Партыя БНФ » Ільля Дабратвор у “Народнай Волі”: “Я не шукаю ворагаў”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ільля Дабратвор у “Народнай Волі”: “Я не шукаю ворагаў”

Дададзена 04.01.2018 9:40:45 | 460 праглядаў

Газэта “Народная воля” публікуе інтэрвію пра тое, “з чым ідзе на мясцовыя выбары і як ставіцца да сваіх канкурэнтаў знакаміты сябра Партыі БНФ“, які вылучаецца ў Калодзішчах, што пад Менскам, адразу у тры мясцовыя саветы – сельскі, мінскі раённы і мінскі абласны.

[інтэрвію было апублікаванае у папяровай вэрсіі выданьня за 19 сьнежня, гэта значыць адразу пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў - з таго часу спадар Дабратвор неабходную колькасьць подпісаў для вылучэньня ў саветты трох узроўняў ужо сабраў, а таксама прадубляваў вылучэньне ад выбаршчыкаў дадатковым вылучэньнем ад Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ]

– Ілля, днямі вы атрымалі пасведчанне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і ўжо нават правялі першы пікет. Якія ўражанні? Напрыклад, памочнік Ганны Канапацкай, які таксама балатуецца ў мясцовы Савет, пасля пікету ля Камароўкі напісаў, што быз здзіўлены злосцю і падчас нянавісцю людзей. Нават з боку тых, хто ставіць подпіс у падтрымку. “Калі коратка, то пасланне беларусаў выглядае так: улада нічога не рабіла і не будзе рабіць для нас, прызначаючы пры гэтым на выбарах сваіх людзей, а альтэрнатыўныя кандыдаты, апазіцыя ніколі не змогуць нічога з гэтым зрабіць”, – гаворыць Ціханенка.

Дабратвор 2016– У мяне ўражанні якраз іншыя. Людзі ахвотна падыходзілі і падпісваліся. Магчыма, таму, што ў Калодзішчах многія добра ведаюць мяне. Я перакананы, што менавіта незалежны дэпутат зможа абараніць іх інтарэсы.

А вось наконт таго, што многія людзі незадаволены ўладай, я пагаджуся. Ты пачынаеш размаўляць і чуеш шмат розных гісторый пра гэта. Напрыклад, да мяне падыходзіў адзін чалавек, які распавёў, што ледзь не згубіў дом: на тым месцы, дзе стаіць хата, па праекце ўлад павінна была праходзіць яшчэ адна лінія чыгункі. На шчасце, рашэнне адмянілі. І зараз жыхароў Калодзішчаў хвалююць ужо іншыя праекты – напрыклад, будаўніцтва новага завода “АМКАДОР-Маш”.

Для мяне, дарэчы, заўсёды было незразумела, навошта прыступаць да рэалізацыі праектаў, якія закранаюць прыватны сектар, інтарэсы канкрэтных людзей, калі побач шмат незапатрабаваных кавалкаў зямлі? Навошта на пустым месцы ствараць канфлікты?

– Лічыцца, што мясцовыя выбары не вельмі папулярныя нават сярод палітыкаў. Але старшыня Цэнтрвыбаркама гаворыць, што цікавасць да выбараў ёсць – напрыклад, з боку тых жа прадпрымальнікаў. “Думаю, дэпутацкі корпус, калі гэтыя людзі абяруцца, зменіцца”, – адзначыла Лідзія Ярмошына.

– На мой погляд, у мясцовых Саветах павінны працаваць у першую чаргу не тыя, хто падабаецца ўладзе, а тыя, каго сапраўды цікавіць гэтая праца. І кім будуць гэтыя людзі – дактарамі альбо прадпрымальнікамі, – вялікай розніцы няма. Самае галоўнае, каб у гэтых людзей сэрца балела за тое, што адбываецца на іх малой радзіме. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра Калодзішчы, то я лічу, што тут мясцовы дэпутат павінен быць сапраўдным нацыяналістам, які да апошняга будзе змагацца за інтарэсы свайго рэгіёна, за мясцовы бюджэт.

Калодзішчы на сёння вельмі цікавы рэгіён, можна сказаць, перспектыўны. Ён актыўна развіваецца, будуецца. У Калодзішчах ёсць прадстаўнікі абсалютна ўсіх палітычных партый. І тут назіраецца даволі вялікая актыўнасць нават на мясцовых выбарах. Сёння акрамя мяне ў Каладзішчанскі сельсавет  імкнуцца яшчэ два кандыдаты. Так што канкурэнцыя ёсць. У сельсавеце 14 месцаў. Я лічу, чым больш прадстаўнікоў розных прафесій там будзе прадстаўлена, тым лепей для самога Савета.

Я хацеў бы бачыць сярод дэпутатаў мясцовага Савета настаўніка. Бо асабіста ў мяне ёсць шэраг прапаноў менавіта да сельсавета па падтрымцы настаўнікаў і супрацоўнікаў пошты. Лічу, што на мясцовым узроўні сельсаветы маглі б даплачваць настаўнікам і паштавікам са свайго бюджэту. Дарэчы, у свой час адпаведную надбаўку для сталічных настаўнікаў зрабіў былы старшыня Мінгарвыканкама Міхаіл Паўлаў. Гэтыя грошы так і называлі – “паўлаўскія”.

Увогуле, прапаноў шмат. Іншая справа, што з гэтага атрымаецца…

– На ваш погляд, колькі грошай трэба для таго, каб правесці паспяховую выбарчую кампанію? За чый кошт вы плануеце вырабляць лістоўкі, плакаты?

– Як вядома, дзяржава не выдаткоўвае кандыдатам у дэпутаты мясцовых Саветаў сродкі на правядзенне кампаніі. Але кандыдат у дэпутаты можа мець свой выбарчы фонд – гэта прадугледжана заканадаўствам.

Спадзяюся, што з інфармацыйнымі матэрыяламі і кансультацыйнымі паслугамі дапаможа партыя.

– Старшыня руху “За Свабоду!” Юрась Губарэвіч лічыць, што сёння на мясцовых выбарах магчымасці кандыдатаў па камунікацыі з выбаршчыкамі моцна абмежаваны, і яны павінны мець магчымасць выступлення на тэлебачанні.

– Калі браць толькі Мінскі раён, то налічым каля 80 кандыдатаў у дэпутаты. Нават калі кожны будзе выступаць па тэлебачанні дзве хвіліны, то гэта атрымаецца няспынны серыял, які ніхто глядзець не будзе.

А што тычыцца магчымасці камунікацый з выбаршчыкамі, то хто забараняе ладзіць пікеты, хадзіць па кватэрах?

– Вам дастаткова троххвіліннага выступлення па радыё?

– Справа ў тым, што сёння, па-першае, далёка не ўсе слухаюць радыё – не ва ўсіх ёсць прыёмнік. А па-другое, не ўсе кандыдаты выкарыстоўваюць нават гэтую магчымасць, некаторыя адмаўляюцца ад выступлення па радыё.

На мой погляд, для кандыдатаў было б лепш надрукаваць сваё выступленне альбо праграму ў мясцовай прэсе. Гэта дакладна застанецца. А радыё – прагучала і ўсё, шукай потым той эфір!

– Ці задаволіла вас навіна аб тым, што дэкларацыю тым, хто прэтэндуе на дэпутацтва, трэба будзе падаваць за 2016 год?

– Так, у маім выпадку гэта вельмі добра. У мяне за 2016 год быў даход больш за 400 мільёнаў беларускіх рублёў.

– Новымі ці старымі грашыма?

– Калі цяперашнімі грашыма, то 40 тысяч. Я працаваў як індывідуальны прадпрымальнік.

– Можаце назваць балявыя кропкі рэгіёна, інтарэсы якога вы хочаце прадстаўляць? Чытала, вы казалі пра яшчэ адну школу і як мінімум адзін дзіцячы садок, якіх катастрафічна не хапае Калодзішчам…

– У Калодзішчах амаль 16 тысяч жыхароў. Калі ўлічыць тых, хто тут пражывае, але прапісаны ў Мінску (а такіх таксама багата, асабліва ў катэджных пасёлках), то можна казаць, што ў Калодзішчах сёння амаль 20.000 чалавек. І на гэтую колькасць людзей – адна школа і адзін садок. Гэтага вельмі мала! У мяне ў самога дзеці вучацца ва Уруччы…

Увогуле, праблем шмат: будаўніцтва новага завода “Амкадор”, дарогі, экалогія. Частка жыхароў незадаволена тым, што будуць будаваць новыя дамы, а яны набывалі кавалкі зямлі з відам на лес, збудавалі там катэджы, а цяпер атрымліваецца, што іх вокны будуць глядзець не на лес, а на шматпавярховікі. Фарміраванне мясцовага бюджэту – асобная тэма.

Я лічу, трэба слухаць людзей і адгукацца на іх запыты.

– Некаторыя палітыкі адкрыта кажуць, што не лічаць дэмакратычнымі кандыдатамі тых, хто балатуецца ад кампаніі “Гавары праўду!”. Як вы ставіцеся да такіх канкурэнтаў?

– Я не шукаю і не бачу ворагаў вакол сябе. Наадварот, паўсюль шукаю сяброў. І спрабую з усімі дамовіцца. Калі сябры “Гавары праўду!” пакажуць вынік і трапяць у мясцовыя Саветы – гэта будзе адназначна на карысць у тым ліку і апазіцыі. Калі не – ну пра што тады ўвогуле размаўляць?

Я супраць таго, каб апазіцыйная супольнасць займалася барацьбой паміж сабой, а гэта менавіта тая гульня, якой частка нашых лідараў займаецца апошнія 20 гадоў. І карысці ад гэтага, давайце будзем шчырымі, ніякай! Еўрапейскія палітыкі самых розных поглядаў вельмі добра ўмеюць дамаўляцца паміж сабой. І нам у іх трэба гэтаму павучыцца.

– Ужо неаднойчы выказвалася меркаванне наконт таго, што ўлада можа некаторых апазіцыянераў прапусціць у мясцовыя Саветы, як гэта здарылася падчас парламенцкай кампаніі з Аленай Анісім і Ганнай Канапацкай. Як вы ставіцеся да такога?

– На мой погляд, яркіх апазіцыянераў з даўно вядомымі прозвішчамі ў мясцовых Саветах дакладна не будзе. Але могуць з’явіцца новыя твары.

Што тычыцца мяне, то я разлічваю не на ўладу, а выключна на свае ўласныя сілы і падтрымку выбаршчыкаў.

Спадзяюся, усё атрымаецца!

Крынiца: Народная Воля

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.