Партыя БНФ » Лідэр БНФ Рыгор Кастусёў тлумачыць, што азначаюць “100% аплаты за ЖКГ”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ Рыгор Кастусёў тлумачыць, што азначаюць “100% аплаты за ЖКГ”

Дададзена 06.01.2018 2:51:38 | 516 праглядаў

Беларусы ад 1 студзеня будуць аплочваць 100% выдаткаў на аказанне паслуг жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, акрамя цеплазабеспячэння. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які ў свой час узначальваў Шклоўскае ЖКГ, патлумачыў у каментары “Беларускаму партызану”, што не так з гэтай стоадсоткавай аплатай.

ЖКГ ЖКХПа словах Рыгора Кастусёва, на сёньняшні дзень знайсьці дадзеныя па сабекошце выдаткаў у вольным доступе немагчыма. Статыстыка зачыненая для грамадскасьці.

- У мяне асабіста і ў Партыі БНФ ўзнікае пытаньне: а колькі адсоткаў мы ўжо плацім? Колькі плацілі ў 2017-м годзе? На нашае пытаньне ні Савет міністраў, ні Адміністрацыя прэзыдэнта, ні мясцовыя ўлады не могуць даць адказ. Дакладнай лічбы па сабекошце камунальных паслуг не ведае ніхто. Таямніца. Чаму? Таму што ў сабекошт камунальных паслуг “загналі” шмат выдаткаў, якія не тычацца камунальнай гаспадаркі – прадпрыемствы-банкруты, піянерлягер і гэтак далей.

Гадоў 5 таму ў Магілёве мясцовы водаканал прымусілі купіць прагулачны цеплаход для арганізацыі прагулак па Дняпры. Цеплаход каштаваў 420 тысяч даляраў. Я праверыў, колькі ж на аўкцыёне каштуюць падобныя цеплаходы. Аказалася, што магілёўскі водаканал купіў уеплаход у 1,5 разы даражэй за рынкавы кошт! Вось ўсплывае і карупцыйны фактар. Эксплюатацыя цеплахода ў летні перыяд не апраўдвае выдаткі на яго амартызацыю. Даходы ніжэй выдаткаў. Такіх прыкладаў па краіне мноства. А гэтыя аб’екты трэба яшчэ і ахоўваць, расплачвацца за іх запазычанасьці. Камунальныя гаспадаркі нясуць праз гэта вялікія страты. У выніку выдаткі запісваюць у сабекошт паслугаў ЖКГ, што потым адлюстроўваецца ў жыроўцы.

Кастусёў 18Рыгор Кастусёў нагадвае, што пераход на 100% аплаты паслуг ЖКГ насельніцтвам да 2015 года урад планаваў яшчэ ў 2003 годзе. Была распрацаваная канцэпцыя, якую падпісваў Сяргей Сідорскі. Але на прамежкавым этапе яе анулявалі. Зараз распрацавалі новую, цяпер ужо да 2025 года.

- Я яе прачытаў. У мяне склалася ўражаньне, што дакумент распрацоўвалі вучні 9-й клясы ў стылі савецкіх часоў: павялічыць, дадаць, прыняць меры. Калі зверху пачнуць рэалізоўваць гэтую “ніякую канцэпцыю” па рэформе ЖКГ, то ніякіх вынікаў Беларусь не атрымае.

Я рабіў ўласныя разлікі сабекошту камунальных паслугаў: яшчэ тры гады таму мы плацілі 100% за ўсё, акрамя ацяплення і гарачай вады. А за вываз сьмецця выходзіла нават 103% ад сабекошту.

Лідэр Партыі БНФ упэўнены: па логіцы, насельніцтва павінна за ўсё плаціць само. Без дзяржаўных датацый.

- З пункту гледжання сацыяльнай роўнасьці адмова ад дзярждатацый за камунальныя паслугі – гэта добры крок. Багаты будзе плаціць за свае квадратныя метры, бедны – за тое, што мае.

Аднак ёсць шэраг негатыўных “але” ў беларускіх рэаліях, ад якіх прадпрыемствам ЖКГ трэба пазбавіцца, сярод іх карупцыйны складнік і абслугоўваньне няпрофільных аб’ектаў, страты электрычнасьці і вады.

- У Партыі БНФ ёсць праграма па рэформе сфэры ЖКГ. Мы выступаем за ліквідацыю манаполіі дзяржавы на камунальныя паслугі, каб зьнізіць карупцыю. Павінная быць канкурэнцыя, якая будзе садзейнічаць зьніжэньню кошту гэтых паслугаў для насельніцтва. Але нашыя дзяржаўныя манапалісты блякуюць развіцьцё прыватнага сектара ў сфэры ЖКГ, а таксама перашкаджаюць грамадзкасьці кантраляваць фармаваньне цэнаў на паслугі ЖКГ.

Калі прыбраць усе негатыўныя фактары, адзначае Кастусёў, можа атрымацца, што беларусы ўжо сёньня пераплачваюць за камуналку на 105%.

Дзяржава апраўдваецца перад беларусамі: маўляў, выходзім на 100% аплату за камунальныя паслугі па патрабаваньні Міжнароднага валютнага фонду. Па словах Кастусёва, усё гэта замкнёнае кола:

- Улада, ведаючы ўсё падаплёкі з карупцыяй, непрофільнымі аб’ектамі на балянсе ў прадпрыемствах ЖКГ, знайшла крайняга – МВФ. Разам з тым замоўчваецца, што ад МВФ нам патрэбны чарговы крэдыт, у тым ліку, на рэформу сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, на што ўжо не аднаразова вылучалі грошы. Толькі вось куды пойдуць гэтыя грошы …

Кастусёў нагадвае пра будаўніцтва водазабору “Вязынка”. Яшчэ будучы міністрам ЖКГ Андрэй Шорац абяцаў даць артэзіянскую ваду жыхарам сталічнай Малінаўкі. Праўда, столькі гадоў прайшло, а будаваць так і не пачалі, хоць грошы вылучаліся. Нават былі высвятленьне, куды сродкі зніклі. Толькі далей Генпракуратуры справа не пайшла. Артэзіянскай вады ў Малінаўцы па-ранейшаму няма.

Палітык зьвяртае ўвагу на яшчэ адзін момант, які замоўчваюць чыноўнікі, кажучы пра камунальныя паслугі у Беларусі і на Захадзе.

- На вушы беларусам вешаюць локшыну. Так, палякі, літоўцы, немцы плацяць больш. Але і тут ёсць шэраг нюансаў. Нашы чыноўнікі бяруць за аснову двухпакаёвую кватэру, напрыклад, 32 квадратных метра. І пры гэтым не кажуць аб памерах кватэры ў Германіі. А ў немцаў зусім іншыя падыходы па квадратным метрам на чалавека. Улады Беларусі пры параўнаньні забываюцца і пра якасьць камунальных паслугаў, а таксама пра заробкі работнікаў сфэры, якія закладваюцца ў сабекошт. У нямецкага спецыяліста ЖКГ зарплата – 2000 еўра, у нашых – 150.

Паводле сайту “Беларускі партызан

Чэрвень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.