Партыя БНФ » Кацярына Шуст: Жаночыя квоты? Пераможцам яны не патрэбныя
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Кацярына Шуст: Жаночыя квоты? Пераможцам яны не патрэбныя

Дададзена 21.12.2017 11:14:59 | 471 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Кацярына Шуст піша на сайце Радыё Свабода пра фэмінізм, леваліберальны фэмінізм і гендэрныя квоты.

ШустЧарговы раз я чытаю пра гендэрныя квоты і бачу адны і тыя ж аргумэнты ўзятыя з штучнай, сканструяванай левафэміністычнымі плынямі рэчаіснасьці.

Фэміністычныя ўяўленьні пра жаночыя патрэбы і сапраўдныя жаночыя патрэбы — гэта часта вельмі розныя рэчы. Я іранічна ўсьміхаюся, калі чытаю тых, хто, прыкрываючыся нібыта клопатам пра паляпшэньне жыцьця жанчын, насамрэч гэтых самых жанчын у душы калі ня проста ненавідзіць, дык, прынамсі, дастаткова ня любіць. Дастаткова, каб спрашчаць іх патрэбы да ўзроўню біялягічнага полу.

Сучасныя левыя фэміністкі заяўляюць жанчынам, што зь іх пары Х-храмасом выходзяць усе іх патрэбы.

Менавіта сучасныя левыя фэміністкі заяўляюць жанчынам, што зь іх пары Х-храмасом і выходзяць усе іх патрэбы. І адпаведна, індывід-ка з тым жа наборам храмасом толькі на адной гэтай біялягічнай падставе зразумее іншую жанчыну, які б ні быў у той сацыяльны статус, эканамічнае становішча, ідэалягічныя і рэлігійныя погляды.

Што ж, мы маем «цудоўны» суседзкі прыклад рэалізацыі такога разуменьня і спагады: у той час, як ключавая асоба ва ўрадзе краіны жанчына, у той час, як колькасьць жанчын у Сэйме складае 28%, вырашаецца лёс законапраекту, які прымушае гэтую краіну выйсьці на плошчы. Я, натуральна, пра Польшчу і «чорныя пратэсты» супраць крыміналізацыі абортаў.

Дарэчы, гэта яскравая ілюстрацыя таго, як жанчыны могуць адстойваць свае інтарэсы без аніякіх квотаў. Але якраз тыя жанчыны, якіх справа тычыцца. Іншыя жыхаркі Польшчы цалкам згодна з дэмакратычнай працэдурай выбіралі ва ўладу партыю, вядомую сваёй кансэрватыўнай палітыкай.

Мае інтарэсы — гэта мае правы і каштоўнасьці, а не храмасомы.

Жанчыны выбіралі, жанчыны прайшлі ў парлямэнт — антыжаночы законапраект ідзе на разгляд. І тут праблема хіба ў тым, што мужчыны не зразумелі жаночых інтарэсаў? Я жанчына, лібэральная паводле сваіх палітычна-эканамічных поглядаў, атэістка паводле рэлігійных — і я, безумоўна, прагаласую за мужчыну-лібэртарыянца, а не за сацыял-дэмакратку ці зацятую каталічку. Бо мае інтарэсы — гэта мае правы і каштоўнасьці, а не храмасомы. І мужчына ва ўладзе, блізкі мне ў поглядах, безумоўна, будзе адстойваць іх лепш, чым жанчына з поглядамі супрацьлеглымі.

Фэмінізм 19-га стагодзьдзя меў у сваёй аснове ідэю жаночай моцы, ідэю роўнасьці і спагады паміж паламі, ідэю ўзаемаразуменьня. Сучасны леваідэалагічны фэмінізм гэтаму паразуменьню паміж паламі насамрэч не спрыяе.

Магчымасьць разумець патрэбы іншага апрыёрна замацоўваецца полавай прыналежнасьцю — менавіта такое абгрунтаваньне квотаў і стварае паміж паламі бездань, варажнечу і эскаляцыю нянавісьці. Зрэшты, мы ўсе маем дарагіх нам людзей супрацьлеглага полу, дарагіх настолькі, каб мець цікавасьць да іх спэцыфічных патрэбаў.

Але давайце разьбярэмся, ці так шмат у нас тых спэцыфічных патрэбаў? Ці ж мы ня ўсе аднолькава хочам працаваць і зарабляць добрыя грошы, вучыць дзяцей, мець чыстае навакольле і якасную мэдыцыну, свабодна выражаць думкі і сапраўды выбіраць прэзыдэнта? Ня думаю, што мужчыны ва ўладзе прымаюць законы пра розны ўзровень чысьціні навакольля для прадстаўнікоў рознага полу, нават у нашай уладзе. Ці як, «адыдзіце, спадарыня, вам не паложана сьвежае паветра»?

Жаночае прадстаўніцтва ў палітыцы мае сэнс, калі ўбудаванае ў якасьці натуральнага, натуральным чынам заваяванага дасягненьня, і ўбудаванае ў дэмакратычную сыстэму, дзе ёсьць інстытут прадстаўніцтва інтарэсаў увогуле любых сацыяльных групаў, а ўлада адказная перад сваім выбарнікамі. У партыі БНФ няма жаночых квотаў у органах кіраўніцтва. Тым ня менш, у двух апошніх кадэнцыях Сойму і ў апошнім З’ездзе колькасць жанчын складала 20%. І таму я ведаю, што мы проста знаходзімся ў працэсе набыцьця гэтага самага натуральнага дасягненьня, а ўсе натуральныя працэсы займаюць пэўны час. Хутка і ў момант перамяніць сытуацыю — за гэтым я бачу тую ж агідную ідэалёгію прымусовай «ураўнілаўкі», якой адзначыўся ў нашай гісторыі савецкі камунізм. Сёньня квоты — заўтра расстрэлы, калі нават квотамі не дасягнуты патрэбны эфэкт. Для мяне гэта страшней за «мужчынскую большасьць ва ўладзе».

У Сойме і Ўправе сваёй партыі я сама знаходжуся ўжо дзьве кадэнцыі. На сваім заслугаваным месцы. Узгадваю, што перад Зьездам 2014 года актывістка, якая вельмі рашуча адстойвала ўвядзеньне ў партыі гендэрных квотаў, адмовілася нават увайсьці ў сьпіс для галасаваньня за новы склад Сойму. Без тлумачэньня прычынаў. Калі б усе тыя, хто адстойвае квоты, падавалі хаця б уласны прыклад імкненьня да пасадаў, мы б ужо мелі нашмат большае прадстаўніцтва там жанчын. Як мелі б яго, калі б увесь імпэт левафэміністычных актывістак, скіраваны на пратэкцыянізм жанчын, быў бы скіраваны на выхаваньне ў іх актыўнасьці і ўпэўненасьці.

Але гэтыя леваідэалягічнага гатунку фэміністкі ня хочуць самі, каб жанчыны былі моцнымі асобамі, самастойнымі разнастайнымі індывідамі. Моцная асоба ня мае патрэбы ў чужой абароне, яна сама здольная на ўсё, квоты могуць яе толькі зьняважыць, таму такія асобы левафэміністычнай ідэалёгіі непатрэбныя. Нашмат прасьцей ачоліць пэўную групу, пераканаўшы яе ў тым, што яна аднародная, прыгнечаная, і так перамагчы канкрэтных супернікаў, але на ўзроўні групы, а не асобаў.

А давайце — вядома ж, не пры гэтай недэмакратычнай уладзе, але пры той, дэмакратычнай, якая некалі ўсё ж будзе — давайце проста лёс індывіда пакінем індывіду, з усёй свабодай правоў, але і з усёй уласнай адказнасьцю за іх рэалізацыю. І ня важна, жанчына гэта будзе ці мужчына. І я мару жыць у тым сьвеце, калі гэта сапраўды будзе не важна.

Паводле Радыё Свабода

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.