Партыя БНФ » Прапановы Рыгора Кастусёва да ўладаў з нагоды стагоддзя БНР
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Прапановы Рыгора Кастусёва да ўладаў з нагоды стагоддзя БНР

Дададзена 28.11.2017 9:59:33 | 357 праглядаў

22 лістапада старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў уладам Беларусі свае прапановы што да ўдзелу дзяржавы ў адзначэньні стагоддзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кастусёў 18Разам з прадстаўнікамі грамадзкага аргкамітэту па адзначэньні стагоддзя БНР сп. Рыгор Кастусёў наведаў Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь і перадаў прапанову намесьніку міністра замежных справаў Яўгену Шастакову. Падчас сустрэчы прадстаўнікі Аргкамітэту прапанавалі Міністэрству замежных справаў праграму мерапрыемстваў, якая б дазволіла належным чынам ушанаваць вялікі юбілей беларускай нацыянальнай гісторыі. Тэкст звароту таксама быў накіраваны ў газэты “Народная Воля” і “СБ. Беларусь сёньня”.

Нэжэй публікуецца тэкст звароту цалкам.

Міністру замежных спраў

Рэспублікі Беларусь

Макею Уладзіміру Уладзіміравічу

220030, г. Мінск, вул. Леніна, 19

Копіі:

галоўнаму рэдактару газеты “Народная воля”

Сярэдзічу Іосіфу Паўлавічу

220030, г. Мінск, вул. Энгельса, 34а

галоўнаму рэдактару газеты “СБ. Беларусь сёньня”

Якубовічу Паўлу Ізотавічу

220013, г. Мінск, вул. Багдана  Хмяльніцкага, 10а

старшыні Грамадскага аб’яднання

БНФ “Адраджэньне”

Кастусёва Рыгора Андрэевіча

220012, г. Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3-48а

 

Адкрыты зварот старшыні Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” да ўладаў Беларусі з нагоды стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі

 

Шаноўныя прадстаўнікі ўладаў Беларусі!

Цягам бліжэйшых некалькіх месяцаў нашая краіна будзе праходзіць праз перыяд адзначэння важных юбілейных дат, звязаных з падзеямі стогадовай даўніны. Гэтыя бурныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя часам суправаджаліся палітычнымі канфліктамі і праліццём людской крыві. Да гэтага часу ані ў асяроддзі гісторыкаў, ані ў грамадстве няма адзінагалоснай згоды адносна ацэнак і значнасці таго, што адбывалася ў 1917-1919 гадах на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Але бясспрэчна,  што менавіта тагачасныя падзеі прадвызначылі з’яўленне беларускай дзяржаўнасці, абумовілі характар беларускага дзяржаўнага будаўніцва, і, у рэшце рэшт, сталіся падмуркам афармлення дзяржаўнага сувэрэнітэту сучаснай Рэспублікі Беларусь.

5—17 снежня 1917 году ў Мінску адбыўся Першы Усебеларускі З’езд, які сабраў амаль 1900 дэлегатаў ад органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх і палітычных арганізацый усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэты сход з’явіўся першым прадстаўнічым органам беларускага народу, які зрабіўся выразнікам палітычнай волі насельніцтва нашага краю. Такім чынам, была заяўленая палітычная суб’ектнасць беларускай нацыі. Рашэннем З’езду была сфармаваная Рада Усебеларускага З’езду. Менавіта гэтая Рада, абвесціўшы сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, ў лютым і сакавіку 1918 года у трох Устаўных Граматах абвесціла Беларусь суверэннай дэмакратычнай дзяржавай, у якой павінны гарантавацца і ахоўвацца ўсе асноўныя правы чалавека і дэмакратычныя свабоды. Гэтыя падзеі сталіся першай яснай заявай пра з’яўленне на сусветнай арэне беларускага народу як самастойнай дзяржаўна-палітычнай супольнасці. У наступныя гады гэтая палітычная супольнасць была ўвасобленая ў інстытуцыях Савецкай Беларусі (школы, унівэрсітэты, Акадэмія Навук, нацыянальныя органы дзяржаўнага кіравання, гаспадарчыя структуры, нацыянальныя ўстановы культуры, грамадскія аб’яднанні і г.д.). У сукупнасці гэты шэраг звязаных і супярэчлівых гістарычных падзей стаў падмуркам, на якім грунтавалася абвяшчэнне ў 1990 годзе Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Не адмаўляючы неадназначнасці магчымых ацэнак тых падзей 1917-1919 гадоў, трэба прызнаць, што ўсе яны разам з’яўляюцца часткай беларускай гісторыі і тымі чыннікамі, якія непарыўна звязаныя з фармаваннем сучаснай беларускай ідэнтычнасці ва ўсёй яе шматграннасці і разнастайнасці. Дыскусіі наконт ацэнак тагачасных падзеяў (шмат у чым абумоўленыя асаблівасцямі сучаснага палітычнага моманту) не павінныя расколваць беларускае грамадства. Наадварот, прызнанне значнасці ўсіх этапаў развіцця беларускай дзяржаўнасці на сучасным гістарычным этапе можа стаць важным кансалідуючым фактарам, які будзе спрыяць еднасці беларускага грамадства, а значыцца, і ўстойлівасці беларускай дзяржаўнасці.

Хачу падкрэсліць, што было б памылкай пакінуць стогадовы юбілей БНР у цішыні музейных заляў і на старонках гістарычных часопісаў: гэтая падзея можа стаць выданай нагодай для грамадскіх дыскусій, для абмеркаванняў у прэсе, а таксама для яснай дэманстрацыі ўладамі Рэспублікі Беларусь трываласці і непарушнасці нашага сучаснага дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Я перакананы, што ўвага да гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці павінная быць асновай беларускага патрыятызму. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінныя ведаць і адчуваць, што з’яўляюцца нашчадкамі непарыўнай дзяржаўнай традыцыі  і што дзяржаўная ўлада Беларусі грунтуецца на векапомных гістарычных падзеях. Абгрунтаванне сучаснай беларускай дзяржаўнасці выключна спадчынай Савецкай Беларусі з’яўляецца нерацыянальным і памылковым падыходам, які шкодзіць устойлівасці сучаснай Рэспублікі Беларусь, не спрыяе еднасці ў грамадстве і наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Наадварот, спасылкі на дасавецкі этап развіцця беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку ўключэнне ў шанаваную на дзяржаўным узроўні спадчыну дзеячоў і падзеяў, звязаных з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, будуць служыць мэтам аб’яднання і кансалідацыі беларускага народа, стануць дадатковым чыннікам устойлівасці беларускай дзяржаўнасці.

З улікам выкладзенага я звяртаюся да Ўраду Беларусі ў асобе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з гэтым адкрытым зваротам, які пакліканы прапанаваць беларускай дзяржаўнай уладзе належным чынам адзначыць стагоддзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі на дзяржаўным узроўні. Змест гэтага звароту грунтуецца на абмеркаванні ўгодкаў абвяшчэння трох Устаўных Грамат Беларускай Народнай Рэспублікі ў асяроддзі БНФ “Адраджэньне” і ў межах супольнага з іншымі арганізацыямі Грамадскага Аргкамітэту па адзначэнні стогадовага юбілею БНР.

Ад імя Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” я заклікаю дзяржаўныя ўлады Беларусі разгледзець наступныя прапановы па адзначэнні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі:

1. Прапаную Міністэрству замежных спраў ініцыяваць прысвячэнне штомесячнага “Адзінага дня інфармавання насельніцва” у сакавіку 2018 года тэме “Вытокі сучаснай беларускай дзяржаўнасці: 1918 год” з даручэннем падрыхтаваць адпаведныя матэрыялы для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп Інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру пры Адміністрацыі Прэзідэнта супольна з Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук і Міністэрствам культуры. Са свайго боку грамадскі аргкамітэт па адзначэнні стагоддзя БНР гатовы прадаставіць канкрэтныя прапановы і звесткі для афармлення азначаных матэрыялаў.

Добрым крокам для належнай рэпрэзэнтацыі беларускай дзяржаўнай гісторыі ў замежжы было б правядзенне паралельна з гэткім “Адзіным днём інфармавання насельніцтва” ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі святочных прыёмаў і выставаў з нагоды стагоддзя абвяшчэння Трэцяй Устаўной Граматы БНР 25 сакавіка 2018 года.

2. Прапаную Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь і дыпламатычным прадстаўніцтвам Беларусі ў замежжы ініцыяваць усталяванне памятных шыльдаў, мемарыльных дошак і іншых малых архітэктурных форм (а пры магчымасці – і прысваення аб’ектам гарадской і транспартнай інфраструктуры назваў з беларускай тэматыкай) у гарадах замежжа, звязаных з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. Сярод іншага, такімі гарадамі з’яўляюцца Каўнас, Вільнюс, Рыга, Талін, Хельсінкі, Прага, Варшава, Санкт-Петэрбург, Лондан, Кіеў ды інш. Пры неабходнасці ГА БНФ “Адраджэньне” і Грамадскі Аргкамітэт гатовыя прадаставіць МЗС даведку-абгрунтаванне гістарычнай значнасці гэтых гарадоў для гісторыі БНР і беларускай дзяржаўнасці ў цэлым.

Мы вітаем тую дзейнасць, якая ўжо робіцца МЗС для мемарыялізацыі ды ўшанавання беларускіх постацяў і падзеяў беларускай гісторыі і культуры ў замежжы. Нельга не адзначыць, што ў такіх гарадах як Вільнюс, вынікі гэтай дзейнасці ёсць навідавоку і яны, безумоўна, спрыяюць прэстыжу і аўтарытэту беларускай дзяржавы. Мы перакананыя, што стагоддзе БНР – добрая нагода дзеля таго каб нарошчваць і пашыраць гэткія высілкі, прымеркаваўшы іх да адзначэння юбілею, што мае выразнае дзяржаўніцкае значэнне.

3. Аднак, немагчыма папулярызаваць беларускую гістарычную спадчыну ў замежжы, адначасова ігнаруючы важныя этапы беларускага дзяржаўнага будаўіцтва ўнутры краіны. На жаль, на цяперашні час у гарадской інфраструктуры і тапаніміцы як Мінску, так і іншых гарадоў Беларусі не адзначаны належным чынам факт абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Наадварот, этап развіцця Савецкай Беларусі адзначаны паўсюдна і празмерна, без увагі на сапраўдную беларускую гісторыю: паўсюль у краіне вуліцы і плошчы носяць імёны дзеячоў і з’яваў савецкага перыяду, якія не  маюць дачынення да беларускай гісторыі, у той час як імёны дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі і сама з’ява БНР належным чынам не ўшанаваныя і, фактычна, замоўчваюцца.

Заклікаю органы дзяржаўнай улады звяртаць пільную увагу на ініцыятыву грамадзян па ўшанаванні памяці пра Беларускую Народную Рэспубліку ў Мінску. Я перакананы, што голас грамадскасці павінны быць пачуты, і шыльды з напамінам пра гісторыю Беларускай Рэспублікі павінныя быць усталяваныя на  будынку былога Мінскага гарадскога тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, вул. Энгельса, 7), дзе быў праведзены Першы Усебеларускі З’езд; на былым Доме губернатара (цяпер Рэспубліканскі музычны каледж, пл. Свабоды, 7), дзе 21 лютага 1918 года Рада Усебеларускага З’езда прыняла першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-персанальную аўтаномію; на доме па вул. Валадарскага, 9, дзе прайшло пасяджэнне Рады БНР 25 сакавіка, на якім была абвешчаная Трэцяя Устаўная грамата БНР, што абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай ды на іншых будынках, звязаных з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. У бліжэйшы час мясцовым уладам і Міністэрству культуры будуць пададзеныя калектыўныя звароты грамадзян аб усталяванні на гэтых ды іншых будынках памятных шыльдаў.

Са сваяго боку адзначу, што некаторыя з гэтых захадаў па ўшанаванні памяці пра БНР не будуць патрабаваць дзяржаўных выдаткаў і могуць быць здзейсненыя за кошт грамадскасці. Напрыклад, ужо шмат гадоў захоўваецца ў сядзібе БНФ “Адраджэнне” памятная дошка, выкананая вядомым беларускім скульптарам Алесем Шатэрнікам яшчэ ў 1990-я гады. Я перакананы, што настаў час ўсталяваць гэтую дошку на будынку, дзеля якога яна была вырабленая, а менавіта на будынку па вул. Валадарскага, 9 у Мінску, у якім была абвешчаная незалежнасць БНР.

4. Заклікаю дзяржаўныя органы аказаць садзейнічанне і дапамогу ў правядзенні ў сакавіку 2018 году ў сталічным Палацы Мастацтва нацыянальнай мастацкай выставы Беларускага саюзу мастакоў, што будзе прымеркаваная да стагоддзя БНР.

5. Прапаную органам мясцовага кіравання і самакіравання Мінску ды іншых гарадоў арганізаваць да 25 сакавіка 2018 году ўпрыгожванне галоўных вуліц сталіцы ды іншых населеных пунктаў тэматычнымі расцяжкамі і транспарантамі, а таксама УП «Агенцтва Мінск-Навіны», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама арганізаваць у СМІ публікацыю тэматычных рубрык і сюжэтаў, прысвечаных стогадоваму юбілею БНР.

6. Таксама падтрымліваю і заклікаю спрыяць рэалізацыі прапановаў і мерапрыемстваў, якія распрацаваныя Грамадскім Аргкамітэтам, а менавіта:

-             Урачыстае пасяджэнне грамадскасці Беларусі ў гонар 100-годдзя Першага Усебеларускага З’езду з выступамі грамадска-палітычных, культурных і дзеячоў Беларусі, сяброў Рады БНР, а таксама з канцэртам майстроў мастацтваў, які прапануецца Грамадскім Аргкамітэтам правесці ў Нацыянальным Акадэмічным тэатры імя Я.Купалы 30 снежня 2017 г.

-          Ускладанне кветак і вянцоў да помнікаў змагарам за незалежнасць Беларусі, вялікім паэтам Беларусі: Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу,  Алаізе Пашкевіч, генералу Цыпрыяну Кандратовічу, Івану і Антону Луцкевічам, Вацлаву Іваноўскаму, Вацлаву Ластоўскаму, Уладзіславу Ігнатоўскаму, Палуце Бадуновай, Антону Сокал-Кутылоўскаму. Прапаную Міністэрству замежных спраў праз дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі далучыцца да ўскладання кветак да магіл прэзідэнтаў БНР у Празе на Альшанскіх могілках, у Нью-Йорку, у Парыжы на Пэр-Лашэз, да магілы Зоські Верас на Панарскіх могілках у Вільнюсе 22-24 сакавіка 2018 году.

-          Урачыстае паседжанне грамадскасці, прысвечанае 100-гадоваму юбілею БНР, з правядзеннем святочнага канцэрту, якія Грамадскі Аргкамітэт прапануе правесці ў Дзяржаўнай філармоніі Беларусі 25 сакавіка 2018 г.

7. Прапаную дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі належным чынам асвятляць гэтыя падзеі ды іншыя звязаныя з гісторыяй БНР  і яе юбілеем мерапрыемствы, а таксама зладзіць на старонках дзяржаўных газет і часопісаў, у эфіры дзяржаўнага радыё і тэлебачання дыскусіі ды круглыя сталы з нагоды гістарычнай даты стагоддзя БНР. Сярод іншага, заклікаю дзяржаўныя СМІ звярнуць асаблівую ўвагу на інфармаванне чытачоў пра запланаваныя на 2018 год музейнымі ўстановамі краіны мерапрыемствы: падрыхтоўку Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры перасоўнай літаратурна-дакументальнай выставы “1918 у літаратуры і друку“; размяшчэнне ў Нацыянальным гістарычным музэі экспазыцыі “1918: лёс беларускай дзяржаўнасці“, а таксама пра арганізацыю запланаваных у філіяле “Музей гісторыі беларускага кіно” тэматычных кінапаказаў дакументальных і мастацкіх стужак “БНР: Час провозглашения” (1993), “Аркадий Смолич” (1992) ды інш.

8. Прапаную Міністэрству замежных спраў засведчыць прызнанне гістарычнага значэння абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі наладжванем дыялогу з дзеючай Радай БНР. Лічу мэтазгодным дзеля гэтай мэты афіцыйна запрасіць у Беларусь старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу  для ўдзелу ў мерапрыемствах адзначэння стагоддзя БНР.

9. Занепакоенасць выклікае сумны досвед падзеяў 25 сакавіка 2017 года, калі замест адзначэння гадавіны незалежнасці БНР вуліцы Мінска пераўтварыліся ў арэну для міліцэйскага гвалту і нематываваных арыштаў мірных грамадзян. Вельмі сумную ролю ў гэтым адыгралі дзяржаўныя СМІ, якія (як цяпер відавочна і ўсім бачна – беспадстаўна) заяўлялі пра падрыхтоўку ў Беларусі перавароту. Той дзень нанес вялікую шкоду іміджу беларускай дзяржавы як у вачах сусветнай грамадскасці, так і ў вачах белаускіх грамадзян. Дзень заснавання беларускай дзяржаўнасці не павінны атаесамляцца з гвалтам, рознагалоссямі, не павінны наносіць іміджавыя страты нашай краіне. Я заклікаю дзяржаўныя органы не дапусціць паўтарэння сілавога сцэнару ў 2018 годзе, у дзень значнага для беларускай дзяржаўнасці юбілею. Для выключэння падобных негатыўных выпадкаў заклікаю вырашаць пытанні арганізацыі масавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25 сакавіка 2018 году, шляхам дыялогу на прынцыпах узаемнай павагі бакоў, плюралізму, гарантыяў правоў і свабодаў грамадзян.

10. У мэтах рэалізацыі выкладзеных вышэй прапановаў і выпрацоўкі іншых захадаў лічу мэтазгодным стварыць рэспубліканскі аргкамітэт па адзначэнні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, прапанаваўшы ўвайсці ў яго склад прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, профільных міністэрстваў (Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства унутраных спраў ды інш.), палат Парламенту, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў гісторыка-культурнай скіраванасці, а таксама дзеючай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прашу Міністэрства замежных спраў прыняць пад увагу гэтыя прапановы і ў межах сваёй кампетэнцыі рэалізаваць іх, а таксама аказаць садзейнічанне іх увасабленню ў жыццё іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі.

З павагай

Старшыня Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”  ___________ Р.А.Кастусёў

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.