Партыя БНФ » У Віцебску супраць кандыдата ў гарсавет ад БНФ выкарыстоўваюць фэйкавы акаўнт праваабаронцы ў сацсетках
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Віцебску супраць кандыдата ў гарсавет ад БНФ выкарыстоўваюць фэйкавы акаўнт праваабаронцы ў сацсетках

Дададзена 01.02.2018 3:42:56 | 347 праглядаў

У сацсетцы «Фэйсбук» зьявілася несапраўдная старонка віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава. На ёй невядомыя разьмясьцілі правакацыйны ролік пра сябру Сойму Партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава, які зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты Віцебскага гарсавета па акрузе №15.

фэйк fake newsУ сацсетцы «Фэйсбук» зьявілася несапраўдная старонка віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава – паведамляе Радыё Свабода. На ёй невядомыя разьмясьцілі правакацыйны ролік пра актывіста Хрыстафора Жаляпава, які зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты.

Пра зьяўленьне фальшывай старонкі, створанай нібыта ад ягонага імя, Левінаву паведамілі знаёмыя, калі новы карыстальнік «Фэйсбуку» папрасіўся да іх у сябры.

Паводле праваабаронцы, ён бачыць некалькі прычынаў для актывізацыі тых, хто займаецца падобнымі правакацыямі.

«Першы момант — гэта выбарчая кампанія. А я яшчэ за два месяца да выбараў склаў сьпіс будучых абраньнікаў і даслаў Ярмошынай — маўляў, выбары можна не праводзіць, і так усё ясна. Другі — сытуацыя ў калёніі „Віцьба“, дзе парушаюцца правы замежнага грамадзяніна Алана Сміта, і я паведамляю пра гэта грамадзкасьці ў сацыяльных сетках. Трэці — абнародаваныя мною зьвесткі пра сьмяротны прысуд, вынесены Віцебскім абласным судом, які ня быў улічаны афіцыйнай статыстыкай. Да ўсяго, я бачу відавочную спробу пасварыць мяне з прадстаўнікамі віцебскіх дэмакратычных сілаў, зрабіўшы зь мяне „фэйка“. Але гэта не атрымаецца», — гаворыць Павал Левінаў.

На фальшывай старонцы, створанай ад імя Левінава, зьмешчаны допіс пра тое, што ён нібыта «ня хоча супрацоўнічаць» зь віцебскім актывістам Хрыстафорам Жаляпавым, які балятуецца на сёлетніх выбарах. І спасылкі на два відэаролікі, дзе стваральнікі імкнуцца скампрамэтаваць кандыдата ў дэпутаты.

Спадар Жаляпаў на іх зьяўленьне адрэагаваў спакойна. Ролікі правакацыйнага зьместу са сваім «удзелам» ён бачыць не ўпершыню, і зьяўляюцца яны зазвычай акурат падчас выбарчай кампаніі.

Спробы дыскрэдытаваць актывістаў у сацыяльных сетках назіраліся і раней. У сьнежні мінулага году невядомыя спрабавалі скампрамэтаваць падобным чынам сяброў незалежнага прафсаюзу СПБ з Полацку Мікалая Шараха і Віктара Стукава.

Радыё Свабода нагадвае, як можна паскардзіцца на фэйкавы акаўнт у сацыяльных сетках – Facebook, Instagram, Twitter, «Укантакце» і «Аднаклясьнікі».

Facebook, як і іншыя сацыяльныя сеткі, дазваляе карыстальнікам паскардзіцца на фальшывы акаўнт. Ніжэй прыводзяцца інструкцыі для «настольных» вэрсіяў сацсетак (тых, што паказваюцца карыстальнікам настольных кампутараў). У мабільных вэрсіях прынцып скаргаў на фэйкі той самы, толькі інтэрфэйсы мабільных праграмаў зьнешне крыху іншыя.

Праз тыя ж мэню, празь якія можна паскардзіцца на фэйк, сацсеткі дазваляюць паскардзіцца на непажаданую рэкляму (спам) або нават паведаміць адміністрацыі сацсеткі, што чалавеку патрэбная дапамога (напрыклад, калі ён згубіўся ў лесе або піша пра жаданьне скончыць жыцьцё самагубствам).

Пасьля скаргі акаўнт не абавязкова выдаліцца — усё залежыць ад мадэратараў Facebook, якія будуць спраўджваць, ці не фальшывая сама скарга на фальшывую старонку.

Facebook

Каб паскардзіцца, трэба націснуць на старонцы карыстальніка на шматкроп’е побач з кнопкай «Паведамленьне» (Message), пасьля на «Паскардзіцца» (Report).

Далейшае мэню на момант публікацыі перакладзенае на беларускую толькі часткова. У ім трэба выбраць, пра што менавіта вы хочаце паведаміць — у выпадку фэйкавага акаўнту гэта «Report this profile» (паведаміць пра гэты профіль). У наступным мэню — «They’re pretending to be me or someone I know» («Яны прытвараюцца мной ці кімсьці, каго я ведаю»), калі старонка імітуе рэальнага чалавека, або «Гэта несапраўдны ўліковы запіс» («This is a fake account»), калі імітуе несапраўднага або гістарычнага пэрсанажа. Затым папросяць удакладніць, каго імітуе акаўнт: у выпадку сапраўднага чалавека на выбар прапануюць «Me» («Мяне»), «Someone I know» («Кагосьці, каго я ведаю») і «A celebrity» («Вядомую асобу»).

Урэшце Facebook дае выбар, у якім можна выбраць адразу некалькі пунктаў: «Даслаць у Facebook на разгляд» («Submit to Facebook for Review»), пасьля націсканьня на які папросяць увесьці імя сапраўднага карыстальніка, калі такі ёсьць на Facebook; «Заблякаваць …» («Block …»), каб ня бачыць больш пастоў і паведамленьняў фэйкавага карыстальніка; «Схаваць усё ад …» («Hide all from …»), каб больш ня бачыць пастоў, але захаваць магчымасьць перапіскі; «Message your friend» («Напісаць сябру») у выпадку, калі вы ведаеце чалавека, на фэйк якога скардзіцеся.

«УКантакце», Twitter і іншыя

Ці ня ўсе сацсеткі прапануюць скардзіцца на фэйкі паводле падобнага прынцыпу.

У Twitter і Instagram трэба націснуць на шматкроп’е справа ад кнопкі «Чытаць/Чытаю» («Follow/Following»), затым «Паскардзіцца» («Report»).

Ва «ЎКантакце» трэба націснуць на шматкроп’е пад кнопкай «Напісаць паведамленьне», затым на «Паскардзіцца на старонку» і запаўняць форму, падобную да апісанай вышэй.

У «Аднаклясьніках» пад кнопкай «Напісаць паведамленьне» («Написать сообщение») трэба знайсьці пункт «Іншыя дзеяньні» («Другие действия») — і там «Паскардзіцца» («Пожаловаться»).

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.