Партыя БНФ » У выбарчых камісіях – найменьшая ад 2003 году колькасьць сябраў БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У выбарчых камісіях – найменьшая ад 2003 году колькасьць сябраў БНФ

Дададзена 05.01.2018 12:05:23 | 714 праглядаў

У межах выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў у Беларусі да 3 студзеня 2018 году рашэньнямі раённых выканкамаў і раённых адміністрацыяў былі сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі.

(абноўлена)

У склад камісій атрымалася патрапіць толькі адзінкам з вылучэнцаў Партыі БНФ: у Брозаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці ў склад выбарчых камісій участкаў №10, №29 і №30 уключылі па адным прадстаўніку БНФ, адзін сябра Партыі БНФ быў уключаны ў склад участковай камісіі ў Берасьці.

Агулам па краіне ў выбарчыя камсіі было вылучана 65 сябраў БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісі па тых акругах, дзе будуць вылучацца кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ: 49 асобаў былі вылучаныя ад арганізацыйных структураў Партыі БНФ, і яшчэ 16 прадстаўнікоў былі вылучаныя ад структураў грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”.

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў апублікавала афіцыйную статыстыку пра прадстаўленасьць ва ўчастковых камісіяз палітычных партыяў і іншых суб’ектаў:

склад участковых камісій 2018

Як выглядае, гэтая выбарчая кампанія стане рэкорднай па найменьшай уключанасьці сябраў БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісіі за апошнія гады: меньшая колькасьць была толькі падчас мясцовых выбараў 2003 году, калі ва ўчастковую камісію патрапіў увогуле толькі адзін прадстаўнік Партыі БНФ. Для параўнаньня, на мясцовых выбарах 2010 года ва ўчастковых выбаркамах працавала 17 фронтаўцаў.

Сытуацыю камэнтуе намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін:

-                      Улады цалкам адмовілі ва ўключэньні прадстаўнікоў БНФ у выбарчыя камісіі ў Менску – з 22 чалавек, якія вылучаліся па Партызанскім, Першамайскім, Савецкім і Маскоўскім раёнах у склад камісій не ўключылі ніводнага чалавека, вылучэнцам іншых дэмакратычных партыяў у абсалютнай большасьці выпадкаў таксама было адмоўлена. Адметна, што сталіцу яны так зачысьцілі цалкам, да стэрыльнасьці. Ды і ў прысталічным Менскім раёне ніводнаму з трох вылучэнцаў БНФ не далі месца ў камісіі – з выканкамаў ім нават не тэлефанавалі для спраўджваньня зьвестак. Таксама нікога з вылучэнцаў БНФ не ўключылі ў камісіі ў Магілёве, Гародні, Слуцку, Салігорску, Слоніме ды іншых гарадах – паведаміў Зьміцер Салошкін.

Вось як камэнтуе працэдуру фармаваньня ўчастковых камісіяў у Першамайскім раёне Менску сябра Сойму Партыі БНФ Кацярына Шуст, якая прысутнічала на пасяджэньні раённай адміністрацыі па вызначэньні складу камісіяў:

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даў палітычную ацэнку этапу фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў і неўключэньню ў іх склад прадстаўнікоў Партыі БНФ:

-                      Бачна, што на гэтых выбарах колькасьць сябраў выбарчых камісіяў, якія настроеныя сапраўды лічыць галасы выбаршчыкаў, будзе найменьшая. Астатнія, гэтыя ўсе прадстаўнікі БРСМ, Белай Русі, Чырвонага крыжа, аб’яднаньня вэтэранаў, прафсаюзных структураў ФПБ, саюза жанчын, а таксама фантомных партыяў накшталт Рэспубліканскай ці Сацыяльна-спартовай – яны маюць на гэтых выбарах зусім іншыя задачы, скіраваныя на забеспячэньне распрацаванага ўладамі сцэнару.

На мясцовых выбарах супадаюць два фактары, якія абумоўліваюць больш жорсткі адсеў прадстаўнікоў апазыцыі ад удзелу ў участковых выбарчых камісіях. Па-першае: няма міжнародных місіяў назіраньня, таму уладам няма сэнсу прадстаўляць прысутнасьць апазыцыі ў выбаркамах у якасьці індыкатара “дэмакратычнасьці” выбарчага працэсу. Па-другае: нягледзячы на тое, што афіцыйны парог яўкі адсутнічае, ведамства Ярмошынай замаўляе ад сваіх падначаленых амаль 80% яўкі, а значыць, дамагчыся патрэбнай лічбы супрацоўнікам участковых камісіяў будзе яшчэ больш складанай задачай, чым, напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах, дзе так альбо інакш нейкая колькасьць людзей на выбарчыя ўчасткі прыходзіць.

У цэлым этап фармаваньня ўчастковых камсіяў сьведчыць: улады не проста рыхтуюцца да рэалізацыі звыклага адміністратыўнага сцэнару правядзеньня выбараў, калі абвешчаныя вынікі маюць мала агульнага з сапраўдным аволевыяўленьнем выбаршчыкаў – яны нават хочуць рэалізаваць гэты сцэнар у набольш грубы, нахабны і бессаромны спосаб” – падкрэсліў лідэр БНФ Рыгор Кастусёў.

Скаргі на неўключэньне прадстаўнікоў Партыі БНФ ў выбарчыя камісіі былі пададзеныя менскай гарадской партыйнай арганізацыяй у суды Партызанскага, Першамайскага і Маскоўскага раёнаў Менску, а Менскай абласной арганізацыяй Партыі БНФ – у суд Слуцкага раёну. Таксама Берасьцейская абласная арганізацыя Партыі БНФ абскарзіла ў суд Бярозаўскага раёну неўключэньне ў склад участковай камісіі ўчастку №3 мясцовай актывісткі Тамары Шчапёткінай.

У судзе Партызанскага раёна разгляд скаргі на рашэньне пра фармаваньне ўчастковых камісіяў па Партызанскім раёне Менску адбыўся  5 студзеня. Суд адмовіў у задавальненьні скаргі, пры гэтым адмовіўшыся дасьледваць пратаколы вылучэньня асобаў, што былі ўключаныя ў склад участковых камісіяў ад Белай русі ды іншых праўладных псэўда-грамадзкіх аб’яднаньняў.

Разгляд справы аб неўключэньні сямёх прадстаўнікоў Партыі БНФ у выбарчыя камісіі на тэрыторыі Першамайскага раёну Менску адбудзецца ў панядзелак 8 студзеня аб 11-й гадзіне ў судзе Першамайскага раёну (вул. Таўбухіна, 9).

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.