Партыя БНФ » Размова з Іллём Дабратворам на сайце “Беларускі партызан”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Размова з Іллём Дабратворам на сайце “Беларускі партызан”

Дададзена 07.12.2017 12:06:22 | 232 праглядаў
Колькі грошаў трэба, каб стаць дэпутатам мясцовага савета? Навошта ў Калодзішчах яшчэ адзін дзіцячы садок? Чаму некаторыя палітыкі забываюць ўнесці ў дэкларацыю аб даходах звесткі аб прададзеным аўтамабілі? Пра гэта і не толькі “Беларускі партызан” гаварыў з індывідуальным прадпрымальнікам, бацькам пяцёх дзяцей, сябрам Партыі БНФ Іллём Дабратворам.

Дабратвор 2017- Ілля, вы адразу пасля парламенцкай кампаніі абвясцілі, што пачынаеце рыхтавацца да выбараў у мясцовыя саветы. Раскажыце, навошта вы ідзяце на выбары? Многія лічаць, што мясцовыя саветы – гэта не прэстыжна, ніякай асаблівай ролі не адыгрываюць, паўнамоцтваў у іх – мізэр …

- У прынцыпе, калі б у нас была сістэма еўрапейскай палітычнай школы, то ўсё было б па-іншаму. Мясцовыя саветы – гэта была б першая абавязковая прыступка, праз якую праходзілі б усе палітычныя актывісты, лідэры апазіцыі і нават будучыя лідэры нацыі.

У Еўропе да гэтага ставяцца менавіта так. А ў нас, на вялікі жаль, мясцовыя саветы носяць, хутчэй, дэкаратыўны характар. Лідзія Ярмошына прапаноўвала адмяніць сельскія саветы дэпутатаў. А я лічу, што яны неабходныя. Трэба проста вярнуць ўладу саветам!

- Вы будзеце балатавацца ў Мінскі абласны, Мінскі раённы і Калодзішчанскай сельскі савет. З чым вы ідзяце да выбаршчыкаў?

- Буду казаць, перш за ўсё, пра тое, што мясцовыя саветы павінныя кантраляваць фінансы, якія вылучаюцца на рэгіён. Калі казаць канкрэтна пра Калодзішчы, дзе я жыву, то гэта рэгіён, які з’яўляецца донарам – мы больш аддаем у бюджэт, чым атрымліваем адтуль. І калі б рэгіёны жылі на тыя сродкі, якія зарабляюць, то Калодзішчы проста расцвілі б. Усе сродкі ішлі б на вырашэнне мясцовых праблем, на развіццё інфраструктуры. Але, на жаль, у нас іншая сістэма, і што трэба Калодзішчам, вырашаюць дзе заўгодна, але толькі не ў саміх Калодзішчах.

Наогул, Калодзішчы вельмі актыўныя ў палітычным сэнсе. Тут зарэгістраваная Мінская раённая арганізацыя “Справядлівага свету”, у Калодзішчах ёсць прадстаўнікі абсалютна ўсіх палітычных партый.

Калодзішчы – гэта Беларусь у мініяцюры. І тут даволі вялікая актыўнасць і нават канкурэнцыя нават на мясцовых выбарах! Напрыклад, на пазамінулых выбарах у сельскі савет было 7 кандыдатаў на месца, уяўляеце? У некаторыя сельсаветы не могуць знайсці аднаго кандыдата, а тут адразу сем! На абласны ўзровень у нас ідзе дзесьці тры кандыдата, раённы – пяць.

- Не сакрэт, што ўлада зразае моцных дэмакратычных кандыдатаў на этапе рэгістрацыі. Напрыклад, няправільна запоўненая дэкларацыя, не ўвесь даход паказаны …

 - Я аналізаваў парламенцкую кампанію, уважліва вывучаў гісторыі кандыдатаў, якіх не зарэгістравалі. Напрыклад, хтосьці не ўнёс у дэкларацыю маёмасць, каштоўныя паперы, продаж машыны. Казалі, што гэта прыдзіркі, але калі разабрацца, то не такія ўжо і прыдзіркі на самай справе. Мне здаецца, што з-за адсутнасці рэальных выбараў многія проста задаволены фармальна, я сказаў бы нават, нядбайна ставяцца да афармлення неабходных папераў. 

Сапраўды, былі часы, калі кандыдата здымалі з рэгістрацыі за не пазначаную адну капейку, але зараз ёсць 20 адсоткаў, на якія ты можаш памыліцца. Груба кажучы, калі ў цябе даход 10 мільёнаў у год, то пра 2 мільёны ты цалкам можаш забыцца.

Але нейкія даўнія рэчы могуць ўсплыць – напрыклад, у 90-х гадах мінулага стагоддзя прадаў нейкі прычэп, ня перарабіў, вось ён і з’явіўся ў самы не зручны момант … 

Калі ты сапраўды сур’ёзна рыхтуешся да выбараў, то нішто не перашкаджае табе за пару месяцаў да выбараў зрабіць запыты ў ДАІ, у кадастравае агенцтва – узяць адпаведныя выпіскі і даведкі.

Я шмат гадоў ўдзельнічаю ў выбарах і разумею, што цяпер стала крыху прасцей у плане запаўнення дэкларацый – асабліва гэта тычыцца тых, хто рэгулярна ўдзельнічае ў выбарах.

- Я так разумею, што вы грунтоўна рыхтуецеся …

- Так. Адзінае пытанне пакуль – дэкларацыю за які год неабходна будзе падаваць – 2017 ці 2016. Для мяне як для кандыдата было б лепш, калі б 2016 – у мяне за той перыяд даход на 200 мільёнаў старымі грашыма больш быў. 

- Яшчэ адна частая прычына адмовы ў рэгістрацыі – фальшывыя подпісы. Як тут падстрахавацца?

- У абласны савет мне трохі прасцей – я іду ад партыі, у сельскі савет неабходна сабраць ўсяго 25 подпісаў. Думаю, я іх без праблем збяру, і тых людзей, якія за мяне падпішуцца, будзе цяжка запалохаць да такой ступені, каб яны адмовіліся ад свайго аўтографа.

- Некаторыя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў ўздымаюць тэму капітальных рамонтаў дамоў, нехта заклапочаны якасцю дарог, рэгулярнасцю аўтобусных маршрутаў, скарачэннем чэргаў у паліклініцы. За што будзеце змагацца вы?

- Сваю кампанію, у адрозненне ад некаторых калегаў, я буду будаваць не на канфрантацыі з уладай. Наадварот, будуць прапаноўваць нейкія праекты рэалізаваць разам.

Абавязкова працягну тэму фінансавання будаўніцтва дарог – для Калодзішчаў гэта вельмі актуальна. І калі стану дэпутатам, буду вельмі пільна кантраляваць гэтае пытанне, таму што сёння ў нас і ў дождж асфальт кладуць, і ў снег. Таму і якасць дарог гэткай атрымліваецца …

Праблемаў шмат. Напрыклад, у мяне, як і ў шмат каго з Калодзішчаў, дзеці вучацца ў горадзе. У мясцовай школе няма беларускамоўных класаў. З дзіцячымі садкамі таксама праблема – нават калі стаіш у чарзе, дзіця можа ў школу пайсці, а чарга на дзіцячы садок так і не падыдзе.

- Ведаю, што ў Калодзішчах ёсць вельмі добры прыватны дзіцячы садок.

- Ёсць, але не ўсе, на жаль, могуць дазволіць яго з фінансавага пункту гледжання. Аддаваць 300–600 даляраў за дзіцячы садок не кожны можа.

Калодзішчы пашыраюцца, там шмат новых дамоў, катэджаў, таму як мінімум ёсць неабходнасць яшчэ ў адной школе і яшчэ адным дзіцячым садку.

На тым месцы, дзе першапачаткова планаваўся дзіцячы садок, пабудавалі “Карону”. Дарэчы, з крамамі і нават з кафэ ў “Калодзішчах” справа ідзе вельмі нядрэнна.

Разглядаецца пытанне аб далучэнні Калодзішчаў да Менска. Прыватнаму сектару, дарэчы, гэта па цэлым шэрагу прычынаў не выгодна. У Менску і ў Менскім раёне падатак на зямлю і на маёмасць моцна адрозніваюцца …

- Вы спрабавалі сабраць сваю ініцыятыўную групу праз Фэйсбук. Ці не баіцеся, што потым з-за выпадковых людзей могуць паўстаць правакацыі, напрыклад, з тым жа зборам подпісаў?

- У мяне ёсць асноўная каманда, і менавіта на яе я раблю стаўку. Але і новыя людзі таксама неабходныя. Самае цікавае, што адгукаюцца людзі, якія жывуць за межамі Мінска і хацелі б паўдзельнічаць у кампаніі, хоць гэта фізічна немагчыма.

А подпісы – паўтараю, іх трэба не так ужо і шмат. Па вялікім рахунку, за тры дні я і сам за 150 подпісаў магу сабраць.

- Алег Гайдукевіч заявіў, што ЛДП будзе вылучаць сваіх кандыдатаў у кожны гарадскі і абласны савет дэпутатаў. Вы ўжо прыкладна ведаеце ўсіх сваіх канкурэнтаў?

- Я буду спрабаваць дамаўляцца з усімі, каб не атрымалася так, што на нейкім акрузе прыйдзецца канкураваць з тымі, хто прытрымліваецца такіх жа поглядаў, як і ты. А што тычыцца заяваў асобных кіраўнікоў партыяў з нагоды таго, што вылучаць кандыдатаў у кожны гарадскі, сельскі і раённы савет, то палітыкі заўсёды заяўляюць больш, чым могуць.

- А як вы ацэньваеце свае шанцы на перамогу? Думаеце, зможаце прабіцца ў дэпутаты?

- Палітык павінен верыць у сваю перамогу, нават калі ў яго ёсць адзін шанец са ста.

- Як вы ставіцеся да заяваў некаторых палітыкаў пра тое, што ўлада прызначыць абраных апазіцыянераў у мясцовыя саветы? Падзяляеце гэта меркаванне?

- Хутчэй за ўсё, кагосьці прапусцяць. Але радыкальных апазіцыянераў, вядома ж, у мясцовых саветах не будзе.

- Колькі сродкаў вы гатовыя ўкласці ў выбарчую кампанію?

- Ну гледзячы як лічыць. Тут трэба ўлічваць і час кандыдата, якое ён марнуе на выбарчую кампанію. І калі ён на асноўнай працы зарабляе, дапусцім, 10 даляраў у гадзіну, а на кампанію выдаткаваў 100 гадзін, значыць, яна каштавала яму 1000 долараў.

Але ў прынцыпе, мясцовая кампанія не вельмі дарагая. Пікеты, сустрэчы, улёткі – мінімальныя выдаткі не такія ўжо і вялікія. А калі кандыдат ідзе ад партыі, дзе ёсць цэлы штаб, які займаецца інфармацыйным забеспячэннем кандыдата, забяспечвае юрыдычную і кансультацыйную падтрымку, то выдаткі наогул мінімальныя.

Паводле сайта “Беларускі партызан

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.