Партыя БНФ » Ігар Казьмерчак: Аршанскія ўлады паабяцалі правесьці дасьледаваньні ў мясьцінах масавых сталінскіх расстрэлаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ігар Казьмерчак: Аршанскія ўлады паабяцалі правесьці дасьледаваньні ў мясьцінах масавых сталінскіх расстрэлаў

Дададзена 10.11.2017 6:30:20 | 330 праглядаў

Абяцаньне дасьледаваць мясцовасьць ва ўрочышчы Кабыляцкая гара — афіцыйна прызнаным месцы расстрэлаў — ёсьць у пісьмовым адказе мясцовым актывістам, якія выказалі пратэст супраць будаўніцтва дарогі «на трупах».

Ліст з Аршанскага райвыканкаму працытаваў старшыня мясцовага грамадзкага абʼяднаньня «Зьвяз», сябра Сойму БНФ Ігар Казьмярчак:

«Мы зьвярнуліся да ўладаў падчас грамадзкага абмеркаваньня пляну забудовы гораду. Бо высьветлілася, што аддзел архітэктуры мае намер пракласьці дзьве новыя аўтадарогі. І абедзьве яны заплянаваныя празь мясьціны сталінскіх рэпрэсіяў — ва ўрочышчы Кабыляцкая гара і ў так званым Харкаўскім лесе, на ўскраіне Воршы ў бок вёскі Панізоўе, дзе ляжаць не ўшанаваныя дагэтуль ахвяры сталінізму. У адказе, які мы атрымалі, сказана: «Дасьледаваньне месцаў ва ўрочышчы Кабыляцкая гара і каля вёскі Панізоўе будзе ажыцьцяўляцца перад пачаткам будаўнічых работ, па якім будуць рабіцца высновы».

Ігар Казьмярчак лічыць вельмі важным, што нарэшце ўдалося зьвярнуць увагу ўладаў на месца масавых расстрэлаў у Харкаўскім лесе. Яно ніколі не дасьледавалася, хоць мясцовыя жыхары шмат распавядаюць пра тамтэйшыя расстрэлы ў 1930-я гады.

Нехта пазначыў верагоднае месца пахааньня ў Харкаўскім лесе (архіўнае фота)

Нехта пазначыў верагоднае месца пахаваньня ў Харкаўскім лесе (архіўнае фота)

Варта дасьледаваць і масавыя пахаваньні на Кабыляцкай гары, якая яшчэ ў 1982 годзе была афіцыйна прызнаная месцам расстрэлаў ахвяраў сталінізму. Чалавечыя парэшткі ў агульных магілах тады пачалі знаходзіць падчас будаўніцтва чыгункі, але грунтоўных раскопак там ніколі не было. У 1980-я ва ўрочышчы быў пастаўлены помнік-камень на загад уладаў, але апошнія з часам забыліся пра гэтае месца. Цяпер тут паўстаў стыхійны народны мэмарыял, якім апякуюцца аршанскія актывісты, а на Дзяды сюды прыходзяць сваякі расстраляных.

Паводле Радыё Свабода

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.