нясем „Прывід камунізма – квартырант у Драздах”, „Камуністы назад”. У нас яшчэ 9-метровы сцяг бел-чырвона-белы. Менчукі выходзьце – гэта шэсце ў Курапаты – месца, дзе камуністы паклалі каля 1 млн 600 тыс бязвінных беларусаў. Гэты крык павіс над Беларуссю – трэба выйсці! 

Кажа удзельнік шэсця Глаголеў-Васьковіч:

– У 1937 годзе з 29 на 30 кастрычніка пачалося вынішчэнне нацыянальнай эліты Беларусі. Былі знішчаны пісьменнікі і паэты – 122 чалавека за ноч. Людзі беларускай душы, беларускай мовы, беларускай мары пра незалежнасць і сваю дзяржаву. Курапаты – гэта знак беларускага народа, быць бітым і бясконца „наступаць на граблі”.

Кажа ўдзельнік шэсця Юрась Палейка:

– Я заўсёды хаджу недзе з 90-х. Па-першае, гэта памінанне, а таксама часткова пратэст. Варта, каб людзі не забывалі свае нацыянальныя святы, свае нацыянальныя сімвалы.

Шэсце ў Курапаты арганізоўвае Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Яно было дазволенае Мінгарвыканкамам. За парадкам на дэманстрацыі сачылі каля 50 міліцыянтаў, над праспектам лётаў міліцэйскі дрон.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

і газэты “Наша Ніва”

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.