Партыя БНФ » Аляксей Янукевіч: Шэсьце ў Дзень Волі будзе кульмінацыяй, але не адзіным мерапрыемствам на 100 год БНР
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Янукевіч: Шэсьце ў Дзень Волі будзе кульмінацыяй, але не адзіным мерапрыемствам на 100 год БНР

Дададзена 17.01.2018 9:50:31 | 453 праглядаў

Арганізатары сьвяткаваньня 100 год незалежнасьці БНР зьбіраюцца падаваць заяўку на дэманстрацыю ў Менску і на двухгадзінны мітынг-канцэрт.

янукевіч78 (2)Пасяджэньне працоўнай групы па вулічнай акцыі на Дзень Волі арганізацыйнага камітэту па сьвяткаваньні 100-гадовага юбілею абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі прайшло ў Менску 16 студзеня. На ім удакладнілі ў тым ліку тэхнічныя дэталі заяўкі на менскую вулічную акцыю 25 сакавіка, распавёў Радыё Свабода сябра аргкамітэту, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Працоўная група вырашыла падаваць заяўку, якая будзе прадугледжваць гадзіну на збор на плошчы Якуба Коласа, гадзіну на дэманстрацыю па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Свабоды, дзьве гадзіны на мітынг-канцэрт на плошчы Свабоды.

Аргкамітэт, кажа Янукевіч, мае перасьцярогі адносна таго, што ўлады ня ўхваляць заяўку менавіта ў такім фармаце (летась акцыю не дазволілі і жорстка разагналі), але што рабіць у такім выпадку, будуць вырашаць пазьней: пакуль альтэрнтыўныя варыянты не прапрацоўваюцца.

Але рыхтуецца, кажа Янукевіч, «вялікая колькасьць рознага кшталту мерапрыемстваў»: выставы, лекцыі, круглыя сталы, прысьвечаныя юбілею БНР. Таксама ёсьць «крэатыўная група» па «нестандартных» мерапрыемствах і «нефармальных» ідэях, да якой заклікаюць далучацца шырокую грамадзкасьць, у тым ліку «вядомых блогераў». У наступны панядзелак аргкамітэт мае разглядзець і зацьвердзіць шэраг «нестандартных» мерапрыемстваў.

«Акцыя 25 сакавіка будзе такім пікам, кульмінацыяй сьвяткаваньня, а ўвесь тыдзень да 25 сакавіка — на кожны дзень будуць прадугледжаныя тыя ці іншыя мерапрыемствы», — сьцьвярджае Янукевіч.

Раней блогер Эдуард Пальчыс разам з пляцоўкай «Арт Сядзіба» і крамай symbal.by, а таксама Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» абвясьцілі пра пачатак нацыянальнай кампаніі сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР — яны бачаць сьвяткаваньне шматфарматным, з інтэрнэт-флэшмобамі, вечарынамі, кірмашамі і іншымі мерапрыемствамі.

 

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.