Партыя БНФ » Вынікі лістападаўскага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі лістападаўскага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 13.11.2017 1:48:03 | 877 праглядаў

11 лістапада адбылося першае пасяджэньне Сойму Партыі БНФ новага скліканьня, які быў абраны 30 верасьня на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”). Былі разгледжаныя пытаньні аб палітычнай сытуацыі і аб падрыхтоўцы да маючых адбыцца 18 лютага наступнага года выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў XХVIII скліканьня. Сойм зацьвердзіў склад Управы, прызначыў адказнага сакратара Управы і кіраўнікоў камісіяў Сойму, а таксама вырашыў іншыя арганізацыйныя пытаньні.

сойм бнфНапачатку пасяджэння старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў сябрам Сойму, што ўсе дакументы, якія згодна з законамі “Аб палітычных партыях” і “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” мусяць быць прадстаўленыя ў рэгіструючы орган па выніках пасяджэньня вышэйшага органа аб’яднаньня, былі прадстаўленыя ў Міністэрства юстыцыі ў дзесяцідзённы тэрмін ад даты зьезду партыі і грамадзкага аб’яднаньня. Рыгорам Кастусёвым атрыманыя аформленыя Міністэрствам юстыцыі пасьведчаньні старшыні Партыі БНФ і старшыні Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Насуперак патрабаваньням арганізацыі, пасьведчаньні кіраўніка былі аформленыя Міністэрствам юстыцыі  на рускай мове, што выклікае справядлівую незадаволенасьць і стане прадметам дадатковых дзеяньняў з боку БНФ дзеля забесьпячэньня гарантаванага Канстытуцыяй дзяржаўнага статусу беларускай мовы.

У першым пытаньні парадаку дня “Аб палітычнай сытуацыі” выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Прамова лідэра БНФ мела характар праграмнага выступу, у якім былі акрэсленыя пазыцыі, якімі ў сёняшняй паліытчнай сытуацыі будзе кіравацца лідэр партыі. Рыгор Кастусёў распавёў сябрам Сойму пра сваё бачаньне задачаў партыі на бліжэйшыя тры гады. Ён адзначыў, што на сёняшні дзень Партыя БНФ з’яўляецца адзінай палітычнай сілай, якая кіруецца ў сваёй дзейнасьці прыярытэтам абароны нацыянальных інтарэсаў беларускага народа. “У сёняшняй палітычнай сытуацыі менавіта праграма БНФ з’яўляецца сыстэмнай і ўсеабдымнай альтэрнатывай таму праекту, які спрабуе навязаць Беларусі гэтак званы “рускі мір” – заявіў Рыгор Кастусёў.  Выхад з постсавецкіх інтэграцыйных структураў, якія пераўтвараюцца цяпер ў інструмэнт аднаўленьня імпэрыі, абсталяваньне надзейна кантраляванай  мяжы з Расеяй, наладжваньне супрацы Беларусі з рэгіянальнымі суседзямі па Міжмор’ю, наданьне рэальнай моцы тым гарантыям бясьпекі Беларусі, якія былі аформленыя ў Будапэшцкім мэмарандуме, пераадоленьне негатыўнай спадчыны камуністычнага панаваньня – вось тыя імператывы, якімі кіруецца Партыя БНФ у арганізацыі супрацоўніцтва з іншымі палітычнымі сіламі як ўнутры Беларусі, так і на міжнароднай арэне.

Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што для яго прынцыпова важным дакументам, які можа быць падставай для супрацоўніцтва з іншымі беларускімі партыямі і аб’яднаньнямі, з’яўляецца Віленскі мэмарандум старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі “Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі” ад 3-га лістапада 2012 г. З гэтай нагоды лідэр БНФ заклікаў усе дэмакратычныя сілы аб’яднацца ў справе арганізацыі адзначэньня стагоддзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, у тым ліку каб сьвяткаваньне гэтага гістарычнага юбілею адбылося і на дзяржаўным узроўні, што ставіць за мэту супольны аргкамітэт па адзначэньні стагоддзя БНР.

Рыгор Кастусёў заявіў, што Партыя БНФ ладзіць супрацу з іншымі палітычнымі сіламі на аснове прынцыпаў Віленскага мэмарандуму, і разглядае як магчымую супрацу толькі з тымі суб’ектамі, якія не прымаюць палітыку Крамля ў дачыненьні да беларускай дзяржаўнасьці. Лідэр БНФ заклікаў усе палітычныясілы краіны і грамадзтва гуртавацца на антыімперскай, незалежніцкай платформе, увасобленай у праграме Беларускага Народнага Фронту.

У справе кааліцыйнага будаўніцтва Партыя БНФ стаіць на пазыцыях захаваньня ўласнай самастойнасьці, разглядаючы сваім бліжэйшым партнэрам Рух “За Свабоду”. Пэўны крызыс даверу, зьвязаны з удзелам гэтай арганізацыі ў гэтак званай “правацэнтрысцкай кааліцыі” не павінны быць перашкодай для супрацы арганізацыяў, арыентаваных на ўмацаваньне незалежнасьці Беларусі. Нягледзячы на першасную арыентацыю партыі на супрацоўніцтва Беларусі з суседзямі па рэгіёне Міжмор’я і ўмацаваньне трансатлянтычнай салідарнасьці, у той час як Рух “За Свабоду” у першую чаргу акцэнтуе ўвагу на інтэграцыі краіны з Эўразьвязам, агульная праэўрапэйская і незалежніцкая арыентацыя партыі і Руху стварае трывалы падмурак для супрацы. Старшыня Партыі БНФ выказаў спадзеў, што і ў бліжэйшых палітычных кампаніях, прымеркаваных да мясцовых выбараў 2018 года, парлямэнцкіх выбараў 2020 года, выбараў прэзыдэнта (якія могуць распачацца ўжо ў 2019 годзе), нашыя арганізацыі будуць цесна супрацоўнічаць у канкрэтнай дзейнасьці.

Рыгор Кастусёў пацьвердзіў нязьменнасьць курсу Партыі БНФ на супрацоўніцтва з шырокім колам арганізацыяў дэмакратычнай апазыцыі ў межах супольнай кампаніі  “Права выбару” дзеля назіраньня за выбарамі.

У дыскусіі па бліжэйшых задачах партыі выступілі сябры Сойму Партыі БНФ Васіль Раманаў, Віталь Макаранка, Вітольд Ашурак, Павал Батуеў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, кіраўнік Мінскай раённай арганізацыі БНФ Ільля Дабратвор.

Рашэньнем Сойму Партыі БНФ кіраўніцтву партыі і яе выканаўчым органам даручана распрацаваць, абмеркаваць з арганізацыйнымі структурамі партыі і прадставіць на зацьвярджэньне Сойму плян партыйнай працы на пэрыяд 2018-2020гг. Кіраўніку партыі прапанавана выступіць з праграмным зваротам да грамадзтва на падставе гэтага пляну.

Сойм Партыі БНФ на прапанову старшыні Партыі сфармаваў выканаўчы орган партыі – Управу Сойму Партыі БНФ, а таксама камісіі Сойму.

У склад Управы Сойму па прадстаўленьні старшыні партыі увайшлі:

Рыгор Кастусёў – старшыня Партыі БНФ, кіраўнік палітычнай камісіі;

Зьміцер Салошкін – намесьнік старшыні партыі, адказны сакратар Управы;

Аляксей Янукевіч – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік камісіі партыйнага навучаньня (адукацыйная камісія);

Вадзім Саранчукоў – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ;

Юрась Лукашэвіч – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік маладзёвай камісіі (Моладзь БНФ);

Аляксандр Стральцоў – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік міжнароднай камісіі;

Вольга Лагвіновіч – сябра Сойму, кіраўнік жаночай камісіі;

Юрый Чавусаў – сябра Сойму, кіраўнік праўна-аналітычнай камісіі;

Паліна Касьпяровіч – сябра Сойму, сакратар Управы;

Кацярына Шуст – сябра Сойму, сакратар Управы;

Вальжына Шутава – сябра Сойму, сакратар Управы;

Андрэй Саротнік – сябра Сойму, сакратар Управы;

прэсавы сакратар (па яго прызначэньні);

кіраўнікі абласных арганізацыйных структураў Партыі БНФ (не ўлічваюцца пры вызначэньні кворума на пасяджэньнях Управы);

ва Ўправу Сойму Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” уключаны кіраўнік культурніцкай камісіі, якім быў абраны Аляксей Марачкін.

У трэцім пытаньні парадку дня Сойм заслухаў даклад намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча аб падрыхтоўцы да мясцовых выбараў. Сп. Янукевіч зазначыў, што выбары дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў павінныя адбыцца не пазьней за 20 лютага 2018 года, а найбольш верагоднай датай выбараў з’яўляецца 18 лютага 2018 году. Указ пра прызначэньне выбараў будзе падпісаны, як чакаецца, ужо ў бліжэйшыя дні. Дакладчык нагадаў, што арганізацыйным структурам партыі быў дасланы прыкладны каляндар кампаніі, у якім адзначаныя ключавыя даты правядзеньня неабходных партыйных мерапрыемстваў, а таксама нагадаў пра неабходнасьць данясеньня гэтай інфармацыі да патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты розных узроўняў. Аляксей Янукевіч зьвярнуў увагу, што на вылучэньне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі пасьля прызначэньня выбараў будзе ўсяго некалькі дзён, таму важна будзе аператыўна і ў тэрмін правесьці неабходныя пасяджэньні тэрытарыяльных радаў Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”, каб вылучэньне прадстаўнікоў БНФ у тэрытарыяльныя камісіі адбылося належным чынам і было адпаведна аформленае.

Аляксей Янукевіч адзначыў, што прыкметаў зьмяненьня ўмоваў выбарчага працэсу ў Беларусі не назіраецца, у тым ліку, насупарак шматлікім заявам старшыні ЦВК, у заканадаўства не ўнесеныя зьмены, якія б рэалізавалі рэкамэндацыі назіральнікаў АБСЭ па дэмакратызацыі выбарчага працэсу. У сувязі з гэтым ёсьць падставы меркаваць, што выбары адбудуцца ў звыклым рэжыме поўнага кантроля выканаўчай улады за выбарчым працэсам, што выключае правядзеньне выбараў у сапраўды свабодным рэжыме. “Гібрыдная лібералізацыя”, якая цяпер назіраецца ў некаторых дзеяньнях уладаў, не мае на ўвазе пераход да сапраўды шчырага і справядлівага падліку галасоў, так што калі ў мясцовыя саветы і патрапяць некаторыя з прадстаўнікоў апазыцыі, то гэта будзе вынікам маніпуляцыяў уладаў, а не вынікам волевыяўленьня грамадзянаў. “Грамадзтва разумее сутнасьць гэтых выбараў, разумеюць іх сутнасьць і актывісты нашай партыі, так што энтузыязму ў справе вылучэньня кандыдатаў у нашых аргструктурах няма” – сказаў Аляксей Янукевіч. Ён адзначыў, што не выключае уключэньне асобных дэмакратычных кандыдатаў у склад саветаў, але толькі кропкава, на базавым узроўні мясцовага самакіраваньня і не ў ключавыя саветы буйных гарадоў.

Акрэсліваючы задачы партыі у межах палітычнай кампаніі, прымеркаванай да мясцовых выбараў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначыў, што БНФ мае на мэце папулярызацыю сваёй праграмы як альтэрнатывы сёняшняй уладзе. Такім чынам, стаіць задача здабыцьця падтрымкі людзей, а не задача здабыцьця мандадаў. “Хто будзе рабіць моцную кампанію, хто будзе здольны прадставіць каштоўнасную альтэрнатыву, скарыстаўшыся выбарчай трыбунай – той можа здабыць прыхільнасьць выбаршчыкаў, але гэта зусім не гарантуе атрыманьне мандату дэпутата” – сказаў Аляксей Янукевіч. Пры гэтым дакладчык зазначыў важнасьць спалучэньня агульнанацыянальнага парадку дня партыі з мясцовымі праблемамі: “Кандыдату мусяць грунтавацца на фронтаўскай нацыянальна-дэмакратычнай плятформе, але таксама выкарыстоўваць яе для выкрыцьця праблемаў на лякальным узроўні, у тым ліку ў частцы карупцыйных схемаў мясцовых уладаў, незаконнага будаўніцтва, злоўжываньнях пры плянаванні развіцьця мясцовых тэрыторыяў, ігнараваньня думкі мясцовага насельніцтва пры вырубке зялёных насаджэньняў і гэтак далей”.

Аляксей Янукевіч адзначыў, што на дадзены момант партыя арыентуецца на вылучэньне блізу 40 кандыдатаў у дэпутаты, пры гэтым сьпісы патэнцыйных кандыдатаў ад мясцовых тэрытарыяльных арганізацыяў працягваць папаўняцца.

У дыскусіі па абмеркаваньні стратэгічных і тактычных задачаў партыі ў часе выбарчай кампаніі выступілі сябры Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла, Кастусь Смолікаў, Вадзім Болбас, Павал Батуеў, Васіль Раманаў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, старшыня Мінскай раённай арганізацыі БНФ Ільля Дабратвор, сябра Партыі БНФ з Ліды Валер Мінец.

Сойм Партыі БНФ даручыў кіраўнікам арганізацыйных структур партыі завершыць працу па складаньні сьпісаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў.

У арганізацыйным пытаньні парадку дня выступіў сябра Сойму Партыі БНФ Юрый Чавусаў, які паведаміў пра неаднаразовыя грубыя парушэньні Статуту Партыі БНФ з боку сябры партыі Мікалая Юшчука, якія выявіліся ў заявах і публікацыях пра стварэньне ўласнай фракцыі ў межах Партыі БНФ, у публікацыях у незалежных СМІ і рэспубліканскай прэсе пра раскол у Партыі БНФ і пра незаконнасьць дзейнасьці вышэйшага і кіруючага органаў Партыі БНФ, у заявах і публікацыях пра тое, што сп. Мікалай Юшчук не падтрымлівае праграму Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” і праграму Партыі БНФ і мае іншую палітычную праграму, а таксама ў публікацыях пра стварэньне сп. Мікалаем Юшчуком іншай партыі – гэтак званы “Великолитвинский народный фронт и республиканский союз демократических сил” з праграмай, адрознай ад праграмы Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ. Таксама сябрам Сойму былі прыведзеныя прыклады заяваў сп. Юшчука, якія наносяць шкоду рэпутацыі Партыі БНФ і ганьбяць годнасьць сябра Партыі БНФ і сябра Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”.

Сп. Юшчукк была дадзеная магчымасьць зьвярнуцца да сябраў Сойму. У сваім выступе сп. Юшчук, не адмаўляючы фактаў азначаных заяваў і публікацыяў, пацьвердзіў сваю пазыцыю што да выстаўленых абвінавачаньняў.

Па выніках абмеркаваньня Сойм Партыі БНФ на падставе пункту 3.1. Статута Партыі БНФ прыняў рашэньне выключыць Мікалая Юшчука з шэрагаў сябраў Партыі БНФ. Сойм Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” прыняў рашэньне выключыць Мікалая Юшчука з шэрагаў сябраў Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”.

Картинки по запросу бнр бнф шатэрнікУ “Розным” сябры Сойму заслухалі інфармацыю Рыгора Кастусёва і Аляксея Марачкіна пра працу нацыянальнага камітэту па адзначэньні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Была адзначаная важнасьць таго, каб адзначэньне вялікай даты адбылося годна і на дзяржаўным узроўні. Сябрам Сойму была даведзная інфармацыя пра парцу па пераіменаваньні вуліц у гонар дзеячоў БНР, а таксама пра магчымасьць усталяваньня на доме, дзе была абвешчаная трэцяя ўстаўная грамата БНР, мэмарыяльнай шыльды аўтарства скульптара Шатэрніка, якая захоўваецца цяпер ў сядзібе БНФ і чакае сваяго часу. Старшыня Парыіі БНФ Рыгор Кастусёў заклікаў аргструктуры партыі і ўсіх фронтаўцаў спрыяць ушанаваньнюю даты абвяшчэньня БНР у сваіх мясьцінах, у тым ліку праз ініцыяваньне стварэньня гарадзкіх аргкамітэтаў адзначэньня юбілею.

Сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч паведаміў, што на 25 лістапада пададзеная заяўка на правядзеньне ў Слуцку традыцыйных мітынгу і шэсьця з нагоды чарговых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Заяўку на правядзеньне акцыі падпісалі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і актывісты Партыі БНФ ды Руху “За Свабоду” Павал Батуеў, Юрась Меляшкевіч і Вольга Быкоўская. Адказ ад мясцовых уладаў павінны быць дадзены не пазьней за 20 лістапада.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні наладжваньня працы кіруючага органа партыі новага скліканьня, у тым ліку пытаньні ўзаемадзеяньня Управы з рэгіянальнымі аддзяленьнямі.

???У часе пасяджэньня Сойму ў залі сядзібы быў выстаўлены Кубак Фралова, якія быў атрыманы старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым па выніках спаборніцтваў па стральбе, што былі арганізаваныя “Белгазетай” з нагоды трэцяй гадавіны з дня смерці вайскоўца і палітыка Валерыя Фралова.

 

 

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.