Партыя БНФ » Віцебск: агітацыйныя пікеты апазіцыйных кандыдатаў пад пільнай увагай спецслужбаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Віцебск: агітацыйныя пікеты апазіцыйных кандыдатаў пад пільнай увагай спецслужбаў

Дададзена 08.02.2018 3:36:38 | 307 праглядаў

Заўважнай адметнасцю сёлетніх перадвыбарчых апазыцыйных пікетаў у Віцебску стала абавязковая прысутнасць на іх супрацоўнікаў спецслужбаў, якія вядуць непрыхаваную відэафіксацыю.

Пра гэта пішуць назіральнікі на сайце “Віцебская вясна”.

27332253_2025002727767529_3543871501893788254_nТак, не абмінулі людзі ў цывільным і пікет чатырох кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага гарсавету ад Партыі БНФ, які прайшоў на пачатку лютага ля гандлёва-забаўляльнага цэнтру “Марка-Сіці”.

Удзельнікі пікету – Аляксей Гаўруцікаў з Пралетарскай выбарчай акругі №53, Хрыстафор Жаляпаў з Лучоскай выбарчай акругі №15, Аляксандар Ільінец з Моладзевай выбарчай акругі №29 і Уладзімір Сіманковіч з Лазоўскай выбарчай акругі №11 – нагадалі віцебчукам пра выбары, пра Партыю БНФ, пра нацыянальны сцяг ды адказалі на пытанні цікаўных выбаршчыкаў.

Пікет ладзіўся ў людным месцы, але падыходзіць да кандыдатаў у дэпутаты наважваліся нямногія. Як мяркуюць удзельнікі пікету, гэта адбылося і з той прычыны, што невядомы відэаапэратар у чорным, відаць, з мэтай усебаковай фіксацыі падзеяў, метадычна абыходзіў месца пікету па коле.

Грамадзкасць насцярожвае, што кожны пікет апошнім часам становіцца аб’ектам увагі спецслужбаў, падкрэсліваюць назіральнікі.

Пад увагу спецслужбаў патрапілі і актывісты БХД, якія 31 студзеня выступалі супраць блакіроўкі сайту «Хартыя-97». Агітуючы віцебчукоў галасаваць за кандыдатку ў дэпутаты Віцебскага гарсавету па Чкалаўскай акрузе №18 Ірыну Захараву, яны нагадвалі пра канстытуцыйнае права беларусаў на свабоду слова.  Увесь час, пакуль хрысціянскія дэмакраты агітавалі, з супрацьлеглага боку вуліцы Леніна за дзеяннямі актывістаў і грамадзянаў назіралі невядомыя асобы ў цывільным.

“Ад пачатку агітацыйнай кампаніі мы праводзім ужо трэці пікет. Абурае прысутнасьць непадалёк ад нашых пікетаў невядомых асобаў, якія вядуць за намі непрыхаванае сачэнне. Учора на пікеце нас было чатыры жанчыны, а вось апекаваліся намі ажно пяцёра супрацоўнікаў МУС ці КДБ. Стаяць непадалёк дужыя мужчыны і здымаюць на камеру – робіцца брыдка. Некаторых пільных гараджанаў такая сітуацыя напружвае, бо людзі не жадаюць трапляць у аб’ектыў спецслужбаў.

Тым не менш, пэўны эфэкт ад нашых пікетаў ёсць. Сёння ўвагу мінакоў прыцягваюць невялікія плакаты ў нашых руках: «Чытаю Хартыю», «Гляджу Белсат», «Так ня будзе». Праязджаюць у грамадскім транспарце людзі, праходзяць мінакі – звяртаюць увагу, чытаюць, а некаторыя нават падыходзяць і гукаюць: «Жыве Беларусь!»”, – распавяла кандыдатка назіральнікам.

Увогуле, паводле назіральнікаў, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў актыўна ўдзельнічаюць у агітацыйных пікетах. Але, нягледзячы на падвышэнне градусу палітычнай актыўнасці, назваць сёлетнія выбары ў мясцовыя саветы свабоднымі і дэмакратычнымі язык не паварочваецца.

Рэакцыя гараджанаў на пікеты досыць стрыманая. Размаўляць з пікетоўцамі, кандыдатамі ў дэпутаты ці прадстаўнікамі прэсы віцебчукі амаль не наважваюцца. Дзяржаўная прапаганда, абмежаванасць доступу да свабодных медыяў і адсутнасць унутранай патрэбы ў актыўнай грамадзянскай паіцыі спрычыніліся да агульнай абыякавасці і няверы: людзі не спадзяюцца, што можна змяніць палітычную сітуацыю праз выбары.

Паводле кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.