Партыя БНФ » Навошта БНФ ды іншыя партыі звяртаюцца ў суды, якім не давяраюць?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Навошта БНФ ды іншыя партыі звяртаюцца ў суды, якім не давяраюць?

Дададзена 11.01.2018 7:50:02 | 388 праглядаў

У раённых судах Мінска адбыліся пасяджэнні па абскарджванні неўключэння прадстаўнікоў апазіцыйных партый ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Ніводная скарга не задаволеная, у тым ліку адхіленыя скаргі Партыі БНФ на фармаванне камісіяў у Партызанскім, Першамайскім і Маскоўскім раёнах. З улікам наяўнай практыкі, незалежныя назіральнікі за выбарамі лічаць гэтыя судовыя абскарджванні бессэнсоўнымі. Аднак у прадстаўнікоў апазіцыі ёсць свае матывы для зваротаў у суды пры загадзя зразумелых выніках.

Вынікі фарміравання ўчастковых выбарчых камісій (УВК) сведчаць пра захаванне дыскрымінацыйных падыходаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў. Канстатуючы гэты факт у сваёй этапнай справаздачы, аналітыкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” спасылаюцца на наступныя лічбы. Чатыры апазіцыйныя партыі – Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (БСДП (Г)), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Партыя БНФ – вылучылі 237 чалавек (0,37% ад агульнай колькасці вылучаных, ці 6% ад агульнай колькасці вылучаных усімі палітычнымі партыямі) у склад УВК па ўсёй краіне. З іх у склад УВК было ўключана толькі 26 прэтэндэнтаў (11% ад вылучаных).

У параўнанні з папярэднімі мясцовымі выбарамі 2014 года, сёлета фармаванне УВК праходзіла ў атмасферы большай галоснасці і адкрытасці, аднак у цэлым працэдуры і вынікі істотна не адрозніваліся ад папярэдніх выбарчых кампаній, падвынікоўваюць аўтары справаздачы.

Такім чынам, пераважная большасць апазіцыйных палітычных суб’ектаў засталіся па-за бортам УВК, але некаторыя з іх пайшлі ў суды.

Прычыны такой неактыўнасці зразумелыя назіральнікам, пра што кажа прадстаўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org “Што да судовага абскарджання неўключэння ў склад камісій, то такое права прадугледжана выбарчым заканадаўствам. І раней, калі гэтая норма была ўнесеная ў Выбарчы кодэкс, але не было ніякіх крытэраў, паводле якіх тыя ці іншыя прэтэндэнты ўключаліся ці не ўключаліся ў камісіі, мы лічылі гэтую норму вельмі фармальнай, паколькі не было прадмета спрэчкі. Калі няма крытэраў – што абмяркоўваць у судзе? То бок, суд можа фармальна праверыць, ці не было дапушчана парушэнняў пры фармаванні камісіяў – ці былі захаваны неабходныя кворум сябраў выканкамаў на пасяджэннях, квоты ў складзе камісій.

Пасля таго як мы пачалі крытыкаваць адсутнасць крытэраў, Цэнтральная камісія падчас парламенцкіх выбараў 2016-га года ў сваёй пастанове напісала, што трэба абмяркоўваць дзелавыя, асабістыя і палітычныя якасці прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісій, а зараз павінны абмяркоўваць толькі дзелавыя і асабістыя. Праўда, трэба адзначыць, што ўвядзенне Цэнтральнай камісіяй гэтага патрабавання не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму ва ўчастковых камісіях.

Паводле нашых назіральнікаў, якія прысутнічалі на пасяджэннях па ўтварэнні ўчастковых камісій, у пераважнай большасці выпадкаў якасці прэтэндэнтаў не абмяркоўваліся. Калі ж абмеркаванне праводзілася, то прычынай неўключэння ў камісіі, як правіла, называлася адсутнасць у іх вопыту працы ў выбарчых камісіях. Ці з’яўляецца гэта крытэрам, які можна абскардзіць у судзе?”

Тым не менш, наколькі вядома назіральнікам, у судах Мінска 5 – 9 студзеня разглядаліся пяць скаргаў партый на рашэнні раённых адміністрацый аб фармаванні УВК. Тры скаргі былі пададзеныя прадстаўнікамі Партыі БНФ – у суды Партызанскага, Першамайскага і Маскоўскага раёнаў, адна – у суд Цэнтральнага раёна прадстаўнікамі АГП, адна – у суд Першамайскага раёна прадстаўнікамі БСДП (Г). Самі заяўнікі пры гэтым кажуць, што ад пачатку не мелі спадзяванняў на станоўчыя для сябе вынікі гэтых судоў, і тлумачаць свае матывы абскарджання.

«Наўрад ці суд мог адмяніць рашэнне адміністрацыі раёна. Але ў суд мы ішлі для таго, каб паказаць, што не будзем гэта «праглынаць». Мы не хочам, каб маніпуляцыі з утварэннем камісій проста так сыходзілі з рук адміністрацыі», — адзначыў у інтэрв’ю газэце  “Наша Ніва” Аляксей Сігаеў, намеснік старшыні БСДП (Г), якая вылучала ў склад УВК Першамайскага раёна восем чалавек, з якіх раённая адміністрацыя не ўключыла ніводнага.

Старшыня гарадской арганізацыі АГП Мікалай Казлоў, які балатуецца ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, прапанаваў сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 13 выбарчых камісій на сваёй Старавіленскай выбарчай акрузе, і таксама ніводны з іх у камісіі не прайшоў. Як ён адзначыў у інтэрв’ю Радыё Свабода, у выбарчыя камісіі падбіраюць людзей пераважна з аднаго працоўнага калектыву, якіх запісваюць як сябраў розных праўладных партый і арганізацый. Прадстаўнік АГП паведаміў, што прасіў у адміністрацыі Цэнтральнага раёна паказаць яму дакументы, дзе бачна, людзі з якіх працоўных калектываў прайшлі ў выбарчыя камісіі, але яму адмовілі. Запатрабаваць такія дакументы Мікалай Казлоў прасіў і суд – суд таксама адмовіў.

Прадстаўнік Партыі БНФ Юры Чавусаў, які ўдзельнічаў у трох судовых працэсах у Мінску, назваў іх вынікі “звычайнымі”:

Юры Чавусаў. Фота: svaboda.org“Беларускія суды ніколі не пераглядаюць законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў адміністрацый, выканкамаў па фармаванні камісіяў. Нават калі ў судзе паўстаюць відавочныя грубыя парушэнні закона, ігнаруюць гэтыя парушэнні і не адмяняюць рашэнні адміністрацый пра склад камісій. У дадзеным выпадку судовая ўлада з’яўляецца адным з элементаў той адміністратыўнай машыны, якая выконвае задачу атрымаць неабходны вынік выбараў”.

Суразмоўца адзначыў, што для яго найбольшае значэнне меў разгляд скаргі у судзе Маскоўскага раёна, паколькі ён сам быў вылучаны у склад участковай камісіі №103 ў гэтым раёне, бо там балатуецца сябра Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч. Сам Чавусаў на пасяджэнні па фармаванні УВК не быў, аднак, паводле назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, яго не ўключылі ўсё з той жа прычыны – “не мае вопыту працы ў камісіях”, хоць у яго характарыстыцы ўказана, што мае багаты досвед назіральніка ў камісіях рознага узроўню – ад ЦВК да ўчастковых. Партыя БНФ, з яго словаў, традыцыйна накіроўвае ў суд скаргі на вынікі фармавання тэрытарыяльных і ўчастковых выбаркамаў, каб такім чынам падкрэсліць дыскрымінацыйны характар выбарчага працэсу.

“Менавіта ў судзе можна праверыць вылучэнне іншых суб’ектаў і зафіксаваць: нягледзячы на тое, што нашае вылучэнне было бездакорнае, нас не ўключылі ў камісіі, а прадстаўнікоў праўладных і лаяльных да ўладаў псеўдаграмадскіх структураў, альбо тых структураў, якіх вымушаюць удзельнічаць у гэтым (як Беларускі Чырвоны Крыж, місія якога зусім іншая), уключылі нават пры наяўнасці парушэнняў.

У судзе можна пабачыць тыя парушэнні, з якімі зроблена вылучэнне гэтых суб’ектаў у склад камісій, і такім чынам падкрэсліць нераўнапраўны характар выбарчага працэсу на этапе фармавання камісій”.

Юры Чавусаў прывёў прыклады парушэнняў, з якімі яму давялося сутыкнуцца.

“103-я ўчастковая камісія ў Маскоўскім раёне сфармаваная ў тым ліку з удзелам прадстаўніка БРСМу, у пратаколе вылучэння якога ад арганізацыі адсутнічаў юрыдычны адрас і нумар тэлефона гэтай арганізацыі. Між тым частка 7 артыкула 35 Выбарчага кодэкса ўтрымлівае пералік таго, што павінна быць у пратаколе вылучэння. І калі, напрыклад, пры вылучэнні прадстаўніка ад апазіцыйнай палітычнай партыі не ўказана месца жыхарства ці месца працы, ці юрыдычны адрас арганізацыі, то, безумоўна, яго ў камісію не ўключаць, яшчэ і адзначаць, што вылучэнне яго адбылося з парушэннямі. А вось у дачыненні да БРСМу гэтыя парушэнні не маюць значэння – іх ўсё роўна ўключаюць.

І з БРСМам увогуле такая цікавая рэч: у склад раённых адміністрацый старшыня іх райкама ўваходзіць па пасадзе, то бок, атрымліваецца, яны самі сябе ўключаюць у камісіі…”.

brsm-pratakol_uvk.jpg
Фота згаданага пратакола без рэквізітаў, прадугледжаных Выбарчым кодэксам

Падчас выступу ў судзе Чавусаў акцэнтаваў увагу: вылучаная з парушэннямі асоба ўвайшла ў склад камісіі, а яго, чые дакументы аформленыя без недахопаў (гэта прызнала і сама раённая адміністрацыя), у камісію не ўключылі. Паказальна, што суд у сваім рашэнні не даў ацэнку гэтаму факту: у агучаным рашэнні ўвогуле не адзначаецца сутнасць яго аргумента.

“Гэта яшчэ раз сведчыць пра выключна палітычны характар падобнага кшталту справаў: камісіі фармуюцца з тых людзей, якія гатовыя выканаць загад адміністрацыі па дасягненні неабходнага выніку выбараў. І гэты аспект дасягнення неабходнага выніку, на мой погляд, яшчэ больш істотную ролю адыгрывае падчас мясцовых выбараў. Заўважым, што на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах у камісіі ўключаюць крыху большую колькасць прадстаўнікоў апазіцыі. А на мясцовых выбарах перад участковымі камісіямі ставяцца яшчэ больш складаныя задачы. Думаю, гэта звязана з тым, што народ на мясцовыя выбары не ходзіць увогуле, а тую лічбу, якую назвала Ярмошына – 77%, па Мінску таксама прыходзіцца выдаваць”.

Падчас даследвання дакументаў у двух іншых судах, Партызанскага і Першамайскага раёнаў, па словах Чавусава, таксама выявіліся шматлікія парушэнні, якія датычацца як правілаў вылучэння так і патрабаванняў афармлення дакументаў аб вылучэнні, замацаваных у Выбарчым кодэксе. А вось суд Партызанскага раёну увогуле не даследваў у працэсе разгляду скаргі пратаколы вылучэння ў склад камісій прадстаўнікоў праўладных арганізацыяў.

Яшчэ адна акалічнасць, на якую звяртае ўвагу суразмоўца, – вызначэнне колькаснага складу камісій да моманту іх фармавання.

rashennie_kolkasc_kamisii.jpg
Юры Чавусаў прыводзіць прыклад рашэнняў адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска: 29-м снежня датавана рашэнне пра колькасны склад камісій, а 3-м студзеня – рашэнне па персаналіях. Пры тым, што вылучэнне ў УВК адбывалася да 31-га снежня.
“Калі ў судах мы прасілі запатрабаваць рашэнне раённай адміністрацыі пра фармаванне камісій, нам прыносілі два асобныя. Адно – пра вызначэнне колькаснага складу, другое – пра вызначэнне персанальнага складу. Пры гэтым суддзя задала вельмі разумнае пытанне: “Чаму вы вызначылі колькасны склад да заканчэння вылучэння ў склад участковых камісіяў? Што б вы рабілі, калі б менш заявак было пададзена? Пасля яна ўжо зразумела, што не тое спытала, і на гэтым увагу не акцэнтавала. Але любы разумны чалавек гэтае пытанне падтрымае. Да таго ж, ніводная камісія не сфармаваная ў максімальным складзе – 19. То бок, калі б нават вылучаліся 2-3 прадстаўнікі апазіцыі, то яны б усё роўна фармавалі камісію не ў максімальнай колькасці, а меньшую – спасылаючыся на сваё ранейшае рашэнне”.

Атрымліваецца, што вызначаны Выбарчым кодэксам тэрмін фармавання ўчастковых камісіяў насамрэч не выконваецца, што з’яўляецца грубым парушэннем.

Пра збоі ў адміністратыўным механізме сведчыць яшчэ адна акалічнасць, на якую ўказвае Юры Чавусаў.

“Я прыехаў у Маскоўскі суд з аналагічнага працэсу ў Першамайскім судзе. Там я заўважыў у дакументах адзін пратакол – пад адным нумарам, за адну дату, ад адной арганізацыі, гэта Мінская гарадская арганізацыя Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, але пры гэтым у Першамайскім раёне ён вылучае аднаго прадстаўніка ў УВК гэтага раёна, а ў Маскоўскім раёне – вылучае прадстаўнікоў у УВК па гэтым раёне. Датэлефанавацца да арганізацыі па пазначаным у пратаколе тэлефоне не атрымалася – на адваротным баку мне адказалі што гэта прыватны тэлефон”.

На яго думку, каб мімінізаваць падобнага кшталту збоі, раённымі адміністрацыямі і прымаюцца захады кшталту асобнага вызначэння колькасці складу камісій. Відаць, так ім прасцей каардынаваць розныя псеўдаграмадскія арганізацыі і лаяльныя партыі, з дапамогай якіх яны запаўняюць участковыя камісіі.

Чарговая цікавая ілюстрацыя, якую паказаў Юры Чавусаў, датычыцца “вытворчага прынцыпу” фармавання УВК і паказвае, хто і якім шляхам у іх праходзіць.

vytvorchy_pryncyp-pratakoly.jpg
Пратаколы вылучэння ва УВК №5 па Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 у Першамайскім раёне Мінска

На фота пратакол працоўнага калектыва Аб’яднанага інстытута праблемаў інфарматыкі НАН Беларусі і побач аналагічна аформлены пратакол ад прафсаюзнай арганізацыі гэтага ж калектыва. Такім чынам яны вылучылі двух чалавек у адну участковую камісію – і абодвух уключылі.

“Тое, што прадстаўнікі Партыі БНФ высветлілі падчас даследвання ў судзе матэрыялаў, прадстаўленых раённымі адміністрацыямі ў якасці падставаў для прыняцця рашэнняў аб фармаванні ўчастковых камісій, высвятляецца кожны раз падчас падобнага кшталту судовых працэсаў, – адзначае Юры Чавусаў. – І тыя тлумачэнні, якія адміністрацыі агучваюць падчас сваіх паседжанняў і ў судах, не маюць юрыдычнага значэння”.

Падводзячы рысу, незалежныя назіральнікі адзначаюць, што пры мажарытарнай выбарчай сістэме ў Беларусі роля палітычных партый нівелюецца. І гэтая спецыфіка палітычнай сістэмы і выбараў у прыватнасці адлюстроўваецца канкрэтна ў працэсе фармавання выбарчых камісій. Асноўнымі арганізатарамі выбараў у краіне з’яўляюцца пяць праўладных грамадскіх арганізацый, якія “традыцыйна” маюць большасць у камісіях.

Паводле кампаніі  “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Жнівень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.