Партыя БНФ » Аргкамітэт па адзначэньні стагодзьдзя БНР правёў перамовы ў МЗС Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аргкамітэт па адзначэньні стагодзьдзя БНР правёў перамовы ў МЗС Беларусі

Дададзена 23.11.2017 9:23:43 | 337 праглядаў

22 лістапада прадстаўнікі Грамадзкага аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі сустрэліся з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Яўгенам Шастаковым. З боку грамадзкасьці ў сустрэчы ўзялі ўдзел мастак Мікола Купава і старшыня Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” Рыгор Кастусёў.

763bdf8749d54de55c2298070ec52400Падчас сустрэчы прадстаўнікі Аргкамітэту прапанавалі Міністэрству замежных справаў праграму мерапрыемстваў, якая б дазволіла належным чынам ушанаваць вялікі юбілей беларускай нацыянальнай гісторыі.

Па выніках сустрэчы Рыгор Кастусёў выказаў спадзеў на эфектыўную супрацу дзяржаўнай улады і грамадзкасьці дзеля адзначэньня гэтай важнай даты ў гісторыі Беларусі:

“Вялікая частка нашай размовы датычылася да тых прапановаў, якія наўпрост палягаюць у кампэтэнцыі МЗС. Стагодзьдзе БНР – выдатная нагода для нашага дыпляматычнага ведамства актываваць працу з беларускай дыяспарай, а таксама рэпрэзэнтаваць у замежжы гісторыю беларускай дзяржаўнасьці. Гэта могуць быць выставы, прыёмы, ушанаваньне спадчыны і месцаў пахаваньня дзеячоў БНР, што былі вымушаныя пакінуць родны край. У якасьці палітычнага рашэньня мы прапанавалі МЗС уступіць у камунікацыю з дзеючай Радай БНР і запрасіць яе прэзыдэнта Івонку Сурвілу ў Менск для ўдзелу у юбілейных імпрэзах з нагоды стагодзьдзя БНР. Сам факт гэткага запрашэньня меў бы вялікае сымбалічнае значэньне, але для гэтага, безумоўна, дзяржава павінная афіцыйна адзначыць юбілей БНР” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Удзельнікі сустрэчы заклікалі МЗС таксама аказаць садзенічаньне рэалізацыі існых грамадзкіх ініцыятываў нагоды слаўнага юбілею: лейтматывам сустрэчы была тэза пра неабходнасьць спалучэньня дзяржаўнага і грамадзкага складніка ў юбілейных мерапрыемствах. Дзяржаўнымі музэямі і ўстановамі культуры ўжо заплянаваны шэраг імпрэзаў з нагоды паўстаньня БНР.

“Але станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці не павіннае ўшаноўвацца выключна ў цішы музэяў! Мы прапанавалі ўраду падтрымаць сьвяточныя мерапрыемствы, што заплянаваныя нашым аргкамітэтам, Саюзам Мастакоў, іншымі суполкамі і асобнымі грамадзкімі ініцыятывамі. Я асабіста даў высокую ацэнку высілкам МЗС па ўшанаваньні беларускай спадчыны за мяжой. Але нельга абмяжоўвацца ўсталяваньнем мэмарыяльных шыльдаў у гарадах замежжа, калі у самім Менску вуліцы носяць назвы, зьвязаныя з выключна савецкім пэрыядам разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці, у той час як папярэдні этап, зьвязаны з першым абвяшчэньнем дзяржаўна-палітычнай суб’ектнасьці беларускай нацыі ў выглядзе БНР належным чынам не адзначаны – імёнамі тагачасных дзяржаўных дзеячоў не названыя вуліцы, на будынках, зьвязаных з абвяшчэньнем БНР, не ўсталяваныя мэмарыяльныя шыльды. Я праінфармаваў МЗС пра збор подпісаў пад петыцыяй да мясцовых уладаў аб неабходнасьці размяшчэньня гэткіх шыльдаў, у тым ліку той шыльды, аўтарства скульптара Шатэрніка, якая ўжо шмат год захоўваецца ў сядзібе Партыі БНФ – настаў час заняць ёй сваё месца на будынку, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка” – падкрэсьліў Рыгор Кастусёў.

Агулам падчас сустрэчы бакі абмеркавалі 10 прапанаваных Аргкамітэтам пунктаў магчымых дзеяньняў па адзначэньні стагодзьдзя БНР. Асобна была закранутая неабходнасьць не дапусціць паўтарэньня гвалту і нагнятаньня гістэрыі ў дзяржаўных СМІ, якімі суправаджаўся Дзень Волі  ў гэтым годзе: “Пра ролю 25 сакавіка ў гісторыі беларускай дзяржавы замежнікі павінныя даведвацца не з інфармацыі пра зьбіцьцё людзей на вуліцах. Мы заклікалі ўлады для выключэньня гвалтоўнага сцэнару вырашаць пытаньні арганізацыі масавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25 сакавіка 2018 году, шляхам дыялогу на прынцыпах узаемнай павагі бакоў, плюралізму, гарантыяў правоў і свабодаў грамадзян” – сказаў Рыгор Кастусёў. Палітычнай падставай для гэтага палітык адзначыў прапанову па стварэньні міжведамственага аргкамітэту па адзначэньні юбілею, з удзелам міністэрстваў, грамадзкіх аб’яднаньняў, творчых саюзаў.

“Размова атрымалася даволі канструктыўная, і я мяркую што нашыя прапановы стануць добрым стартам для далейшай працы па падрыхтоўцы да стогадовага юбілею БНР” – падсумаваў вынікі сустрэчы лідэр БНФ Рыгор Кастусёў

Бакі дамовіліся сустрэцца яшчэ раз неўзабаве для дэтальнага абмеркаваньня стаўленьня ўладаў да прапанаванай Аргкамітэтам праграмы юбілейных мерапрыемстваў.

У бліжэйшы час копія зварота, які быў пададзены Аргкамітэтам ў МЗС падчас сустрэчы, будзе перададзены ў дзяржаўныя і незалежныя СМІ.

Прэс-служба Партыі БНФ

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.