Партыя БНФ » Лідэр БНФ Рыгор Кастусёў піша пра “гібрыдную беларусізацыю” Давыдзькі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ Рыгор Кастусёў піша пра “гібрыдную беларусізацыю” Давыдзькі

Дададзена 05.02.2018 8:54:47 | 392 праглядаў

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі (і зь нядаўняга часу кіраўнік «Белай Русі») Генадзь Давыдзька даслаў адказ на прапанову старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і мастака Міколы Купавы паўдзельнічаць у адзначэньні сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рыгор Кастусёў прапаноўваў сярод іншага ствараць на дзяржаўных тэлеканалах сюжэты і рубрыкі пра БНР, зладзіць у дзяржаўнай прэсе дыскусіі і круглыя сталы, прысьвечаныя БНР, зрабіць рэпартажы пра зьвязаныя з БНР музэйныя мерапрыемствы.  У адказе Генадзя Давыдзькі сьцьвярджаецца, што БТ «таксама зацікаўленае ў максымальна аб’ектыўным асьвятленьні згодна з уласнай рэдакцыйнай палітыкай» 100-годзьдзя БНР.

Давыдзька таксама прапанаваў Рыгору Кастусёву «вынесьці на шырокую публічную дыскусію ня толькі пытаньні панэгірычнага кшталту аб стварэньні БНР», але і закрануць «такія неадназначныя пытаньні, як сумна вядомы зварот Рады БНР да «Яго імпэратарскай Велькасьці Нямецкага Кайзэра» або мэмарандум старшыні БНР у эміграцыі Васіля Захаркі з заклікам да Гітлера пра падтрымку».

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў наступным чынам пракамэнтаваў ліст Давыдзькі:

ВЫГІБЫ ГІБРЫДНАЙ БЕЛАРУСІЗАЦЫІ

Вось такі адказ мы з Міколам Купавам атрымалі на наш зварот да Белтэлерадыёкампаніі пра неабходнасць належным чынам асвятляць падзеі, звязаныя са стагоддзем БНР. Звярну ўвагу, што мы не патрабавалі ад БТ немагчымага, разумеючы яе ролю ў структуры дзеючай улады: прапановы (http://narodny.org/?p=16279) датычыліся аб’ектыўнага інфармавання пра тыя мерапрыемствы, што ўжо запланаваныя дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі. І, безумоўна, мы будзем надалей ціснуць у гэтым напрамку.

Сам жа гэты адказ можна камэнтаваць з розных ракурсаў. Можна іранічна адзначыць, што ў інтэрнэт-спрэчках выкарыстанне аргумэнта пра Гітлера ёсьць яскравым сведчаннем паразы ў дыскусіі: хто першым прыгадаў у размове нямецкага фюрэра – той фактычна прызнае, што аніякіх іншых, больш грунтоўных аргумэнтаў для адстойвання сваёй пазіцыі ў яго няма. Выходзіць, апроч гэтай слабой тэзы аніякіх іншых сродкаў, каб запляміць імя БНР чорнай фарбай, у дзяржаўных прапагандыстаў няма. Як спрацавалі раней “Дзеці хлусні” ці нікчэмная хлусня пра “паліцая Пазняка” – так і працуюць па старых метадычках.

Можна і пра мэмарандум Захаркі паразмаўляць і прыгадаць, што ў часы, калі той дакумент складаўся, Еўропа была ў стане паглынання двума таталітарнымі рэжымамі, і ўжо ў тым жа 1939 годзе саветы і нацысты разам падзялілі кантынент. І, вядома, колькі мільёнаў беларускіх жыццяў каштавала сардэчнае сяброўства двух катаў, увасобленае ў пакце Молатава-Рыбентропа.

Калі спадар Давыдзька забыўся – то мы можам у парадку дыскусіі яму нагадаць. У шэрагах Беларускага Народнага Фронту яшчэ дастаткова шмат людзей, якія змагаліся з Гітлерам і нацысцкай навалай не ў прапагандысцкіх перадачах і “патрыятычных” прамовах на святочных парадах – а са зброяй ў руках. Дай ім бог здароўя!

А Захарка ж, калі нацысты прыгадалі яму няўдалы дакумент – ён ад прапанаванага супрацоўніцтва з імі адмовіўся.

Дарэчы, калі кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі прызнае паўнамоцтвы Захаркі падаваць мемарандум ад імя БНР у 39-м годзе, то выходзіць, гэтая кампанія не прызнае рашэнняў другой берлінскай канферэнцыі 25га года, якая абвясціла урад БНР ліквідаваным? Цікавы пасаж атрымліваецца.

Можна і пра тэлеграму кайзеру Вільгельму паразмаўляць, і прыгадаць, якія тэлеграмы адсылалі ў Маскву бальшавіцкія кіраўнікі, у тым ліку даючы справаздачы пра колькасць растраляных беларусаў і пра посьпехі ў вынішчэнні беларускай мовы. І як гандлявалі беларускай зямлёю, аддаючы яе ў заклад то ў Берасці, то ў Рызе, або па іншых дамовах.

Адказ гэты можна было б па рознаму камэнтаваць – і, паўтаруся, мы будзем весьці перапіску і з дзяржаўнымі СМІ па гэтым пытанні. Спадзяюся, прапанова Давыдзькі пра публічную дыскусію азначае ў тым ліку намер гэтую дыскусію асвятляць. Будзем на гэты ліст спасылацца.

Але зараз я хацеў бы сказаць пра іншае.

За некалькі дзён да адпраўкі гэтага адказу сп. Давыдзька быў абраны кіраўніком ГА “Белая русь”, гэтай “нібыта-партыі” (не сачу, ці на гэтым тыдні яны пра сабе як пра партыю кажуць? ці як пра грамадзкае аб’яднанне, якое ставіць за мэту арыманне замежных грантаў?). І некаторыя СМІ з захапленнем цытавалі ягоныя выказванні пра тое, што яны як бы і ня супраць адзначаць юбілей разам.

Гэты адказ, як і некаторыя іншыя публікацыі апошняга часу (накшталт “ліста пастаўскай настаўніцы супраць беларускага ўніверсітэту”), сведчаць пра пэўныя асаблівасці ідэалагічнай лініі, якая ўзятая цяпер рэжымам. Сама беларуская мова ці, скажам, Пагоня перастаюць быць для ўладаў варожым маркерам. Не з нейкай ідэалагічнай эвалюцыі, а з простых, практычных меркаванняў. Тэма БНР для іх прыймальная ў якасці таго, што можна скарыстаць для абгрунтавання ўстойлівасці рэжыму і кансэрвацыі яго ў якасці звыкла-унылай, нязменнай стабільнасці.

Гэта як ў савецкія часы, паўстанне Каліноўскага трактавалася ў рэчышчы камуністычнай ідэалогіі не як нацыянальна-вызвольная барацьба, а праз прызму класавай барацьбы.

На гэта раім звярнуць увагу тых, хто разлічвае на нейкую вытанчаную гульню рэжыму ў “беларусізацыю”. Няма ніякай вытанчанай гульні: ёсьць даволі прымітыўны прапагандысцкі інтарэс, і калі беларусізацыя і ёсць, то яна вось такая, гібрыдная. Улады імкнуцца адшукаць любыя дадатковыя падпоркі для сваёй “стабільнасці”.

Што ж нам, беларусам, у гэтай сітуацыі рабіць? А выкарыстоўваць яе, пераўтвараючы “гібрыдную беларусізацыю” у сапраўдную. Вялікая роля тут належыць грамадзянскай ініцыятыве, і, у тым ліку, гэта праяўляецца ў працы грамадскага аргкамітэту па адзначэнні стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР: калі мы не будзем накідваць уладзе свой парадак дня, то вялікі беларускі юбілей так і застанецца нагодай для таго каб БТ зняло чарговы прапагандыскі фільм пра тое, што кансэрвацыі сёняшняй постсавецкай улады няма альтэрнатывы.

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.