Партыя БНФ » Партыя БНФ вылучыла прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыя БНФ вылучыла прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі

Дададзена 22.11.2017 12:12:32 | 271 праглядаў

21 лістапада скончыўся тэрмін вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Усяго па Беларусі будзе ўтворана 1309 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў – абласныя, Мінская гарадская, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя выбарчыя камісіі.

Як паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін, сябры БНФ вылучаліся ў камісіі рознымі шляхамі:

“Збольшага вылучэнне адбывалася ад партыйных структур – абласнымі, гарадскімі і раённым арганізацыямі партыі. У выпадках, калі ў вобласці не хапала партыйных аргструктур – вылучэнне рабілася ад структур грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” (як, напрыклад, у Гарадзенскай вобласці, дзе зарэгістраваная толькі Гарадзенская гарадская арганізацыя Партыі БНФ, а ў рэгістрацыі абласной структуры партыі чыноўнікі неаднаразова адмаўлялі). У некаторых месяцовасцях, за адсутнасцю ў мясцовых суполак БНФ афіцыйнай рэгістрацыі, прадстаўнікі партыі вылучаліся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.

З улікам дэцэнтралізацыі працэсу вылучэння ў тэрытарыяльныя камісіі, які знаходзіцца ў кампэтэнцыі мясцовых аргструктур партыі, пакуль цяжка агучыць дакладную лічбу вылучаных у тэрытарыяльныя камісіі прадстаўнікоў БНФ. Мы вылучылі блізка дзесяці прадстаўнікоў па тых тэрыторыях, дзе плануецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ, альбо дзе на мясцовым узроўні дасягнутая дамоўленасць пра ўзаемадзеянне і падтрымку кандыдатаў ад іншых арганізацыяў. Гэта прыкладна тая ж колькасць, якая была на ранейшых мясцовых выбарах  у 2010 і 2014 гадах” – сказаў Зьміцер Салошкін.

Сябры БНФ вылучаныя ў выбарчыя камісіі ў Мінску, Мінскай вобласці, у Слуцку, Віцебскай вобласці і горадзе Віцебску, у Светлагорску, Гародні, Слоніме, Лідзе, Магілёве.

Цяпер да 24 лістапада мясцовыя органы улады павінныя правесці пасяджэнні і сфармаваць склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. У кожную камсіію уключаецца ад 7 да 13 сябраў камісіі.

“Па ўсёй краіне ўключаюць звычайна максімум аднаго-двух прадстаўнікоў БНФ, прычым незалежна ад агульнай колькасьці, якую мы вылучылі. І наадварот, ад праўладных партый і аб’яднаньняў звычайна ўключаюць амаль ўсіх іх вылучэнцаў. Такім чынам, улады фармальна заяўляюць пра прысутнасць апазыцыі ў камісіях, хоць рэальна большасці нашых вылучэнцаў адмаўляюць. Напрыклад, у 2010 годзе у тэрытарыяльныя камісіі не ўключылі ніводнага нашага прадстаўніка, у 2014 быў уключаны толькі адзін прадстаўнік БНФ. Зараз, магчыма, уключаць двух – і будуць заяўляць пра прагрэс у гэтай справе. Прычына ў тым, што сябра тэрытарыяльнай выбарчай камісіі валодае пэўнымі паўнамоцтвамі па кантролю за працай участковых камсіяў, і, такім чынам, можа выкрыць незаконныя маніпуляцыі, у тым ліку з яўкай выбаршчыкаў. Менавіта так зрабіў, скарыстаўшыся сваім статусам сябры тэрытарыяльнай камісіі, прадстаўнік Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Дарэчы, у гэтым годзе мы таксама вылучылі яго ў Мінскі гарадскі выбаркам” – падкрэсліў намеснік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін.

На наступным этапе выбарчай кампаніі будуць сфармаваныя акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў абласных саветаў, і тэрытарыяльныя камісіі па раёнах Менску, якія выконваюць функцыі акруговых камісіяў у сталіцы. Вылучэнне ў камісіі гэтага ўзроўню павінна адбыцца не пазней за 1 снежня.

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.