Партыя БНФ » Палітычная заява лідэра Партыі БНФ з нагоды прызначэньня выбараў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Палітычная заява лідэра Партыі БНФ з нагоды прызначэньня выбараў

Дададзена 16.11.2017 12:04:02 | 848 праглядаў

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў XXVIII скліканьня былі прызначаныя на 18 лютага 2018 году. З нагоды старту выбарчай кампаніі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з палітычнай заявай:

Кастусёў 32На сёняшні момант у Беларусі адсутнічае мясцовае самакіраваньне, а мясцовыя саветы дэпутатаў не валодаюць рэальнымі паўнамоцтвамі па вызначэньні дзяржаўнай палітыкі на лякальным узроўні, яны не ў стане ўплываць на жыцьцё мясцовых супольнасьцяў. Гэтак званая “прэзыдэнцкая вертыкаль” цалкам валодае ўсёй паўнатой ўлады на мясцовым узроўні, у тым ліку кантралюе мясцовыя саветы і пакідае за выбарнымі органамі адно толькі нязначныя прадстаўнічыя функцыі.

Насуперак заявам, якія былі зробленыя кіраўніцтвам Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў па выніках выбараў дэпутатаў парлямэнту 2016 года, у выбарчае заканадаўства не былі ўнесеныя зьмены, якія вынікаюць з рэкамэндацыяў місіяў назіраньня за выбарамі БДІПЧ АБСЭ і якія маглі б наблізіць краіну да эўрапэйскіх стандартаў правядзеньня выбараў. У тым ліку захоўваецца цалкам кантраляваны выканаўчай ўладай фармат выбарчага працэсу, з неапраўдана працяглым датэрміновым галасаваньнем, фармаваньнем выбарчых камісій па вытворчай прыкмеце з прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і установаў, непразрыстым падлікам галасоў. У краіне па-ранейшаму не створаны адзіны рэестр выбаршчыкаў, што дае шырокія магчымасьці для маніпуляцыяў і падману. Ёсьць падставы меркаваць, што і гэтыя выбары адбудуцца ў звыклым рэжыме поўнага кантроля выканаўчай улады за выбарчым працэсам.

Пры такіх умовах Партыя БНФ не разглядае абвешчаныя выбары як паўнавартасную кампанію па рэалізацыі грамадзянамі сваяго права на ўдзел у кіраваньні сваёй краінай на мясцовым узроўні. Досьвед мінулых кампаніяў сьведчыць, што калі нехта з дэмакратычных кандыдатаў і будзе “прапушчаны” у мясцовыя саветы, то гэта стане вынікам сваекарысных разлікаў дзеючай улады і не будзе абумоўлена сапраўдным волевыяўленьнем выбаршчыкаў.

Мэтай Партыі БНФ на гэтых ёсьць здабыцьцё падтрымкі людзей, а не атрыманьне  дэпутацкіх мандатаў з ласкі дзеючых ўладаў.

Задача кандыдатаў ад Партыі БНФ палягае ў папулярызацыі ўласнай палітычнай праграмы і сваёй палітычнай пазыцыі як нацыянальна-дэмакратычнай альтэрнатывы аўтарытарнаму кіраваньню. Нашая праграма, сярод іншага, прадугледжвае вяртаньне рэальных паўнамоцтваў мясцовым выбарным органам, у тым ліку ў бюджэтнай сферы. Разам з тым мы заклікаем нашых кандыдатаў да спалучэньня агульнанацыянальнага парадку дня з арыентацыяй на мяцовыя праблемы, якія хвалююць лякальныя супольнасьці на ўзроўні гарадоў, раёнаў і мястэчак. Менавіта ў аўтарытарнай сыстэме, якая не прадугледжвае дэмакратыі ані на нацыянальным, ані на мясцовым узроўні, палягаюць прычыны шматлікіх праблемаў, якія турбуюць людзей: гэта і карупцыя мясцовых чыноўнікаў, свавольства ўладаў і немагчымасьць дамагчыся справядлівасьці ў судах, злоўжываньні ў пытаньнях размяшчэньня новых забудоваў і прадпрыемстваў, сацыяльнай абароны, увядзеньня мясцовых падаткаў і г.д.

У справе кааліцыйнага будаўніцтва Партыя БНФ стаіць на пазыцыях захаваньня ўласнай самастойнасьці, разглядаючы сваім бліжэйшым партнэрам Рух “За Свабоду”, а таксама іншыя партыі і рухі, што стаяць на незалежніцкіх пазыцыях і выступаюць у абарону беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Каштоўнасным падмуркам для супрацы з іншымі палітычнымі сіламі мы разглядаем Віленскі мэмарандум старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады БНР “Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі”. Не ўступаючы ў агульнанацыянальныя кааліцыі, Партыя БНФ будзе вітаць супрацу сваіх кандыдатаў у дэпутаты ў межах агітацыйнай кампаніі з патрыятычнымі арганізацыямі і кандыдатамі на ўзроўні гарадоў і асобных выбарчых акругаў, уключна з пэрспэктывай утварэньня лякальных кааліцыяў дэмакратычных сілаў.

Партыя БНФ разам з іншымі партыямі будзе браць удзел у кампаніі назіраньня “Права Выбару“, якая на сёньня ёсьць найбольш шырокім аб’яднаньнем  дэмакратычных грамадзка-палітычных агранізацыяў вакол яснай рабочай задачы маніторынгу выбарчага працэсу.

Ад Партыі БНФ будуць вылучаныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў усіх узроўняў (абласныя, гарадскія, раённыя, сельскія саветы дэпутатаў) па выбарчых акругах ва ўсіх абласьцях краіны і ў Менску, а таксама прадстаўнікі ў тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя камісі.

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.