Партыя БНФ » «Людзі не адчуваюць адказнасці чыноўнікаў перад выбарнікамі». Навошта беларусам дэпутаты?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Людзі не адчуваюць адказнасці чыноўнікаў перад выбарнікамі». Навошта беларусам дэпутаты?

Дададзена 05.02.2018 12:03:59 | 136 праглядаў

Чаму праблемы ёсць, але развязваць іх ніхто не спяшаецца? Ці патрэбныя людзям дэпутаты? Пра нешматлюдныя сустрэчы з незалежнымі кандыдатамі на дэпутацтва і агульную апатыю людзей да бліжэйшых «выбараў» – Сцяпан Святлоў з тэлеканалу Белсат.

У кожным горадзе, паселішчы ды вёсцы ёсць свае праблемы. Тут, у Глебкавічах, узімку не працуе крама – няма ацяплення.

«Перавялі магазін туды, у Ліпавую [Калоду], а тут няма нічога – і хлеба не ўзяць», – кажа жыхарка в. Глебкавічы Марыя Паддубная.

Замест крамы павінная прыязджаць аўталаўка. Вось толькі дзе яна?

Для моладзі з уласнымі аўтамі гэта не праблема. Бліжэйшая крама – у суседняй вёсцы, за паўтара кіламетра. Але як быць мясцовым жыхарам сталага веку? Аўтобусныя маршруты тут дзіўныя.

«У той бок ідзе на Ліпавую Калоду – не становіцца, а назад ідзе – ужо становіцца».

Спрыяць развязанню праблемаў у першую чаргу павінныя мясцовыя дэпутаты. Аднак калі аб праблемах людзі добра ведаюць, то дэпутатаў тых на вочы не бачылі.

«Мы не ведаем ані прозвішча, ані імені. Я не ведаю, як іншыя ў вёсцы, а я не ведаю. Кажуць, што жанчына», – распавядае жыхарка вёскі Надзея Колтун.

Кандыдат у дэпутаты Менскага абласнога і раённага ды Калодзішчанскага сельскага саветаў ад Партыі БНФ  Ілля Дабратвор адзначае, што кожны дэпутат мае механізмы развязання такіх праблемаў.

«Ён можа прыехаць да Белкаапсаюзу і лабіраваць інтарэсы гаспадара гэтай крамы. Магчыма, на нейкі перыяд, каб ён зрабіў цяпло, вызваліць ад падаткаў», – адзначае кандыдат на дэпутацтва Ілля Дабратвор.

Кандыдат Дабратвор планаваў сустрэцца з жыхарамі, каб абмеркаваць усе праблемы сельсавету: акрамя крамаў, гэта і перыядычныя адключэнні электрычнасці, і нячышчаныя дарогі. Вось толькі на сустрэчу ў вёсцы Старына з паловы тысячы жыхароў… ніхто не прыйшоў.

Такую ж пазіцыю падзяляе і кандыдат на дэпутацтва па Асаналіеўскай акрузе № 15 сталіцы Дзяніс Ціханенка. Памочнік дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай на ўласным досведзе ведае, што такое нешматлюдныя сустрэчы з патэнцыйнымі выбарнікамі. Паводле Ціханенкі, адсутнасць інтарэсу да выбараў у людзей сведчыць пра тое, што яны проста не бачаць сэнсу ў працы гэтых дэпутатаў, дый у самыя «выбары» не надта вераць. Таму ўлады вымушаныя ўжываць нават адміністрацыйныя рэсурсы дзеля прыцягнення ўвагі да сваіх кандыдатаў.

«На сённяшні дзень настаўнікі просяць прыходзіць бацькоў на такія сустрэчы. Пад выглядам агульнашкольных сходаў – бацькі прыходзяць на такія сустрэчы, аказваецца, што гэта сустрэчы з дэпутатам», – распавядае кандыдат на дэпутацтва Дзяніс Ціханенка.

«Зараз настолькі нізкі ўзровень даверу грамадзянаў да ўладаў, тым больш, да абіранай улады, таму што людзі не адчуваюць адказнасці чыноўнікаў перад выбарнікамі», – кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 28-га склікання прызначаныя на 18-га лютага.

 

Сцяпан Святлоў, тэлеканал «Белсат»

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.