Партыя БНФ » Лідэрка Моладзі БНФ Ганна Сьмілевіч – у “Інтэрвію тыдня” на Радыё Свабода
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэрка Моладзі БНФ Ганна Сьмілевіч – у “Інтэрвію тыдня” на Радыё Свабода

Дададзена 31.12.2017 1:05:41 | 791 праглядаў

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» на Радыё Свабода — нядаўна абраная лідэрка Моладзі БНФ Ганна Сьмілевіч. Яна распавядае журналісту Свабоды Віталю Цыганкову, якая барацьба адбывалася на зьезьдзе арганізацыі, заяўляе, што гатовая ахвяраваць нават сваёй свабодай, і хоча, каб яе ацэньвалі не па зьнешнасьці, а па дзеяньнях.

«Я вырашыла прыйсьці ў арганізацыю, калі мне споўніцца 18 гадоў»

— Зьезд Моладзі БНФ 24 сьнежня абраў вас старшынёй гэтай арганізацыі. Напярэдадні зьезду вы даволі рэзка выказаліся ў СМІ наконт перадвыбарчай барацьбы — «Паглядзеўшы на кандыдатаў, якія ня могуць дамовіцца паміж сабой і ставяць свае амбіцыі вышэй, чым інтарэсы арганізацыі, я вырашыла пайсьці на гэтыя выбары. Я заклікаю ўсіх кандыдатаў аб’яднацца вакол мяне, і разам мы зможам працягнуць нашу дзейнасьць на высокім узроўні». Тым ня менш пасьля такіх словаў вас абралі кіраўніцай арганізацыі. Прачыніце заслону — якая барацьба, каго з кім адбывалася ў арганізацыі, вынікам чаго стала ваша абраньне?

— Пачалося ўсё яшчэ да зьезду, калі ў нейкі момант пачаліся масавыя вылучэньні на пасаду кіраўніка. І я вырашыла, што таксама магу паспрабаваць. Я ўвесь час у арганізацыі была чалавекам даволі актыўным — можна сказаць, адным зь лідэраў. Акрамя таго, быў таксама пэўны здаровы азарт, я жадала паспрабаваць сябе ў барацьбе з такімі моцнымі кандыдатамі, якія ў выніку ўвайшлі ў маю каманду.

Так атрымалася, што на зьезьдзе яны зьнялі свае кандыдатуры на маю карысьць. Я ня ведала, што так будзе, але дапускала, што гэта магчыма. Бо напярэдадні зьезду мы разам зьбіраліся, распрацоўвалі стратэгію на год. І на зьезьдзе яны зьнялі свае кандыдатуры — Багдан Сакалоў, Дзяніс Мандзік і Алесь Філіпенка, і ўвайшлі ў маю каманду. І галоўным маім супернікам быў Мікіта Краснакуцкі.

— І зь якім вынікам вы перамаглі?

— За мяне было 53 працэнты, а ў Мікіты — 47.

— Пасьля выбараў кандыдат, які ня выйграў, не выказваў ніякіх крыўдаў?

— Мікіта адразу выказаўся, што гатовы разам працаваць.

— Як даўно вы ў Моладзі БНФ? Якую дзейнасьць вы праводзілі?

— Я прыйшла ў сакавіку 2017 году. Адразу пачала ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах арганізацыі, у распрацоўцы стратэгіі. Зь цягам часу заняла пасаду прэс-сакратара, рыхтавала артыкулы пра Моладзь БНФ для СМІ. І ў пэўны момант я вырашыла, што магу балятавацца, бо проста адчула, што мяне могуць падтрымаць.

— Як увогуле вы прыйшлі ў палітыку, у беларушчыну?

— Усё, напэўна, пачалося з маёй маці, якая заўсёды прытрымлівалася даволі нацыяналістычных поглядаў, і гэта, магчыма, паўплывала і на мяне. Празь яе я ўвесь час стасавалася зь беларускамоўнымі людзьмі, якія падтрымліваюць такія ж ідэі і каштоўнасьці. Яна таксама прымала пэўны ўдзел у стварэньні Аргкамітэту БНФ. Я сачыла за суполкай Моладзі БНФ у ВК, за артыкуламі ў прэсе. І я вырашыла прыйсьці ў арганізацыю, калі мне споўніцца 18 гадоў, каб гэта было цалкам маё ўласнае дарослае рашэньне. І вось 20 сакавіка мне споўнілася 18 гадоў, а 21-га быў мой першы сход у Моладзі БНФ.

— То бок пытаньне, якое часам задаюць маладым людзям пра стаўленьне бацькоў да іхняй палітычнай актыўнасьці, вам можна не задаваць? Бацькі падтрымліваюць вашу палітычную дзейнасьць?

— Так, цалкам падтрымліваюць.

 

«Нават калі давядзецца ахвяраваць свабодай — гэта варта»

— А наколькі вы знаёмыя з палітычнай гісторыяй Беларусі апошніх гадоў? Ці вы ведаеце пра зьніклых палітыкаў , пра тое, што адбывалася 19 сьнежня 2010 году? Гэта я такім ускосным чынам задаю вам пытаньне — калі вы заняліся палітыкай, ці разумееце вы, куды прыйшлі?

— Так, я разумею, што ў мяне могуць быць вялікія праблемы. Але — можна сказаць, што гэта варта таго. З гэтым усім трэба змагацца. І нават калі давядзецца ахвяраваць пэўнымі момантамі свайго жыцьця, нават свабодай — гэта варта.

— Вы вучыцеся ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Гэта ня проста дзяржаўная ВНУ, але нават «ідэалягічны» факультэт, як яго разглядае ўлада. Ці былі ў вас непрыемнасьці ў сувязі з вашай палітычнай дзейнасьцю?

— На дадзены момант у мяне ніякіх непрыемнасьцяў не ўзьнікала. Калі я перамагла на зьезьдзе, гэта адразу рэпостнулі ў суполку журфаку. Гэта ведаюць усе мае аднакурсьнікі, іншыя студэнты, добра альбо нэўтральна ставяцца, няма такіх, хто супраць. Але я ня ведаю, ці ведаюць пра гэта дэканат, выкладчыкі. Калі і ведаюць, то пакуль да мяне ніяк не зьвярталіся наконт Моладзі БНФ.

— Вы ўжо ўзгадалі стаўленьне сваіх равесьнікаў. Стаўленьне маладых людзей да палітычнай актыўнасьці за апошнія гады істотна мянялася. Магчыма, у сярэдзіне-канцы 90-х палітыка была вельмі актуальнай, потым «змагары» сталі большасьцю ўспрымацца як нейкія дзівакі, потым запанавала абыякавасьць і апалітычнасьць. Чаго на сёньня больш у стаўленьні маладых людзей да палітычнай актыўнасьці — скепсісу, захапленьня, абыякавасьці?

— Больш за ўсё, напэўна, абыякавасьці, бо, як вы сказалі, большасьць моладзі апалітычная. Але шмат хто гэтым усім цікавіцца, падтрымлівае. За апошнія два гады ў Моладзь БНФ прыйшло 700 чалавек, і гэта таксама паказчык. І такіх, хто катэгарычна супраць апазыцыйнай дзейнасьці — альбо няма, альбо адзінкі.

— Якія кірункі працы Моладзі БНФ вы бачыце галоўнымі? Нейкую адукацыю, прапаганду беларускіх каштоўнасьцяў? Ці больш канкрэтныя, можа нават скандальныя палітычныя вулічныя акцыі, якія прагучаць?

— Я лічу, што зараз галоўная наша мэта — гэта палітычная адукацыя моладзі. Дзеля гэтага ў нас праводзяцца нейкія мерапрыемствы, круглыя сталы, лекцыі, дзе актывісты могуць набыць новыя веды, каб карыстацца імі ў будучым.

 

— Калі СМІ апублікавалі навіну пра ваша абраньне, то ў камэнтарах да яе на сайтах і ў сацыяльных сетках абмяркоўвалі пераважна ня вашы палітычныя погляды, а вашу зьнешнасьць. Як вы да гэтага ставіцеся? Ці лічыце вы, што ў сучасным сьвеце для палітыка зьнешнасьць — гэта тое, што толькі адцягвае ўвагу, ці гэта, наадварот, той плюс, які варта выкарыстоўваць на сваю карысьць?

— Я ніяк ня стаўлюся да гэтай крытыкі.

— Крытыкі не было, пераважна было захапленьне вашай зьнешнасьцю.

— А, вы пра гэта? Я лічу, што меркаваць пра чалавека па зьнешнасьці — гэта няправільна. Ня важна, ці я дзяўчына, прыгожая ці не, падабаюся каму ці не — меркаваць трэба па маёй дзейнасьці. Канечне, людзі, якія асабліва не сачылі за Моладзьдзю БНФ, нічога ня ведаюць пра маю актыўнасьць.

Ці важная зьнешнасьць, ці важна, як выглядае палітык? Кожны сам вырашае, як яму выглядаць. Як кажуць, сустракаюць па адзеньні. Магчыма, гэта сапраўды так, але толькі напачатку. Потым людзі пабачаць дзейнасьць — і зразумеюць, што меркаваць трэба па гэтым.

— Ці ёсьць у вас у жыцьці нейкія палітычныя амбіцыі, мэты на будучыню, больш далёкія ад сёньняшняга стану?

— На сёньня ў мяне няма канкрэтнай мэты стаць нейкім выбітным палітыкам. Цяпер для мяне галоўныя бягучыя задачы — Моладзь БНФ, яе разьвіцьцё, прыцягненьне новых актывістаў. Загадваць на доўгую пэрспэктыву я неяк не жадаю.

Паводле Радыё Свабода

 

 

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.