Партыя БНФ » Былыя палітвязьні: “Адлічэнне Ганны Смілевіч – гэта палітычная замова”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Былыя палітвязьні: “Адлічэнне Ганны Смілевіч – гэта палітычная замова”

Дададзена 25.01.2018 12:13:59 | 335 праглядаў

Адлічэнне старшыні Моладзі БНФ Ганны Смілевіч з БДУ выклікала самы сапраўдны рэзанас у грамадстве, і многія сыходзяцца ў адным – гэта палітычнае рашэнне.

Былыя палітвязні распавялі сайту palitviazni.info, што яны думаюць з гэтай нагоды.

Павел Севярынец:

Павал Севярынец– Я сам быў студэнтам, а таму ведаю, як ставяцца да актывістаў у ВНУ. Атрымліваў я і папярэджанні, мяне таксама адлічалі, хаця застаўся вучыцца дзякуючы рэктару БДУ Аляксандру Казуліну.

Таму для мяне відавочна, што адлічэнне Ганны Смілевіч – гэта абсалютна палітычная замова. З усёй гэтай сітуацыі проста скразіць, што быў загад пазбавіцца ад лідара моладзевай арганізацыі Партыі БНФ. І загад быў выкананы. Ні ў якія адлічэнні дзеля вучобы пасля сесій, якія паспяхова здаваліся, я проста не веру. Мы добра ведаем, што такое – беларуская сістэма адукацыі, таму ўсё гэта не вельмі прыгожа з боку БДУ.

У любым нармальным універсітэце ва ўсім свеце грамадска-актыўную студэнтку насілі б на руках. Яна была б гонарам ВНУ, і ўсе б казалі: “У нас вучыцца лідар моладзевай нацыянальнай арганізацыі”. Але ў Беларусі рэжым антынацыянальны. Улады лічаць, што актыўны чалавек сярод сотняў і тысяч равеснікаў – гэта небяспечна для ўлады. Таму сітуацыя зразумелая, і сёння Ганне можна проста пажадаць вытрымкі. Магчыма, яна працягне вучобу ў якім-небудзь іншым ВНУ альбо за мяжой, калі палічыць гэта патрэбным для сябе.

Зміцер Дашкевіч:

Зьміцер Дашкевіч–  Натуральна, гэта было палітычнае рашэнне. Факультэт журналістыкі, дарэчы, заўсёды адрозніваўся сваёй палітызаванасцю, бо дзяржпрапаганда сочыць за тым, каб дыпломы атрымлівалі правераныя людзі, якія далей будуць працаваць на гэтую сістэму.

Прыклады адлічэння папярэдніх кіраўнікоў “Моладзі БНФ” – таму пацвярджэнне. Моладзевых актывістаў амаль заўсёды выключаюць за “непаспяховасць”, бо іх нельга адлічыць і сказаць пры гэтым адкрытым тэкстам – “па палітычных матывах”. Маладафронтаўца Івана Шылу адлічылі са школы за няздачу англійскай мовы. Уяўляеце, чалавека выгналі са школы! А затым Іван, які свабодна размаўляў у той жа школе на англійскай мове, здаў у войску іспыт па гэтаму прадмету на дзесятку.

У нас палітвязняў таксама адпраўляюць за краты быццам бы па крымінальных артыкулах . Дык няхай тады людзі, якія сумняваюцца, што Ганну Смілевіч адлічылі не па палітычных матывах, і ўсіх палітычных зняволеных называюць бандзітамі.

Мікола Дзядок:

Дзядок– Універсітэты ў нас – даўно не інстытуты адукацыі, а фабрыкі па вытворчасці працоўнай сілы для багацеяў, казармы для ідэялагізацыі моладзі і прывучвання яе да пакоры, – напісаў былы палітвязень на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Фактычна лайтовы варыянт арміі. І выкладчыкі не маюць у іх аніякай самастойнасці, робяць тое, што ім загадае начальства, а “людзей у цывільным” баяцца як агню, бо хтосьці ледзь пачаў кар’еру (“мне тут еще работать”), а камусці ўжо хутка на пенсію.

“Заваліць” у прынцыпе можна ЛЮБОГА студэнта – ва ўмовах, калі рашэнне выкладчыка аспрэчыць фактычна немагчыма. Выкладчык – ісціна ў апошней інстанцыі, бо студэнт у нас – ніхто, і адносіны з выкладчыкам выбудоўваюцца па прынцыпе “начальнік-падначалены”. Паставіць пытанне належным чынам, выдумаць тое, чаго не было ў білетах – ды мільён ёсць спосабаў зрабіць так, каб ты не здаў экзамен, нават, калі ты ад падручнікаў не адліпаў увесь семестр. І запісвай – не запісвай на дыктафон, усе будзе выглядаць прыгожа і прыстойна.

…Што там у галаве ў Смілевіч, я не ведаю. Многія прафесійныя апазіцыянеры сапраўды імкнуцца жыць на захадзе больш, чым змагацца ў Беларусі. Але верыць прадстаўнікам рэжыму (выкладчыкам), казаць што за палітыку ў нас не адлічваюць – гэта дно і брыдота.

Нагадаем, што ў свой час быў выключаны з Белдзяржуніверсітэта і яшчэ адзін былы кіраўнік “Моладзі БНФ” Франак Вячорка, які сёння пра “палітычныя” адлічэнні распавядае на сваёй старонцы ў Фэйсбук так:

DSCF0471“Упэўнены, што выключэнне старшыні Моладзі БНФ Ганны Смілевіч з журфаку — палітычнае. Дакладна 10 год таму мяне подла адлічалі з таго самага журфаку, і я расскажу, як гэта было. 2008-ы год. Я тады кіраваў Моладдзю БНФ, вучыўся на трэцім курсе, сярэдні бал 8,7, павышаная стыпэндыя. На самім факультэце палітыкай не займаўся, хіба што ў нас была беларускамоўная суполка… Тады быў канвеер судоў над прадпрымальнікамі, якіх судзілі за вулічныя пратэсты, судзілі і маіх сяброў. Мы з Антонам Каліноўскім прыйшлі на суд над Юляй Сяўцовай (Цэнтральны суд, колішні будынак Ліцэя, дзе я вучыўся, судзілі ў кабінеце завуча). Нас таксама забралі, і пасадзілі на 15 сутак за лаянку”.

Па словах Франака Вячоркі, “адседку не палічылі на журфаку паважлівай прычынай, склікалі экзаменацыйныя камісіі, па рускай літаратуры паставілі 3, па беларускай мове 2, хаця па апошняй па рэйтынгу і па курсавой было 10.

“Лукашэнкаўскі сябрук Іўчанкаў, які кіраваў працэсам, сказаў, што ганьба такім невукам вучыцца на журфаку, – працягвае ён. – Журфак у тыя дні стаў Інстытутам журналістыкі, прыехаў Лукашэнка, загадаў навесьці парадак, і праз пару дзён мяне адлічылі. Дэкан Дубовік сказаў, што да яго прыходзілі і ад яго нічога не залежыць… Рэшта настаўнікаў, якія падпісалі дакумэнт, у тым ліку знакаміты Цікоцкі, са слязьмі прасілі прабачэння. Я ім потым адправіў лісты з вершам Сокалава-Воюша “Верш пра маўклівых”.

Франак распавядае, што сябры-студэнты арганізавалі кампанію ў яго падтрымку, за што ім бязмерна будзе ўдзячны ўсё жыццё.

“Потым я судзіўся з журфакам, прайшоў усе інстанцыі, – пасудсумоўвае Франак. – Хоць вынік відавочны, я адчуваў сваю маральную перамогу. Усё здымалася камерамі БТ і КДБ. Потым паспрабаваў зноў паступіць, але мяне зарэзалі на этапе “прафесійна-псіхалагічнага сумоўя”, і нават не прынялі дакументаў. А потым я паступіў у ЕГУ, правучыўся там 3 месяцы, і ў адзін зімовы дзень мяне скавалі ў кайданкі, збілі да страты прытомнасці, і незаконна загрэблі ў войска на паўтара году. Пасля войска я падаў заявы на працяг адукацыі ў 13 беларускіх універсітэтаў (пасля тэрміновай службы маеш права), і ў парушэнне закону – мне ЎСЕ адмовілі. Простаму чалавеку выляцець з журфаку складаней, чым паступіць. Пакуль ты не займаешся грамадскай дзейнасцю і не трапляеш на вочы спецслужбаў. Тады любога можна заваліць і маральна задушыць, што і адбылося з Ганнай Смілевіч. У такіх выпадках вельмі важная салідарнасць і падтрымка, а самае галоўнае —магчымасць працягваць адукацыю”.

palitviazni.info

Травень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.