Партыя БНФ » Сойм Партыі БНФ прыняў заяву з ацэнкай умоваў выбарчай кампаніі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм Партыі БНФ прыняў заяву з ацэнкай умоваў выбарчай кампаніі

Дададзена 17.02.2018 11:56:32 | 553 праглядаў

Ацэнка ўмоваў правядзеньня выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў XХVIII скліканьня – прынятая Соймам Партыі БНФ 10 лютага 2018 году

Напярэдадні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія прызначаныя на 18 лютага, улады Беларусі не зрабілі аніякіх крокаў у накірунку прывядзеньня ўмоваў выбарчага працэсу ў адпаведнасьць з крытэрамі свабодных і справядівых выбараў згодна са стандартамі АБСЭ. У выбарчае заканадаўства не былі ўнесеныя зьмены, рэкамэндаваныя айчыннымі ды міжнароднымі назіральнікамі: не створаны агульнанацыянальны рэестр выбаршчыкаў, не зьменены парадак фармаваньня выбарчых камісіяў, захаванае бескантрольнае й неабмежаванае датэрміновае галасаваньне, якое стварае зручныя магчымасьці для фальсыфікацыяў, не ўстаноўлены празрысты й сумленны парадак голаснага падліку галасоў, не створаныя гарантыі роўных умоваў для ўдзелу ў выбарчай кампаніі ўсіх кандыдатаў.

У Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі палітвязьні, практыкуюцца адвольныя ператрусы ў офісах арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці й грамадзкіх актывістаў, шырока ўжываюцца затрыманьні і адміністратыўны перасьлед удзельнікаў масавых акцыяў пратэсту, а ў дачыненьні да апанэнтаў улады ўчыняецца ціск па месцы працы й вучобы.

Гэткія ўмовы робяць немагчымай іншую ацэнку бягучай выбарчай кампаніі, чым як звычайнай для Беларусі працэдуры прызначэньня ўладамі адміністратыўным чынам сваіх стаўленікаў у мясцовыя саветы, якія толькі па назве зьяўляюцца ворганамі мясцовага самакіраваньня, а насамрэч ёсьць кантраляванымі выканаўчай ўладай і пазбаўленымі рэальнай самастойнасьці дэкаратыўнымі элемэнтамі палітычнай сыстэмы.

Яскравай праявай правядзеньня выбарчай кампаніі ў звыклым рэжыме поўнага адміністратыўнага кантролю зьявілася фармаваньне выбарчых камісій без удзелу прадстаўнікоў апазыцыі. Ад структур Беларускага Народнага Фронту у склад участковых камісіяў было вылучана 65 прадстаўнікоў, зь іх у склад камісій былі ўключаныя толькі чатыры чалавекі, што зьяўляецца найменьшай колькасьцю ад 2003 году.

Па ўсёй краіне кандыдаты ад БНФ ды іншых апазыцыйных партыяў сутыкаюцца з перасьледам і незаконнымі маніпуляцыямі ў агітацыйнай кампаніі, у той час як для кандыдатаў-прызначэнцаў улады й вылучэнцаў ляяльных уладам партыяў створаны рэжым найбольшага спрыяньня. У тым ліку з боку выбарчых камсій ужываецца дэзынфармаваньне выбарчшыкаў і дыскрэдытацыя апазыцыйных кандыдатаў у вачах грамадзян праз маніпуляцыі пры вырабе друкаваных матэрыялаў: выбарчыя камісіі ў масавым парадку скажаюць прадстаўленыя для публікацыі біяграфічныя і праграмныя зьвесткі, прыбіраючы любую дадатную інфармацыю пра апазыцыйных кандыдатаў, у той час як кандыдаты-прызначэнцы ўладаў падаюцца ў выключна пазытыўным ключы.

Па выніках студзеньскага візыту ў Беларусь спэцпрадстаўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЕ Кента Харстэда стала вядома, што ўлады краіны дэкляравалі адмову ад працягу распачатага ў 2016 працэсу рэфармаваньня выбарчага заканадаўства з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ.

Такім чынам, падчас бягучай выбарчай кампаніі Беларусь не толькі не наблізілася да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў, а нават пагоршыла ўзровень сваёй адпаведнасьці крытэрам АБСЭ.

Асаблівае абурэньне й трывогу выклікае скаардынаваная атака дзяржаўных медыяў супраць кампаніі назіраньня за выбарамі “Права Выбару-2018″. У гэтай кампаніі назіраньня бяруць ўдзел Партыя БНФ і ўсе вядучыя структуры дэмакратычнай апазыцыі. У сытуацыі адсутнасьці паўнавартасных місіяў замежных назіральнікаў робіцца прынцпова важнай дзейнасьць унутраных назіральнікаў, сярод якіх кампанія “Права Выбару” традыцыйна вылучаецца як самая маштабная, якая ахоплівае ўсе рэгіёны і чыі ацэнкі традыцыйна вызначаюцца аб’ектыўнасьцю і прафэсіяналізмам. Партыя БНФ рашуча асуджае негатыўныя ацэнкі дзейнасьці каардынатараў кампаніі “Права Выбару-2018″, якія прагучалі ў этэры дзяржаўных тэлеканалаў АНТ і БТ-1, кваліфікуе гэтыя абвінавачаньні як бездоказныя й заснаваныя на маніпуляцыях хлусьлівымі сьведчаньнямі ананімных крыніцаў, на падтасоўках фактаў, якія былі пададзеныя тэлегледачам разам з матэрыяламі незаконнага й злачыннага праслухованьня офісу кампаніі назіраньня.

Партыя БНФ расцэньвае гэтую інфармацыйную атаку як спробу дыскрэдытаваць абгрунтаваныя ацэнкі выбарчага працэсу, якія робяцца назіральнікамі на аснове выяўленых імі бясспрэчных фактаў незаконных маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў выбараў.

Партыя БНФ выказвае салідарнасьць з каардынатарамі кампаніі назіраньня “Права Выбару-2018″, супраць якіх былі скіраваныя неабгрунтаваныя абвінавачаньні дзяржаўных прапагандыстаў, выяўленыя ў наўмысна некарэктнай форме, якая супярэчыць стандартам сумленнай журналістыкі й парушае кодэкс журналісцкай этыкі.

Партыя БНФ з занепакоенасьцю адзначае, што гэткага кшталту прапагандысцкія атакі звычайна выкарыстоўваюцца ўладамі як мэдыйнае суправаджэньне кампаніяў рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці: так было зусім нядаўна са справай “Белага Легіёну”, якая развалілася й не дайшла да суду, так у 2001 і 2006 гадах было і са справамі супраць каардынатараў кампаніяў незалежнага назіраньня. Мы перасьцерагаем улады ад ціску на назіральнікаў і на суб’ектаў кампаніі “Права Выбару-2018″, у тым ліку заклікаем праваахоўныя органы спыніць крымінальную справу супраць кіраўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП і спыніць масавыя і беспадстаўныя допыты сябраў прафсаюза.

Улічваючы выкладзеныя абставіны, Партыя БНФ расцэньвае выбарчую кампанію па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў як працэдуру прызначэньня ўладамі ўласных стаўленікаў у мясцовыя органы ўлады, якая не мае нічога агульнага са свабоднымі і сумленнымі выбарамі.

Партыя БНФ заяўляе пра недавер выбарчым камісіям, што сфармаваныя без удзелу прадстаўнікоў апазыцыі: вынікі выбараў, якія будуць агучаныя гэтамі камісіямі, ня будуць заснаванымі на сапраўдным волевыяўленьні грамадзянаў, а сфармаваныя на падставе гэтых вынікаў мясцовыя Саветы дэпутатаў ня могуць лічыцца сапраўднымі органамі мясцовага самакіраваньня.

Партыя БНФ зьвяртае ўвагу БДІПЧ АБСЭ і ўсіх міжнародных структураў, якія кампэтэнтныя ў справе маніторынгу выбарчых кампаніяў, на кампанію дыскрэдытацыі ўнутраных назіральнікаў, якая ажыцьцяўляецца цяпер дзяржаўнымі мэдыямі Беларусі – мы заклікаем міжнародныя арганізацыі выкарыстаць усе магчымыя механізы палітычнага ціску для прадухіленьня магчымай эскалацыі рэпрэсіяў у Беларусі па выніках выбарчай кампаніі.

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.