Партыя БНФ » Вадзім Саранчукоў: “Не вераць людзі, што праз выбары можна нешта змяніць”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вадзім Саранчукоў: “Не вераць людзі, што праз выбары можна нешта змяніць”

Дададзена 16.01.2018 5:31:41 | 487 праглядаў

Прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый Гарадзеншчыны канстатуюць, што жыхарам Беларусі мясцовыя выбары 2018 года нецікавыя.

На думку кіраўніка гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, грамадзяне не вераць у тое, што выбарамі магчыма нешта змяніць:

Саранчукоў 2016– Не вераць людзі, што праз выбары можна нешта змяніць. Чалавек не ведае свайго дэпутата, не ведае, што можа ад яго патрабаваць, не верыць, што праз гэтыя выбары можа змяніцца сітуацыя ў краіне. Таму і стаўленне такое. Адпаведна, якое стаўленне грамадзян, такое стаўленне і палітычных арганізацый. Уся сістэма, увесь працэс накіраваныя на тое, каб мінімізаваць удзел грамадзяніна ў жыцці дзяржавы. Тое самае мэтава падводзіцца для палітычных арганізацый. 

Сябра Партыі БНФ і Руху “За Свабоду” Эдвард Дмухоўскі канстатуе, што рэжым дамогся апалітычнасці грамадзян Беларусі:

– За доўгія гады існавання гэтага рэжыму на Беларусі ён дамогся таго, што людзі сталі абсалютна апалітычнымі. Іх не цікавяць выбары. Яны не вераць у гэты працэс. Яны не ведаюць сваіх дэпутатаў. І па вялікім рахунку – ведаць не хочуць. Таму што ад тых дэпутатаў нічога не залежыць. Дзяржава ўзяла ўсе функцыі на сябе, яна прызначае дэпутатаў, а тое, што кажуць простыя людзі, іх думкі ніхто не ўлічвае.

Палітыкі канстатуюць, што ўлада хутчэй за ўсё зарэгіструе ўсіх, нават апазіцыйных, кандыдатаў. Аднак з-за адсутнасці апазіцыі ў камісіях яны не змогуць сачыць за выбарчым працэсам.

Сябра БХД, кіраўнік кампаніі “Права Выбару” па Гарадзеншчыне Сяргей Верамеенка лічыць, што ў жыхароў Беларусі назіраецца агульная апатыя, якая тычыцца ўсіх выбараў. Актывіст упэўнены, што гэта апатыя да сістэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі:

– Гэта не толькі ў гарадзенскіх палітыкаў ці сяброў партыі. Гэта такая агульная апатыя ў грамадстве. Апатыя ўвогуле да выбараў як інстытута, які штосьці можа вырашаць. Ну, і таксама апатыя да мясцовых выбараў, да саветаў, якія практычна нічога не вызначаюць. Якія не маюць права фармаваць той жа мясцовы бюджэт.

Мясцовыя выбары адбудуцца ў Беларусі 18 лютага 2018 года. Прадстаўнікі беларускага Цэнтрвыбаркаму канстатуюць, што Гарадзенская вобласць будзе вобласцю, дзе амаль не будзе барацьбы паміж кандыдатамі з-за малай колькасці прэтэндэнтаў.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Верасень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.