Партыя БНФ » Дэзынфармацыя і дамінаваньне Расеі: 7 інфармацыйных пагроз
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дэзынфармацыя і дамінаваньне Расеі: 7 інфармацыйных пагроз

Дададзена 16.12.2017 12:04:31 | 542 праглядаў

Дасьледчы цэнтар EAST прэзэнтаваў вынікі дасьледаваньня «Інфармацыйная бясьпека Беларусі: наколькі сурʼёзныя праблемы і што з гэтым рабіць?». Прэзэнтацыя дасьледаваньня адбылася 14 сьнежня ў Прэс-клюбе ў Менску.

Дасьледчыкі Вераніка Лапуцька і Аляксандар Папко (кіраўнік праекту Андрэй Елісееў) прааналізавалі сытуацыю з мэдыямі ў Беларусі, ацанілі даступнасьць крыніцаў дэзынфармацыі і яе небясьпечнасьць для Беларусі ды падрыхтавалі рэкамэндацыі, як умацаваць інфармацыйную бясьпеку краіны.

 

Аляксандар Папко, Вераніка Лапуцька і Андрэй Елісееў

Аляксандар Папко, Вераніка Лапуцька і Андрэй Елісееў

 

1. Інфармацыйную прастору Беларусі кантралюе Масква

Паводле высноў аўтараў дасьледаваньня, у Беларусі расейскае тэлебачаньне і радыё дамінуюць над беларускімі электроннымі мэдыямі. Таму можна казаць, што карціну сьвету, якую бачыць і чуе звычайны беларус, збольшага фармуе ня Менск, а Масква. Гэта адбываецца таму, што «ў Беларусі няма сапраўды незалежных недзяржаўных тэлеканалаў і радыёстанцый, якія вяшчаюць зь беларускай тэрыторыі, а дзяржаўныя тэле- і радыёканалы трансьлююць у асноўным навіны і забаўляльныя перадачы, зробленыя ў Расеі», мяркуюць дасьледчыкі.

Паводле аўтараў дасьледаваньня, дамінаваньне расейскіх мэдый прызнаюць як незалежныя камэнтатары, гэтак і афіцыйныя асобы. У дасьледаваньні прыведзенае меркаваньне былога намесьніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігара Бузоўскага, які ў 2016 годзе казаў, што доля расейскага кантэнту на радыё і тэлебачаньні Беларусі дасягае 65%.

Дасьледчыкі таксама цытуюць палітычнага аглядальніка Радыё Свабода Валера Карбалевіча: «Мяркую, нават Аляксандар Лукашэнка занепакоены гэтым фактам, паколькі ён разумее, што не кантралюе інфармацыйную прастору ў сваёй уласнай краіне».

2. Незбалянсаванасьць інфармацыйнага ўплыву з боку Расеі іншымі крыніцамі

Адзначаецца, што з 2014 году беларускія ўлады спрабуюць абмежаваць інфармацыйны ўплыў Расеі на беларускіх тэлеканалах, якія дасьледчыкі называюць «гібрыднымі». Гэта «ОРТ», «НТВ-Беларусь», «РТР-Беларусь» і «СТВ», на якіх наўпрост трансьлююцца навінавыя і палітычныя праграмы, вырабленыя ў Расеі. У якасьці прыкладу спробы абмежаваць уплыў расейскай палітычнай прапаганды прыводзіцца тое, што на канале «РТР-Беларусь» перавялі з прайм-тайм на начны час перадачу «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым». Яшчэ адзін прыклад — гэтак жа зрабілі зь перадачай «Час пакажа» на ОНТ.

Але хіба гэтага дастаткова?

Паводле дасьледчыкаў, да 90% каналаў у пакетах, якія прапаноўваюць правайдары ў кабэльных сетках, — расейскія. Ахоп беларускай аўдыторыі «гібрыднымі» каналамі і непасрэдна расейскімі тэлеканаламі праз кабэльныя сеткі застаецца вялікім — да 43% аўдыторыі, адзначаюць дасьледчыкі.

Дасьледчыкі прапануюць найперш адкрыць доступ на інфармацыйны рынак Беларусі тэлеканалам і радыё з суседніх краін — Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

3. Расьце ўплыў замежнага кантэнту праз інтэрнэт

У Беларусі ўжо звыш 5 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту. Доля карыстальнікаў ужо большая, чым у Вугоршчыне, Украіне, Славаччыне, Сэрбіі, Харватыі, Латвіі. У адпаведнасьці з апытаньнем, на якое спасылаюцца дасьледчыкі, найбольшай папулярнасьцю сярод інфармацыйных вэб-рэсурсаў карыстаюцца беларускія прыватныя рэсурсы TUT.by і Onliner.by, але адразу за імі ідуць расейскія рэсурсы News.mail.ru і News.yandex.by (праўда, дасьледчыкі прызнаюць, што паводле іншых апытаньняў на трэцім месцы павінен стаяць Charter97.org). Трэці паводле папулярнасьці расейскі рэсурс — Lenta.ru. Расейскія рэсурсы карыстаюцца навінамі ня толькі зь беларускіх, але і з расейскіх мэдый, прычым Lenta.ru, паводле дасьледчыкаў, «асьвятляе падзеі на Захадзе і ў расейскім „блізкім замежжы“ з пракрамлёўскіх пазыцый». Аўдыторыю рэсурсу Lenta.ru, паводле аўтараў справаздачы, нельга недаацэньваць: толькі ў кастрычніку 2017 году на яе заходзілі 5 мільёнаў разоў з IP-адрасоў у Беларусі — гэта большая аўдыторыя, чым у сайта газэты «Наша Ніва».

Яшчэ адным расейскім сайтам, які набірае папулярнасьць сярод беларусаў, дасьледчыкі называюць Sputnik.by. Паводле крыніц, гэтаму сайту некаторыя беларускія чыноўнікі аказваюць інфармацыйныя прэфэрэнцыі.

«У мяне складаецца ўражаньне, што некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі даюць „Спутніку“ больш эксклюзіўную інфармацыю, чым любому з мэдый Беларусі», — кажа крыніца.

Дасьледчыкі прапануюць больш дапамагаць найперш айчынным інтэрнэт-рэсурсам.

4. Лідэрства ў сацыяльных сетках таксама за Расеяй

Каля 2,8 мільёна беларусаў заходзяць праз інтэрнэт у сацыяльныя сеткі хоць раз на дзень. У канцы 2015 году найбольш папулярнымі былі расейскія рэсурсы «Вконтакте» (vk.com) и «Одноклассники» (ok.ru). Іх аўдыторыя складала 32,3% і 30,3% дарослага насельніцтва краіны. Аўдыторыя «Фэйсбуку» (Facebook) у Беларусі была ў два разы меншая (14,9%).

Паводле аўтараў дасьледаваньня, праз пэўныя групы ў сацыяльных сетках — прыкладам, «Славянскі віртуальны клюб», «Гэтую краіну не перамагчы», — усё актыўней распаўсюджваюцца дэзынфармацыя і пракрамлёўскія каштоўнасьці.

Дасьледчыкі таксама адзначаюць вялікую актыўнасьць гэтак званых «крамлёўскіх троляў» на дыскусійных пляцоўках.

5. Неабароненасьць беларускай аўдыторыі перад дэзынфармацыяй і маніпуляцыямі

«Вынікае, што беларускія ўлады не нацэленыя на навучаньне грамадзян распазнаваць маніпуляцыі ў мэдыях. Паказальна, што самі дзяржаўныя мэдыі пэрыядычна ўдзельнічаюць у распаўсюдзе дэзынфармацыі», — робяць выснову дасьледчыкі Вераніка Лапуцька і Аляксандар Папко.

Сярод іх парадаў у гэтай галіне — арганізацыя курсаў інфармацыйнай бясьпекі для школьнікаў, іншых групаў насельніцтва, і асобна — для дзяржаўных чыноўнікаў.

6. Дзяржаўныя мэдыі не трымаюцца прынцыпу праўдзівасьці інфармацыі

Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Дасьледчыкі мяркуюць, што перад супрацоўнікамі дзяржаўных мэдый ня ставяць такіх задач, а шмат хто зь іх і не валодае прафэсійнымі навыкамі праверкі фактаў. У якасьці прыкладу прыводзіцца тое, як дзяржаўныя мэдыі асьвятлялі затрыманьні актывістаў «Белага легіёну» ў сакавіку 2017 году.

«Адзін з матэрыялаў БелТА называўся „Ў Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй“, а газэта „СБ — Беларусь сегодня“ пісала, што „сьледзтва вызначае факты па стварэньні глыбока закансьпіраванай арганізацыі з дакладнай герархіяй, жорсткай дысцыплінай, абʼяднанай ідэалёгіяй, узбраеньнем“. У рэальнасьці сьледзтва не знайшло гэтаму доказаў, і справа была спыненая, але абвяржэньняў у дзяржаўных мэдыях не было», — адзначаюць дасьледчыкі.

Дасьледчыкі канстатуюць, што праверкай дэзынфармацыі, якая трапляе ў мэдыяпрастору Беларусі, займаюцца ў асноўным журналісты незалежных мэдый, але і ім часта не хапае навыкаў.

7. Дамінаваньне расейскай мовы

Паводле Аляксандра Папко, сярод крыніц інфармацыйнай небясьпекі ў Беларусі можна назваць і дамінаваньне расейскай мовы.

«У Беларусі фактычна адсутнічае такі фільтар на шляху інфармацыі, як родная мова. Праблема ў тым, што большасьць беларусаў у 2015 годзе казалі, што і далей хацелі б атрымліваць інфармацыю на расейскай мове. Гэтага хочуць 65 карыстальнікаў друкаваных мэдый і 57% карыстальнікаў інтэрнэту», — мяркуе аўтар.

Дасьледчыкі адзначаюць як станоўчую зьяву дзейнасьць тэлеканалу «Беларусь-3», які вяшчае выключна па-беларуску. Але, на іхні погляд, шэраг перадач на беларускай мове павінен быць больш разнастайны.

«У яго павінны ўваходзіць як навіны, так і спартовыя праграмы, праграмы пра моду, здароўе ды іншыя. Таксама на беларускую мову неабходна дубляваць папулярныя замежныя фільмы», — раяць дасьледчыкі.

* * *

Кіраўнік праекту Андрэй Елісееў паведаміў напярэдадні прэзэнтацыі, што праект фінансаваўся ўрадам Нідэрляндаў. East Center супольна зь іншымі дасьледчыкамі праводзіць аналягічнае дасьледаваньне сытуацыі з інфармацыйнай бясьпекай у 14 краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама ў Грузіі.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.