Партыя БНФ » Улады могуць рэалізаваць прапанову Партыі БНФ пра Карту суайчыньніка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Улады могуць рэалізаваць прапанову Партыі БНФ пра Карту суайчыньніка

Дададзена 03.01.2018 10:09:33 | 596 праглядаў

Камісія міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў, якую ачольвае былы намесьнік міністра замежных справаў Валер Варанецкі, выклала на афіцыйным сайце ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі рэкамэндацыі, як выкарыстоўваць гістарычную і культурную спадчыну для ўмацаваньня міжнароднага іміджу Беларусі – паведамляе Радыё Свабода.

Сярод прапановаў, якія былі зробленыя па выніках выязнога пасяджэньня камісіі ў Міры 8 сьнежня 2017 году, значыцца і такая: “Разгледзець магчымасьць увесьці „пасьведчаньне суайчыньніка“ для выхадцаў з тэрыторыі Беларусі ды іхных нашчадкаў у мэтах умацаваньня іхнай духоўнай сувязі з гістарычнаю Радзімаю”.

Цікава, што прапанова ўвядзеньня “карты суайчыньніка” была часткай перадвыбарчай плятформы “Для Беларусаў!“, з якой кандыдаты ад Партыі БНФ ішлі на мінулыя парлямэнцкія выбары ў 2016 годзе. Сярод іншага, ў праграме гаварылася:

Партыя БНФ будзе таксама спрыяць вяртаньню на Радзіму нашчадкаў нашых суайчыньнікаў, што зьехалі зь Беларусі да моманту аднаўленьня яе дзяржаўнай незалежнасьці, праз прыняцьцё ды рэалізацыю адмысловага закону аб карце суайчыньніка – беларуса замежжа.

Ідэя, як кажа старшыня камісіі па міжнародных справах Валеры Варанецкі, палягае ў прыцягненьні і аднаўленьні сувязяў з вядомымі асобамі, што маюць карані з Беларусі. Напрыклад каралева Бэльгіі Матыльда паходзіць са знанага княскага роду Сапегаў: “Хочацца іх аб’яднаць вакол Беларусі, каб у людзей было разуменьне, што тут знаходзяцца іх карані” – падкрэсьліў старшыня.

Чакаецца, што ўладальнікі “пасьведчаньня” будуць мець пэўныя прэфэрэнцыі, напрыклад, магчымасьць уезду ў Рэспубліку Беларусь без візы. У папярэднім матэрыяле я адзначаў, што ў эпоху глябалізацыі змаганьне вядзецца ня столькі за падпарадкаваньне той ці іншай тэрыторыі, але за «людзкі капітал». Асіміляцыя перастала быць сродкам экспансіі, яе функцыі выконвае цяпер эканамічны ціск.

“Менавіта таму належыць вітаць гэтую ініцыятыву, бо не істотна, хто рэалізоўвае карысную для краю палітыку, важна, каб яна рэалізоўвалася. І калі ўлада прыслухоўваецца да Партыі БНФ – гэта добра для ўсіх нас” – камэнтуе падзею сайт Нацыянальны Інтарэс.

Кастусёў 18Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адказаў на пытаньні журналіста парталу “Беларуская праўда” з нагоды імавернасьці рэалізацыі дзеючым складам парлямэнту праграмных палажэньняў БНФ:

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што нарэшце-такі ўлады прыслухаліся да прапаноў партыі.

-Першыя згадкі пра “карту беларуса” з’явіліся ў партыйнай праграме да парламенцкіх выбараў 2016 года. Летась мы звярталіся да парламента з заявай, што ўладам трэба наладжваць сувязі з беларусі, якія апынуліся за мяжой і нашчадкамі беларусаў. Нарэшце ўлады адрэагавалі на нашыя парпановы.

-Што ж прапануе ўлада праз “пасведчанне суайчынніка”?

-Прапанова камісіі скіраваная найперш на наладжванне культурніцкіх сувязяў з усімі беларусамі і іх нашчадкамі, якія жывуць за мяжой.

-Беларусам-эмігрантам трэба “духоўная сувязь” ці ўсё ж нешта больш важкае?

-Я і Партыя БНФ лічым, што трэба нешта больш важкае. Мы не выключаем важнасць і “духоўнай сувязі” (мы не вернем у Беларусь усіх эмігрантаў: людзі не захочуць вяртацца з наседжаных месцаў), але сёння беларусам трэба прапаноўваць нешта больш важкае. Наша прапанова больш шырокая, чым прапануе камісія Варанецкага.

-Істотная частка беларусаў з’ехала з Беларусі па палітычных матывах. Ці прапануе ўлада нешта гэтай катэгорыі беларусаў?

-І па палітычных матывах, і з’ехалі людзі, якія не здолелі ў Беларусі знайсці дастойнае месца працы, за мяжой апынулася многа маладых людзей, якія, напрыклад, вучыліся ў Польшчы па праграме Каліноўскага – сотні маладых людзей, якія атрымалі еўрапейскую адукацыю, але не могуць знайсці ў Беларусі сабе месца. Прапанова БНФ тычыцца больш шырокага спектра беларусаў, больш шырокіх магчымасцяў карты суайчынніка.

-Улада зрабіла не крок, а паўкрока. Ці сведчаць гэтыя дзеянні, што ўлада ўрэшце павярнулася тварам да суайчыннікаў за мяжой?

-Мне хацелася б верыць, што ўлада ўрэшце павярнулася да беларусаў замежжа тварам. Не ведаючы дэталёва прапаноў Варанецкага, мне цяжка меркаваць, што канкрэтна прапануе ўлада. Але сітуацыя вымагае ад уладаў хоць якіхсьці дзеянняў: эканоміка стагнуе. Надзеі афіцыйнага Мінска на эканамічныя прэферэнцыі ад Еўропы не апраўдаліся: па выніках 2017 года тавараабарот з Расіяй павялічыўся да 47%, Беларусь усё больш прывязваецца да Расіі. Мне здаецца, што такім чынам, у прыватнасці, праз беларусаў замежжа, улады спрабуюць наладзіць эканамічныя сувязі з астатнім светам. Я лічу нават такія дзеянні пазітыўным крокам, хаця насамрэч улады спазніліся як мінімум на два дзясяткі гадоў. Бо разумныя ўлады зрабілі адпаведныя захады даўно, як Польшча праз карту паляка прыцягнула і працоўную сілу, і інвестараў. Шкада, што беларускія ўлады і зараз не зусім разумеюць неабходнасць такіх сувязяў.

-Адной рука ўладаў нібыта і цягнецца насустрач суайчыннікаў, аднак адток беларусаў з краіны толькі павялічваецца.

-Сапраўды так. Мой сын, напрыклад, закончыў магістратуру Гданьскага ўніверсітэта, і хацеў бы вярнуцца ў Беларусь – але месца працы яму не знайшлося. А ў маёй гісторыі прысутнічае яшчэ і палітычны складнік: я, напрыклад, чатыры разы звальняўся з працы не па ўласным жаданні, праз звальненні з працы па палітычных матывах прайшла адна дачка, другая дачка. На жаль, палітычны складнік перашкодаў беларускія ўлады да гэтай пары не ліквідавалі.

Паглядзіце, што адбываецца на мясцовых выбарах: прадстаўнікоў партыі БНФ не ўключаюць у склад выбарчых акругаў. Як прыклад – па адной з мінскіх акруг, дзе вылучаецца Мікіта Краснакуцкі, мы хацелі зарэгістраваць сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх участковых камісіях – ніводнага не ўключылі; затое ўвялі прадстаўнікоў БРСМ, сацыяльна-спартыўнай партыі, “Белай Русі”…

Такая ж сітуацыя склалася і ў Іллі Дабратвора, які ідзе па Мінскім раёне.

Адной рукой беларускія ўлады цягнуцца да беларускага замежжа, а другой рукой, асабліва праз палітычную матывацыю, адсякаюць усё пазітыўнае, што праяўляецца на розных эшалонах беларускай улады.

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.