Партыя БНФ » Радыё Свабода: Чаму прадпрымальнікі ігнаруюць мясцовыя выбары?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Радыё Свабода: Чаму прадпрымальнікі ігнаруюць мясцовыя выбары?

Дададзена 26.12.2017 10:59:23 | 355 праглядаў

18 лютага ў Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. На хвалі заканадаўчай актыўнасьці ўладаў, якія заяўляюць пра зьняцьцё ўсіх перашкодаў для бізнэсу, Радыё Свабода пацікавілася ў прадпрымальнікаў з усёй Беларусі, чаму яны не сьпяшаюцца станавіцца дэпутатамі.

Ідуць на выбары, каб адкрыта выказаць альтэрнатыўныя думкі

На Магілёўшчыне ў абласны і Бабруйскі гарадзкі саветы вылучыліся толькі па адным бізнэсоўцу. Гэта сябра партыі БНФ зь Бялынічаў Пётра Шымбалёў і актывіст прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Трафімаў.

Абодва разглядаюць выбары як магчымасьць адкрыта выказаць альтэрнатыўны погляд на вырашэньне мясцовых праблемаў. Вылучэнцы кажуць: у іх ёсьць шанец атрымаць дэпутацкі мандат.

Шымбалёў акцэнтуе ўвагу на недапушчальнасьці існаваньня ўзаконенай уладай, як ён кажа, «рабскай працы». Даводзіць, што неабходна адмовіцца ад суботнікаў, прымусовага зьбіраньня другаснай сыравіны працоўнымі калектывамі, а таксама не заключаць кароткатэрміновых кантрактаў з работнікамі прадпрыемстваў.

Сябра партыі БНФ Пётра Шымбалёў

Сябра Партыі БНФ Пётра Шымбалёў

«Калі такі прыгон існуе, дык дзяржава прызнае, што безь яго эканоміка існаваць ня можа», — кажа вылучэнец.

Са слоў Шымбалёва, стаўленьне выбарцаў да ягоных ініцыятыў насьцярожлівае. Тыя, з кім ён гутарыў, зьбіраючы подпісы ў сваю падтрымку, лічаць, што з такімі ідэямі, як у яго, у аблсавет ня пусьцяць.

У прыярытэце Аляксея Трафімава — вырашэньне сацыяльных і камунальных праблемаў, зь якімі сутыкаецца насельніцтва ягонай выбарчай акругі. Паводле прадпрымальніка, ён спрабуе данесьці да людзей думку, што любую перашкоду можна пераадолець разам.

Аляксей Трафімаў, актывіст прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці

Аляксей Трафімаў, актывіст прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці

Прафсаюзны актывіст прызнаецца, што людзі мала ведаюць пра тое, чым займаюцца мясцовыя саветы і якія паўнамоцтвы ў іхніх дэпутатаў.

«Мала хто наагул чуў, што неўзабаве пройдуць выбары, дый ахвотных ісьці на выбары таксама няшмат», — кажа Аляксей Трафімаў.

Абодва вылучэнцы ў сваіх праграмах не закранаюць пытаньняў разьвіцьця прадпрымальніцтва. На іхную думку, мясцовыя саветы не ўплываюць на прыняцьце законаў для малога бізнэсу, таму сэнсу ўздымаць такія пытаньні няма.

Актыўныя ўдзельнікі леташніх акцый пратэсту дробных бізнэсоўцаў супраць 222 указу тлумачаць, што прадпрымальнікі ня вераць у справядлівасьць выбараў, таму іх і ігнаруюць. Тэма выбараў прадпрымальнікамі не абмяркоўваецца. Бізнэс наагул пазьбягае ўдзельнічаць у палітычных кампаніях, каб не нажыць сабе праблемаў.

Думаюць не пра выбары, а пра тое, як утрымацца на плыву

На Горадзеншчыне зарэгістраваныя 1940 ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў у падтрымку асобаў, якія маюць намер вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў. Адметна, што індывідуальных прадпрымальнікаў сярод вылучэнцаў няма.

Андрэй Шэсьцеракоў, старшыня рады прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы», сказаў Свабодзе, што сытуацыя яму знаёмая.

«У нас у дэпутаты вылучаюцца дырэктары, генэралы ды іншыя начальнікі. А хто такія мы, звычайныя прадпрымальнікі…», — кажа Шэсьцеракоў.

Паводле яго, вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты ў цяперашняй выбарчай сыстэме прадпрымальнікі ня бачаць сэнсу, бо сапраўдных дэмакратычных выбараў у краіне не існуе.

Індывідуальны прадпрымальнік з Мастоў Васіль Клімовіч таксама ня бачыць сэнсу ў цяперашніх выбарах. На папярэдніх ён вылучаўся ў раённы Савет і зразумеў, што гэта пустая трата часу:

Васіль Клімовіч

Васіль Клімовіч

«У мяне ёсьць амбіцыі пайсьці ў дэпутаты, але рэальна няма дзеля гэтага аніякіх рэсурсаў. А хадзіць, каб проста хадзіць і каб людзі сьмяяліся — ня хочацца», — кажа Клімовіч.

Ён дадае, што кожны з прадпрымальнікаў цяпер сканцэнтраваны на тым, каб неяк утрымаць на плыву сваю справу, а не падставіцца, каб улады зьвярнулі ўвагу на ягоную палітычную актыўнасьць.

Ёсьць невялічкі прыбытак, і добра

Прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус-малодшы вылучае сваю кандыдатуру на мясцовых выбарах. Але гэта ці не адзінае выключэньне з агульнай карціны на Берасьцейшчыне.

Мікалай Чарнавус-малодшы падчас акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб "дармаедах". Баранавічы, 6 лютага 2017

Мікалай Чарнавус-малодшы падчас акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб “дармаедах”. Баранавічы, 6 лютага 2017

Галоўная праблема — у агульнай абыякавасьці і нежаданьні шырокага кола грамадзтва браць удзел у палітыцы, кажа Мікалай Чарнавус.

«Падчас збору подпісаў зноў пабачыў, што людзі абыякавыя. Значная частка кажа, што сытуацыя іх цалкам задавальняе. Мой сусед, таксама прадпрымальнік, часам проста шакуе мяне, кажучы, што насамрэч у нас нармальная палітычная сытуацыя», — кажа Чарнавус.

Прычым многія прадпрымальнікі, са слоў прэтэндэнта, нават не імкнуцца да зьмены сытуацыі. Шмат хто банальна баіцца страціць нават тое, што ёсьць.

«Некалі на каапэратыўным рынку ў Баранавічах працавалі паўтары тысячы дробных прадпрымальнікаў. Цяпер жа засталося ня больш за 800. Але і з гэтай колькасьці можа толькі ня больш за дзесяць тых, хто гатовы адстойваць свае правы. Гэта тыя людзі, якія рэальна падтрымліваюць нас, а астатнія проста абыякавыя», — кажа прадпрымальнік.

Паводле Мікалая Чарнавуса, людзі, якія маюць свой бізнэс, не імкнуцца да зьменаў. Яны маюць нейкі прыбытак, і гэта іх цалкам задавальняе.

Мясцовыя выбары — не парлямэнцкія

Георгій Дзьмітрук, прадпрымальнік і палітык з Кобрына, лічыць, што сёньня бізнэс заняты галоўным чынам выжываньнем у складаных эканамічных умовах.

«Агулам стаўленьне да гэтых выбараў у прадпрымальніцкім асяродзьдзі вельмі нэгатыўнае. Галоўнае, што эканоміка ў краіне ў досыць кепскім стане. Таму і чаканьні бізнэсоўцаў не аптымістычныя», — кажа прадпрымальнік.

Ён кажа, што цікавасьць да будучых выбараў нізкая ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі яшчэ і таму, што найважнейшыя рашэньні прымаюцца не на мясцовым роўні.

«Яшчэ падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў нам было што сказаць і нейкім чынам дагрукацца да людзей. Але сёньня сытуацыя падобная да безвыходнай. Гаварыць нешта стала бяз сэнсу. Усе разумеюць, што адбываецца, але дакрычацца пры гэтым няма да каго», — падсумоўвае Дзьмітрук.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.