Партыя БНФ » Вынікі сьнежаньскага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі сьнежаньскага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 19.12.2017 11:29:20 | 887 праглядаў

16 сьнежня ў сядзібе БНФ адбылося апошняе ў гэтым годзе пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Былі разгледжаныя пытаньні аб палітычнай сытуацыі і аб падрыхтоўцы да маючых адбыцца 18 лютага наступнага года выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў XХVIII скліканьня. Сойм прыняў за аснову праект пастановы аб накірунках дзейнасьці партыі на пэрыяд да 2020 году, які вырашана накіраваць на абмеркаваньне ў мясцовыя суполкі партыі і яе тэрытарыяльныя аддзяленьні, а таксама вылучыў назіральнікаў у выбарчыя камісіі.

З дакладам аб палітычнай сытуацыі выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які даў ацэнку палітычным вынікам адыходзячага году і падсумаваў дасягненьні партыйнай працы за гэты пэрыяд.

Галоўнай падзеяй партыйнага жыцьця Рыгор Кастусёў назваў чарговы справаздачна-выбарчы Зьезд Партыі БНФ, які адбыўся 30 верасьня і сфармаваў новае кіраўніцтва партыі і грамадзкага аб’яднаньня. Паводле Рыгора Кастусёва, падчас падрыхтоўкі і правядзеньня зьезду партыя пацьвердзіла непахіснасьць сваёй палітычнай лініі на арганізацыйную самастойнасьць і непахіснасьць палітычнага курсу на абарону беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Вялікая колькасьць прэтэндэнтаў на вышэйшую партыйную пасаду прадэманстравала, што ў БНФ маецца вялікі лідэрскі патэнцыял і вялікая “лаўка запасных”. Акрамя таго, на беларускай палітычнай арэне Партыя БНФ з’яўляецца прыкладам дэмакратычнасьці і пастаяннай ратацыі кіраўнічых кадраў.

У якасьці дасягненьня партыйнай працы лідэр БНФ адзначыў ўмацаваньне і колькасны рост маладзёвага крыла партыі – Моладзі БНФ, чый лідэр быў абраны на пасаду намесьніка старшыні Партыі БНФ. Рыгор Кастусёў асобна азначыў важнасьць арганізацыйнага развіцьця і росту мясцовых партыйных арганізацыяў, асабліва вылучыўшы сярод іх Лідскую і Слонімскую арганізацыі Беларускага Народнага Фронту.  Пры наяўнасьці такой арганізацыйнай базы партыя можа ўпэўнена рыхтавацца да самастойнага ажыцьцяўленьня важных палітычных кампаніяў у пэрыяд 2018-2020 гадоў.

Старшыня Партыі БНФ выказаў падзяку лідэру Слуцкай суполкі БНФ Віталю Амяльковічу за годную арганізацыю традыцыйнай лістападаўскай акцыі ў гонар Слуцкага Збройнага Чыну (пры гэтым лідэр БНФ падкрэсліў, што падчас правядзеньня акцыі атрымалася пазьбегнуць супрацьстаяньня з міліцыяй і затрыманьняў). Таксама была дадзеная станоўчая ацэнка новага фармату ўшанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы: упершыню больш як за 20 гадоў у Сьвіслачы і Якушоўцы актывісты з усёй Беларусі ўшаноўвалі памяць паўстанцаў не ў адзін дзень, а на працягу двух месяцаў, што дазволіла пазьбегнуць перасьледу з боку ўладаў.

Найважнейшай палітычнай падзеяй 2017 году старшыня БНФ назваў акцыі пратсэту супраць дэкрэту аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства, які атрымаў у народзе назву “дэкрэт аб дармаедах”. Апагеям пратэстаў і, адпаведна, хваравітай і гвалтоўнай рэакцыі ўладаў на іх, стаўся разгон сёлетняй акцыі 25 сакавіка, калі ў цэнтры Менску адбыліся затрыманьні людзей, якія выйшлі на акцыю ў Дзень Волі — 99-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Агулам за зімова-веснавы пэрыяд пратсэтнай актыўнасьці некалькі дзесяткаў сябраў Партыі БНФ былі затрыманыя і пакараныя арыштамі, у тым ліку некалькі сябраў Сойму і кіраўнікоў мясцовых фронтаўскіх арганізацыяў. Вяршыняй незаконных рэпрэсіяў сталася “справа патрыётаў”, у межах якой больш за трыццаць чалавек, у тым ліку два сябры Партыі БНФ, сутыкнуліся з крымінальным перасьледам (зараз гэтая справа развалілася, што яскрава дэманструе яе палітычную матываванасьць).

Абвастрэньне супрацьстаяньня грамадзтва і ўладаў, а асабліва масавыя рэспрэсіі, сталіся перашкодай развіцьцю дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Захадам. Аднак менавіта вострая і адназначная рэакцыя Эўразьвязу на рэпрэсіі вымусіла ўлады даць задні ход і вызваліць арыштаваных, спыніць крымінальныя справы. Важным чыньнікам тут была і рэакцыя незалежнага грамадзтва, у тым ліку выяўленая ў пазыцыі Партыі БНФ, якая ледзь не першай дала належную ацэнку крымінальнаму перасьледу патрыётаў.

Старшыня Партыі БНФ адзначыў, што праявы свавольства ўладаў не павінныя і надалей заставацца без належнай грамадзкай ацэнкі. У якасьці прыкладу важнасьці гэтай дзейнасьці Рыгор Кастусёў прывёў гісторыю з трагічнай гібельлю жаўнера ў Печах, якая выклікала вялікі розгалас у грамадзтве і прымусіла ўлады рэагаваць на выкрытыя падзеі.

У сваім выступе Рыгор Кастусёў даў негатыўную ацэнку вынікаў вучэньняў “Захад-2017″, што адбыліся ўвосень. Самое правядзеньне вучэньняў з’яўляецца наступствам знаходжаньня сёняшняй Беларусі ў вайскова-палітычнай арбіце Масквы, што абумоўлена ранейшым курсам кіраўніцтва краіны на інтэграцыю з РФ. Гэты курс хібны і не адпавядае нацыянальным інтарэсам беларусага народа. Пры гэтым лідэр БНФ падкрэсліў фактычную паразу беларускага вайскова-стратэгічнага кіраўніцтва на інфармацыйным фронце: падчас вучэньняў сталася відавочнай няздольнасьць беларускай улады супрацьстаяць інфармацыйным правакацыям, якія транслююцца праз расейскія СМІ. Паказальна, што нават відавочныя правакацыі, накшталт заяваў расейскага міністэрства абароны пра накіроўваньне ў Беларусь не прадугледжаных сцэнаром вучэньняў танкавых калонаў, засталіся не толькі не зьняпраўджаныя, але ўвогуле былі пакінутыя без належнага інфармацыйнага рэагаваньня. Ва ўмовах сучаснай вайны, якая можа ў тым ліку з боку Расеі мець характар “гібрыднай вайны“, падобны стан беларускай абароны выклікае трывогу.

Старшыня БНФ праінфармаваў сябраў Сойму пра падрыхтоўку да адзначэньня стагоддзя БНР і пра свае сустрэчы з чыноўнікамі, якім прапанавана ўзяць удзел у адзначэньні слаўнага юбілею на дзяржаўным узроўні. Вынікі гэтых перамоваў пакуль супярэчлівыя, аднак праца ў гэтым накірунку будзе працягвацца, у тым ліку ў межах грамадзкага юбілейнага аргкамітэту, якія ўзначальвае мастак Мікола Купава. Старшыня БНФ заклікаў рэгіянальныя фронтаўскія структуры ствараць мясцовыя аргкамітэты па адзначэньні стагоддзя БНР, у якасьці прыкладу прывёўшы стварэньне падобнага аргкамітэту ў Гомелі.

Напрыканцы сваяго дакладу Рыгор Кастусёў даў ацэнку бягучым працэсам у грамадзкай сьвядомасьці, спаслаўшыся на вынікі лістападаўскага сацыялагічнага апытаньня, якое было праведзенае службай Gallup/Baltic Surveys Ltd.

Паводле дадзеных дасьледчыкаў, эканамічнае самаадчуваньне насельніцтва за 2017 год палепшылася. Упершыню ад ліпеня 2014 года колькасьць тых, хто лічыць што краіна развіваецца ў правільным накірунку перавысіла колькасьць тых, хто лічыць што краіна развіваецца ў няправільным накірунку. Гэта адпавядае заявам ураду пра тое што пік крызіса пераадолены і пачалася стабілізацыя з некаторым нават ростам даходаў насельніцтва. Адпаведна і ўзровень даверу да ўлады павялічваецца ўслед за ростам эканамічнай задаволенасьці.

Жыхары Менску дэманструюць большую задаволенасьць развіцьцём эканамічнай сітуцыі і станам сваяго дабрабыту. Найбольшая незадаволенасьць эканамічным становішчам канцэнтруецца ў сярэдніх і малых гарадах. Сельскае насельніцтва таксама незадаволенае, але меньш чым у малых гарадах. Гэта сьведчыць пра тое што найбольш балючыя наступствы крызісу адчуваюцца ў рэгіянальных прамысловых цэнтрах, па якім найболюча ўдарыла беспрацоўе і падзеньне заробкаў – да іх ніякае “паляпшэньне эканамічнага становішча” не дайшло. Гэта адпавядае таму стану праяваў пратэстаў, які быў увесну, калі беспрэцэдэнтна вялікія пратэсты былі менавіта ў малых і сярэдніх гарадах (ад Воршы да Рагачова). Таму менавіта на гэтую катэгорыю населеных пунктаў варта рабіць стаўку партыйным структурам падчас мясцовай выбарчай кампаніі – там попыт на палітычную альтэрнатыву вялікі, і задача БНФ палягае ў тым каб даць нацыянальны адказ на гэты запыт насельніцтва – у адваротным выпадку такі адказ даюць расейскія СМІ, тэлеканалы, якія прапагандуюць сяброўства з Расеяй і асобу Пуціна як пазытыўную альтэрнатыву.

Асаблівую ўвагу старшыня БНФ зьвярнуў на тую частку вынікаў сацыялагічнага дасьледваньня, якая зьвязаная са стаўленьнем беларусаў да пабудовы АЭС у Астраўцы. Атамная электрастанцыя ў Астраўцы ўспрымаецца грамадзянамі як адназначная пагроза іх бяспецы. Але не упрымаецца як пагроза суверэнітэту краіны: толькі 15% насельніцтва бачаць у расейскай АЭС на тэрыторыі краіны пагрозу сэвэрэнтытэту, але экалагічную небясьпеку бачаць 76%, а больш за палову насельніцтвазанепакоеныя высокім коштам станцыі. Выснова для Партыі БНФ: атамную электрастанцыю трэба крытыкаваць, акцэнтуючы ўвагу на сумяшчэньні аргументаў магчымай страты энэргетычнага суверэнітэту, пагрозы для экалогіі і завышанага кошту АЭС, а значыць, і вырабленай з яе дапамогай электраэнэргіі. Пры бліжэйшым навязваньні электраэнергіі, якую няма куды будзе дзеваць, абурэньне людзей павялічыцца – ужо цяпер гучаць праекты пра перавод атапленьня на электрычнасьць і пра адмову ад аднаўляльнай і альтэрнатыўнай энергэтыкі. Месэдж партыйных кандыдатаў павінны быць такі: расейскі праект АЭС ужо цяпер аказаўся звышдарагі, а ягоныя вынікі аказаліся не пралічанымі як з пункту гледжаньня экалогіі, так і з пункту гледжаньня эканомікі.

bty

У кантэксце перадвыбарчай кампаніі Рыгор Кастусёў зьвярнуў увагу на наступныя высновы сацыялагічнага дасьледваньня:  асноўная форма грамадзкай актыўнасьці для большасьці беларусаў застаецц падпісаньне скаргаў і петыцыяў, так што значнага росту пратэстнай актыўнасьці чакаць не варта.  Большасьць выступае за наўпроставыя выбары кіраўнікоў мясцовай выканаўчай ўлады (“мэраў і губэрнатараў” – тобок старшыняў гарвыканкамаў і аблвыканкамаў) – гэта кажа пра пазытыўнае стаўленьне выбаршчыкаў да тых пунктаў фронтаўскай праграмы, якія сьцьвярджаюць неабходнасьць вяртаньня да эўрапэйскіх прынцыпаў і стандартаў мясцовага самакіраваньня.

Трывожныя тэндэнцыі фіксуюць сацыёлягі ў геапалітычных арыентацыях беларусаў: за апошні год рэзка (на 10% ) вырасла колькасьць тых, хто арыентуецца на Расею: толькі 13% насельніцтва не лічаць Расею хаўруснікам (у мінулым годзе такіх было 22%). Гэта вынікі ўплыву тэлевізійнай прапаганды, у тым ліку – наўпроставых інфармацыйных атак расейскіх тэлеканалаў супраць Беларусі.

Большасьць насельніцтва не верыць у чэснасьць маючых адбыцца мясцовых выбараў. Адпаведна, паводле сацыёлягаў, на выбары гатовыя прыйсьці не больш за 40% насельніцтва.

bty

Падсумоўваючы, старшыня Партыі БНФ адзначыў, што актыўнасьць Партыі БНФ пад кіраўніцтвам Аляксея Янукевіча была найбольш заўважаная тымі рэспандэнтамі, якія цікавяцца палітыкай: менавіта гэтую партыю называлі сярод тых, актыўнасьць якіх была заўважная “цягам апошніх 12 месяцаў” тыя рэспандэнты, якія заўважалі хоць нейкую актыўнасьць апазыцыі за гэты перыяд. Калі людзі і бачаць нейкую дэмакратычную альтэрнатыву – гэта альтэрнатыва, якая ўвасобленая Партыяй БНФ.

bty

У абмеркаваньні вынікаў палітычнага году выступілі сябры Сойму Станіслаў Суднік, Зьміцер Дрыгайла, Кастусь Смолікаў, Алесь Марачкін, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў. Яны станоўча ацанілі працу новага старшыні партыі і распавялі пра стратэгію дзейнасьці партыйных суполак і групаў па накірунках. Было заўялена пра намер па заканчэньні ста дзён з моманту абраньня Рыгора Кастусёва на пасаду старшыні даць публічную справаздачу пра вынікі дзейнасьці новага кіраўніка партыі.

У пункце парадку дня пра мясцовыя выбары выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін, які распавёў пра вынікі працы партыйнага выбарчага штабу, сфармаванага на аснове управы.

Выступоўца падвёў вынікі працы партыйных аргструктур па вылучэньні прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісіяў. Улады праводзяць выбары па звыклым адміністратыўным сцэнары: у склад тэрытарыяльных камісіяў ад Партыі БНФ не быў уключаны ніводны прадстаўнік Партыі БНФ (вылучалася 4 чалавекі), у склад акруговых камісій па выбарах дэпутатаў абласных саветаў патрапілі 7 фронтаўцаў (з 21 вылучанага прадстаўніка). Сябра Сойму Кастусь ССмолікаў патлумачыў асаблівасьці вылучэньня прадстаўнікоў БНФ у акруговыя камісіі ў Віцебшчыне, дзе фронтаўцаў уключылі ў склад камісій: па гэтых акругах не ідуць кандыдаты ад Партыі БНФ, але ідуць кандыдаты ад  іншых дэмакратычных партыяў і рухаў, зь якімі наладжанае ўзаемадзеяньне на мясцовым узроўні.

Сябрамі Партыі БНФ былі пададзеныя на рэгістрацыю 30 ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў для вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты: пададзеныя тры ініцыятыўныя групы ў Менску дзеля вылучэньня ў Менгарсавет, сем ініцыятыўных групаў дзеля вылучэньня ў абласныя саветы, пятнаццаць ініцыятыўных групаў дзеля вылучэньня ў раённыя і гарадзкія саветы, пяць сябраў БНФ вылучаюцца шляхам збору подпісаў у саветы сельскага ўзроўню. Ад Партыі БНФ больш за ўсё ініцыятыўных груп зарэгістравалася па Лідскім раёне. Адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў пакуль не зафіксавана, хоць рашэньні яшчэ не па ўстх ініцыятыўных групах прынятыя.

Сойм абмеркаваў практычныя і арганізацыйныя аспэкты ўзаемадзеяньня Ўправы і партыйных арганізацыйных структур пры ажыцьцяўленьні партыйнага вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, якое павіннае быць здзейсьненае да 8 студзеня 2018 года (гэта апошні дзень падачы дакумэнтаў), а таксама ў справе вылучэньня прадстаўнікоў Партыі БНФ у склад участковых камісіяў, арганізацыі назіраньня за выбарамі, навучаньня партыйных кандыдатаў, сябраў камісіяў і назіральнікаў. Партыйнымі трэнерамі прызначаныя сп.сп. Макаранка, Саранчукоў, Лукашэвіч, Жучкоў.

У пытаньні “Аб накірунках дзейнасьці партыі да 2020 года” старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прадставіў праект пляну дзейнасьці партыі. Дакумент быў прыняты за аснову і вырашана вынесьці яго на абмеркаваньне ў рэгіянальных структурах партыі, з тым каб падрыхтаваць яго на канчатковы разгляд да наступнага пасяджэньня Сойму, яке адбудзецца ў наступным годзе. Дакумент уколючае ў сабе тры асноўныя часткі: праца з грамадзтвам, унутрыарганізацыйная праца, міжнароднае супрацоўніцтва.

У пытаньні “Аб вылучэньні назіральнікаў на выбары” Сойм пастанавіў накіраваць у цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў у якасьці назіральніка ад Партыі БНФ намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, а ад Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” – сябру Сойму Юрыя Чавусава. Сойм таксама зацьвердзіў накіраваньне на ўчасткі для галасаваньня (якія на гэты час ужо вызначаныя) назіральнікаў ад Партыі БНФ паводле сьпісу, падрыхтаванага Ўправай. Вылучэньне назіральнікаў на ўчасткі будзе працягнутае на наступным пасяджэньні Сойму, а таксама будзе здзяйсьняцца і тэрытарыяльнымі арганізацыйнымі структурамі Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”.

У Розным сябры Сойма павіншавалі сяброў Сойму Паліну Касьпяровіч і Сяргея Пантуса, якія адзначаюць дзень народзінаў у гэтыя дні.

Сябры Сойму былі праінфармаваныя пра магчымасьць наведаць урачыстую вечарыну з нагоды стагоддзя ад дня правядзеньня Першага Усебеларускага Зьезду, які ёсьць значнай падзеяй у гісторыі станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці.

Паводле паведамленьня Управы, працягваецца праца па складаньні графіка візітаў старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў рэгіснальныя партыйныя суполкі: аргструктурам партыі прапанавана дасылаць свае прапановы што да магчымых датаў візытаў кіраўніцтва партыі ў асобныя гарады і мястэчкі.

Травень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.