Заява Рады Моладзі БНФ з нагоды адлічэння з БДУ Ганны СмілевічДададзена 21.01.2018 12:03:35 | 3,292 праглядаў З нагоды пагрозы адлічэння з Белдзяржунівэрсітэту старшыні Моладзі БНФ Ганны Смілевіч Рада Моладзі БНФ прыняла заяву. Мы, актывісты Моладзі БНФ занепакоены станам правоў і свабод студэнтаў(ак) і выкладчыкаў(ыц) беларускіх універсітэтаў. Сёння ў чарговы раз гэтыя правы былі парушаны. У Інстытуце журналістыкі БДУ распачаты працэс адлічэння старшыні “Моладзі БНФ” Ганны Смілевіч. Мы лічым гэтае адлічэнне палітычна матываваным, бо напярэдадні супрацоўнікі КДБ вялі адпаведную працу з выкадчыкамі, распытвалі пра тое ці не з’яўляецца Ганна Смілевіч кіраўніком нейкай моладзевай арганізацыі, як ставіцца да БНФ, БРСМ і г.д. Таксама адзначаем, што да абрання кіраўніком “Моладзі БНФ” у Ганны Смілевіч не было праблем з вучобай, а адразу пасля абрання яны з’явіліся. Гэтае адлічэнне з’яўляецца грубым парушэннем акадэмічных свабодаў і паказчыкам адсутнасці аўтаноміі універсітэтаў і цалкам пацвяржае залежнасць беларускіх дзяржаўных універсітэтаў ад ідэалагічнай вертыкалі. Па сутнасці, адміністрацыя дзяржаўных універсітэтаў прымае рашэньні па адлічэньні студэнтаў без узважанай, справядлівай ацэнкі паспяховасці вучобы , а згодна з загадамі ідэолагаў і спецслужбаў. Таксама нагадваем, што у 2017 годзе з гістарычнага факультэта БДУ за актыўную грамадска -палітычную дзейнасць (а менавіта за удзел у мірнай акцыі па абароне мемарыялу – месца растрэлу рэпрэсаваных “Курапаты”) быў адлічаны экс-кіраўнік Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч. Да гэтага моманта суд не жадае разглядаць яго справу, а кожны семестар Юрась Лукашэвіч атрымоўвае адмову ў аднаўленні. Увогуле за 2016-2018 годы з беларускіх універсітэтаў былі адлічаны каля 15 студэнтаў за актыўную грамадска -палітычную дзейнасць у тым ліку за ўдзел у мірных сходах. У той жа момант ціску падвяргаецца не толькі кіраўніцтва Моладзі БНФ, але і шэраговыя сябры арганізацыі, якія вучацца ва ўніверсітэтах ці школах і якія праяўляюць сваю актыўную пазіцыю. Выклікі да дэканата, адміністрацыі школы, абмеркаванне прадастаўнікамі адміністрацыі навучальных установаў асабістых старонак актывістаў у сацыяльных сетках сталі ўжо звычайнай справай. Усё гэта ў сукупнасці сцвярджае тое, што рэпрэсіі ў адносінах да актыўных студэнтаў працягваюцца, ва ўніверсітэтах адсутнічае рэальнае самакіраванне, акадэміцкія вольнасці. Універсітэты цалкам падкантрольны ідэалагічным адзелам і спецслужбам. Мы рашуча асуджаем выключэнне Ганны Смілевіч і выпадкі палітычнага ціску на студэнтаў у цэлым і патрабуем: Ад БДУ: 1) Спыніць выключэнне Ганны Смілевіч з Інстытута журналістыкі БДУ 2) Аднавіць намесніка старшыні Партыі БНФ Юрася Лукашэвіча на гістарычным факультэце Ад усіх беларускіх універсітэтаў: 3) Аднавіць студэнтаў і студэнтак адлічаных раней за грамадска-палітычную дзейнасць і ніколі ў далейшым не ўжываць рэпрэсіі у вынлядзе адлічэння у адносінах да студэнтаў за іх грамадска-палітычную дзейнасць. Таксама звяртаемся да міжнародных партнёраў беларускіх універсітэтаў з просьбай звярнуць увагу на дадзеныя выпадкі парушэння правоў студэнтаў і прыняць адпаведныя крокі, каб не дапускаць такіх адлічэнняў у будучым. А менавіта – звярнуцца да беларускіх універсітэтаў з патрабаваннем аднавіць усіх адлічаных студэнтаў і студэнтак за грамадска-палітычную дзейнасць, а таксама патрабаваць ад адміністрацыі беларускіх універсітэтаў зрабіць неадкладныя захады па забяспечэнні правоў і свабодоў студэнтаў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, замацаваныя ў Magna Charta Universitatum і згодна прынцыпаў Балонскага працэсу.
Рада Моладзі БНФ, 20 студзеня 2018 г. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|