Партыя БНФ » Намесьнік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў у праграме “Праскі акцэнт” на Радыё Свабода даў сваю ацэнку мясцовым выбарам
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намесьнік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў у праграме “Праскі акцэнт” на Радыё Свабода даў сваю ацэнку мясцовым выбарам

Дададзена 11.02.2018 12:05:08 | 140 праглядаў

На што разьлічваюць кандыдаты ад апазыцыі, калі бяруць удзел у мясцовых выбарах? Як асьвятляюць выбары мясцовыя СМІ? Якая самая балючая праблема для людзей у краіне і ў рэгіёнах?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць кандыдаты ў дэпутаты: з Бабруйску — кандыдатка ад «Гавары праўду» Ірына Купцэвіч, з Берасьця — лідэр абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, з Горадні — старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Дракахруст: Праз тыдзень у Беларусі адбудуцца мясцовыя выбары, у разгары выбарчая кампанія, у якой вы трое ўдзельнічаеце. Ступень свабоды беларускіх выбараў агульнавядомая. Тым ня менш нават такія выбары, такая выбарчая кампанія — гэта своеасаблівы тэст, вымярэньне грамадзкай тэмпэратуры. Дык вось што паказвае гэты тэст, што вы ўбачылі, пачулі падчас вашых выступаў, сустрэчаў зь людзьмі, вашай камунікацыі з народам? Вас што-небудзь зьдзівіла, уразіла?

Ірына Купцэвіч

Купцэвіч: Вы ведаеце, я хадзіла зьбірала подпісы, зараз сустракаюся з людзьмі падчас агітацыі. Я амаль ня бачу людзей, якія б падтрымалі дзеючую ўладу. Самыя звычайныя людзі, я ім адкрыта кажу пра тое, што выбараў няма, і яны ўсе пра гэта ведаюць, яны з гэтым пагаджаюцца. І большасьць кажа, што на выбары ісьці ня вельмі жадае і звычайна гэтага ня робяць. Мяне зьдзівіла, што фактычна ўсе ўсё ведаюць і ўсе ўсё разумеюць, але ня робяць з гэтым нічога.

Дракахруст: Ірына, вы сказалі «ня надта падтрымліваюць». А якая-небудзь прага да чагосьці іншага ёсьць? Каго-небудзь падтрымліваюць?

Купцэвіч: Людзі ня ведаюць і ня бачаць, каго яны могуць падтрымаць. А калі я размаўляю зь імі, бачна, што яны вельмі моцна хочуць зьменаў, але яны ня вераць ні ў ва што і ні ў каго. Калі да іх прыйсьці і пераканаўча зь імі пагаварыць, расказаць ім пра сябе, пра тое, што ты можаш зрабіць, даказаць, што ты можаш гэта — яны гатовы паверыць кожнаму, калі чалавек будзе гучаць пераканаўча. Вось, што мне падалося, калі я зьбірала подпісы. Як толькі я пачынала размаўляць з людзьмі, у іх у вачах загаралася надзея. Але да гэтага яны перада мной зачынялі дзьверы і казалі — нікога слухаць не хачу, нікому ня веру. То бок надзея і жаданьне зьменаў у іх ёсьць, але яны ня ведаюць людзей, якім маглі бы давяраць. І на гэтай глебе можна працаваць

Дракахруст: Вадзім, а вам гэты «тэрмомэтар» выбарчай кампаніі што-небудзь паказаў? Вы чагосьці не чакалі з таго, што вам казалі людзі?

Саранчукоў: На самой справе, гэты «тэрмомэтар», як вы кажаце, ня толькі для нас, але і для ўлады. Першы тэст фармаваньня выбарчай камісіі ўжо паказаў, які фармат будзе ў гэтай кампаніі, які будзе фармат гэтых так званых выбараў. Ніводнага нашага прадстаўніка ў камісію не ўключылі, таму гэтая «тэмпэратура па палаце» ў аддзяленьні, дзе ляжаць прадстаўнікі адміністрацыі, застаецца мінімальнай. Ні на якія зьмены яны нязгодныя.

Што тычыцца людзей, то абсалютна відавочна, што цягам апошніх гадоў у людзей адбілі веру ў любыя выбары. Людзі ня вераць у выбары, не зьвязваюць сваю будучыню з мясцовымі ці нейкімі іншымі дэпутатамі. Маё такое ўражаньне склалася на пікетах, на зборах подпісаў. На сёньняшні дзень пазыцыя грамадзяніна — «абы мяне не чапалі». Тыповая беларуская пазыцыя, насамрэч. Я назіраю гэта ад кампаніі да кампаніі. Такі «выбарчы нігілізм». Адмаўленьне і непрыманьне такой сыстэмы ў людзей усё ўзрастае і ўзрастае. Людзі проста ня вераць. Цалкам дапускаю, што дзесьці ва ўладных калідорах лунае падкупная думка, што выбары можна проста адмяніць.

Дракахруст: Ігар, у сьвеце ёсьць досьвед так званых «цудоўных выбараў», нават мясцовых, калі той ці іншы аўтарытарны рэжым праводзіў выбары так, як заўжды, а раптам вынік аказваўся не такі. Прыкметы такога цуду ёсьць на гэтых выбарах?

Маслоўскі: Значная частка людзей сапраўды шукае альтэрнатыву. І мы павінны стаць альтэрнатывай для людзей. Я магу прывесьці просты прыклад. Мы сабралі подпісы за адзін дзень. Гэта было для мяне сапраўдным адкрыцьцём. Напрыклад, адзін пад’езд я прайшоў пэрсанальна з калегам і 100% людзей паставілі за мяне подпісы. Ёсьць дакумэнтальныя пацьвярджэньні гэтаму. Столькі пэўна нават за Лукашэнку не падпісалася б. Таму ў першую чаргу мы павінныя быць гатовыя стаць альтэрнатывай для людзей. Гэта галоўны матыў для нас у гэтых выбарах.

Навошта балятавацца на выбарах, дзе ўсё перадвызначана?

Дракахруст: А калі больш падрабязна пра вось гэты матыў. Я ведаю, што ваша партыя, адна з нешматлікіх апазыцыйных партыяў, вылучыла больш, чым на папярэдніх выбарах, хаця ўсе астатнія вылучылі менш. І яно зразумела.

Многія скептыкі, напрыклад, мой калега Віталь Цыганкоў, зьвяртаюцца да такіх кандыдатаў, як вы, з пытаньнем — на што вы разьлічваеце? Няўжо ня ведаеце, якімі лічбы будуць выбарчых бюлетэнях, нашто трацяцца рэсурсы, час, нашто напрошваецеся часам на непрыемнасьці для вас і чальцоў вашых камандаў? Вось вы кажыце — стаць альтэрнатывай. Ярмошына гэту альтэрнатыву зафіксуе?

Ігар Маслоўскі

Маслоўскі: Пэўную рацыю скептыкі маюць, але ёсьць і другая праўда. 54 кандыдаты вылучаныя ад маёй партыі, пры гэтым 29 — у Берасьцейскай вобласьці. Дапусьцім, што заўтра адбудзецца цуд і зьменіцца ўлада. Але нягледзячы на тое, што ў нас больш паловы кандыдатаў у Берасьцейскай вобласьці, напрыклад, у Камянецкім раёне заўтра мы не гатовыя прыйсьці да ўлады. А ў горадзе Берасьце мы гатовыя ўзяць 50% гарадзкога савету, сфармаваць мясцовую ўладу і кіраваць горадам. А ў Камянецкім раёне — не гатовыя.

Гэта тычыцца нас і ўсёй апазыцыі. Таму мы павінны рэальна змагацца за рэальныя галасы. Павінны мець рэальныя рэйтынгі 50% і вышэй. Таму калі адбудзецца цуд ці рэвалюцыйны шлях, мы павінныя быць гатовыя перамагчы на новых сапраўдных выбарах. Безумоўна, мы ня можам мець дзесяткі тысячаў чальцоў партыі. Але мы павінныя мець касьцяк, які заўтра можа абрасьці мясам і сфармаваць паўнавартасную ўладу на месцы.

Гэта будзе самым галоўным у будучым фармаваньні ўлады на месцах. Бо калі гэтага ня зробім мы, то выйдуць людзі з плякатамі «Пуцін, дапамажы», «Белая Русь» праз суткі стане палітычнай партыяй, і яны зоймуць тое поле, якое мы проста ня зможам заняць, бо ў нас ня будзе ні вопыту, ні людзей, ні ідэяў. Таму мы ўдзельнічаем, каб мець рэальны рэйтынг рэальных людзей, каб усе бачылі, што мы і ёсьць альтэрнатыва.

Дракахруст: Ірына, а вы што маглі б адказаць скептыкам?

Купцэвіч: Я амаль не ні што не спадзяюся. Ёсьць зараз меркаваньне, што пэўная колькасьць удзельнікаў апазыцыі, грамадзкай супольнасьці, пройдзе, але думаю, што гэта буду дакладна не я, а хтосьці іншы. Я ўдзельнічаю ў выбарах, па-першае, для таго, каб пазыцыянаваць сябе як мясцовага палітыка, а па-другое, каб сустракацца з людзьмі, размаўляць зь імі, каб працаваць зь імі далей, каб знайсьці новых прыхільнікаў нашай арганізацыі. Галоўная мая мэта — гэта актывізаваць людзей, зрабіць іх менш абыякавымі, трохі зьменшыць пазыцыю «мая хата з краю». Таму што зараз большасьць людзей, як гаварыў Вадзім, такой пазыцыі і трымаецца. І з гэтай пазыцыяй нічога ня зьменіш. І пакуль людзі думаюць так, цяжка разьлічваць на тое, што нехта прынясе нам на сподачку зьмены, якіх мы жадаем.

Людзей трэба аб’ядноўваць, трэба іх актывізаваць, ствараць грамадзянскую супольнасьць — гэта мая галоўная мэта. Рэсурсаў я шмат ня трачу, я пастаралася па мінімуму ўкласьці сваіх грошай, каб надрукаваць самыя элемэнтарныя ўлёткі. Таму што наша камісія ніяк не інфармуе людзей пра тое, хто ёсьць кандыдаты і што яны зь сябе ўяўляюць. Я разьлічваю на тое, што людзі проста даведаюцца пра мяне, пра маю арганізацыю, стануць больш зацікаўленымі ў палітычных працэсах, якія адбываюцца ў краіне, і будуць больш актыўна сябе праяўляць як чальцы грамадзянскай супольнасьці.

Саранчукоў: На самой справе трэба пагадзіцца зь Ігарам і Ірынай. Ёсьць праблема легальнай дзейнасьці ў пэрыяд паміж выбарчымі кампаніямі, калі не дазваляюцца ні масавыя мерапрыемствы, ні ўвогуле кантакт з грамадзянамі. Таму гэтая кампанія — гэта акурат спосаб, не патрапіўшы за гэта на суткі ці на штрафы, зладзіць нейкую публічную дзейнасьць, пікеты, сустрэчы, надрукаваць і распаўсюдзіць нейкія матэрыялы. Мы ў Горадні праводзім тэматычныя пікеты, да стогадовага юбілею БНР быў пікет, іншыя тэматычныя сустрэчы праводзілі.

Адзін з кандыдатаў падае заяўку, мы легалізуемся на вуліцы і без перашкоды з боку адміністрацыі, міліцыі можам гадзінамі займацца тым, чым у нармальных краінах займаюцца пастаянна, але мы ў Беларусі такой магчымасьці пазбаўленыя. Мы назапашваем досьвед, які безумоўна неабходны, бо пытаньне «калі не Лукашэнка, то хто» вельмі актуальнае, і не ўсе могуць адказаць на гэтае пытаньне. Мы прапануем адказ на ўзроўні гораду і маем зараз магчымасьць агучыць яго легальна.

«Чацьвёртая ўлада» пра выбары другой

Дракахруст: Ці чуваць пра кампанію нешта ў мясцовых мэдыя? Абавязковыя выступы ў газэтах і на радыё ёсьць, наколькі я ведаю, ну а па-за гэтай «абязалаўкі» — пішуць мясцовыя газэты, інтэрнэт-выданьні нешта пра выбары? Я паглядзеў мясцовы друк у вашых і іншых рэгіёнах, дык газэты пра выбары даюць пераважна афіцыйныя паведамленьні, інфармацыю ЦВК ці мясцовых выбарчых камісіяў. У «Гарадзенскай праўдзе» бачыў «разынку» — падборку інтэрвію зь вядомымі ў горадзе і вобласьці людзьмі на тэму «чаму я іду на выбары». А пра кандыдатаў, пра праблемы рэгіёну, я нешта не заўважыў. Вадзім, як бы вы апісалі, як асьвятляюць выбары афіцыйныя і неафіцыйныя СМІ?

Саранчукоў БелсатСаранчукоў: Мясцовая прэса афіцыйная — у трэндзе пазыцыі грамадзтва. Грамадзтву выбары нецікавыя, афіцыйным мэдыя яны таксама нецікавыя. У іх матывацыя такая, што трэба мінімізаваць магчымасьці стасункаў незалежных, апазыцыйных кандыдатаў з людзьмі і па мінімуму данесьці да людзей інфармацыю пра іх. Мне была прапанова разьмясьціць маю праграму, але платна. То бок, з аднаго боку кампанія ідзе, але максымальна робіцца ўсё, каб гэта інфармацыя не зьявілася. Пры гэтым незалежныя СМІ досыць актыўна камунікуюць з кандыдатамі, на пікетах нашых увесь час прысутнічаюць і Свабода, і Белсат.

Дракахруст: Ірына, а як у Бабруйску? Я глядзеў, апроч іншага, «Магілёўскія ведамасьці», дык там пра выбары яшчэ больш сьціпла, ці ў «Гарадзенскай праўдзе». Адна Ярмошына, проста перадрукоўваюць Белта. нават лянуюцца сваімі словамі пераказаць. Але можа ёсьць іншыя нейкія выданьні, якія больш пра гэта пішуць?

Купцэвіч: Ведаеце, у нас у Бабруйску глуха. Ёсьць некалькі газэтаў: адна афіцыйная, астатнія прыватныя. Але пра выбары яны зьмяшчаюць толькі інфармацыю ад гарадзкой камісіі, каго рэгістравалі, якія даходы і г.д. Каб нехта пісаў пра актыўнасьць, я пакуль не заўважыла. Але заўтра ў Бабруйску будзе пікет, і адно гарадзкое м\дыя будзе пісаць пра гэта. А так усё глуха. Прапануюць за плату разьмяшчаць «партнэрскія матэрыялы» — артыкулы любога памеру пра кандыдата, яго дзейнасьць і г.д. Я бачыла, што ў рэчыцкай мясцовай газэце апублікавалі біяграфіі ўсіх кандыдатаў. У нас такога няма. Правільна Вадзім сказаў, што людзям нецікава, і таму ў нас пра гэта ня пішуць. Зойдзеш на сайт выданьня і не адчуваецца, што выбары адбываюцца ў краіне.

Дракахруст: Ігар, у вас тое самае? Можа калі ня пішуць наўпрост пра выбары, але можа гэта нагода пагаварыць хаця бы пра праблемы ў рэгіёне — што нам трэба, чаго мы хочам. Такое ёсьць?

Маслоўскі: З пачатку кампаніі збору подпісаў, калі мы рабілі некалькі пікетаў, я з калегамі пайшоў у гарадзкую выбарчую камісію і пакрытыкаваў іх, што мясцовыя дзяржаўныя мэдыя пра выбары нічога ня пішуць і людзі нічога ня ведаюць. І я вам скажу, што праз два дні журналіст «Вячэрняга Берасьця» мне пазваніў і запытаў, як ідзе кампанія. Невялічкая інфармацыя аб тым, як мы вядзем кампанію, была надрукаваная. І пра некаторых іншых кандыдатаў таксама. Невялічкі прарыў тут ёсьць, ёсьць незалежныя мэдыя, «Берасьцейскі кур’ер», хаця ён і выходзіць зараз толькі ў электронным фармаце. Гэтае выданьне здымала відэа зь некалькімі кандыдатамі, у тым ліку са мной, і гэта было разьмешчана на іх сайце.

Чаго беларусы хочуць больш за ўсё?

Дракахруст: Спадарства, хачу вярнуцца да самага пачатку нашай размовы і паглядзець на пытаньне ў іншым ракурсе. Летась прыкладна ў гэты ж час, у лютым, пачаліся масавыя пратэсты супраць дэкрэту аб «дармаедах». Гэта былі самыя масавыя і самыя шырокія паводле ахопу пратэсты за працяглы час. Тады пратэставала не адно сталіца, але і правінцыя ажно да малых гарадоў. Як зьмяніліся настроі за год, ці ёсьць нейкія такія тэмы — фокусы незадаволенасьці? Летась людзі былі незадаволеныя многім, але абурэньне сфакусавалася на адным: Не — дэкрэту № 3. Зараз, падчас выбараў, ёсьць нешта такое, адчуваеце вы гэта?

Саранчукоў: На самой справе, трэба разумець, што дзяржаўная адміністрацыя трымае руку на пульсе. Было відавочна, што той дэкрэт, які пачаў дзейнічаць у мінулым годзе, гэта было глупства, але глупства, зь якога вельмі хутка Лукашэнка выкруціцца ня мог. І па рыторыцы нават тады было зразумела, што ў тым выглядзе, у якім дэкрэт існаваў, ён існаваць ня будзе. Адпаведна на працягу гэтага году вяліся пошукі выйсьця з сытуацыі, як выкруціцца так, каб не заявіць, што я памыліўся, і каб мінімізаваць нэгатыўныя наступствы.

Што тычыцца таго, што людзі незадаволеныя. Людзі думаюць у першую чаргу аб тым, каб пайсьці ў краму і паглядзець, якія кошты. Вось цэны на бэнзін ужо ізноў падняліся. І для людзей майго кола гэта сапраўды адзін з каталізатараў магчымых незадаволенасьцяў у будучыні. Але сказаць, што ёсьць нешта толькі адно — на сёньняшні дзень няма такога. У нас пануе меркаваньне, што ўсё кепска. Я бы сказаў, што ёсьць глябальная незадаволенасьць.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Ігар, а вы можаце вылучыць нейкае адно асноўнае пытаньне, адну праблему, якая турбуе грамадзтва найбольш востра?

Маслоўскі: Такой агульнанацыянальнай тэмы няма. Але ў Берасьці ёсьць свой стрыжань, які аб’яднаў вакол сябе грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі і дзесяткі тысячаў людзей. Гэта будаўніцтва акумулятарнага заводу ў свабоднай эканамічнай зоне. І кожны дзень звычайныя людзі зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва гэтага заводу. Гэты пункт зьяўляецца адным з галоўных перадвыбарчых лёзунгаў нашай кампаніі, мы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, мы абяцаем, што, калі мы станем дэпутатамі, мы на заканадаўчым узроўні забаронім яго будаўніцтва. На сёньняшні момант грамадзкасьцю Берасьця сабрана больш за трыццаць тысячаў подпісаў, гэта 10% ад усіх жыхароў, уключаючы немаўлят. Гэта тэма аб’ядноўвае берасьцейцаў.

Ёсьць шмат прычынаў, чаму людзі выступаюць супраць будаўніцтва завода. Першае — гэта экалягічная, людзі баяцца за сваё здароўе. Адкуль будуць вылятаць сьвінец, серная кіслата, і гэта будзе назапашвацца вакол заводу і па ўсёй тэрыторыі гораду.

Другая прычына — эканамічная. Будаўніцтва аднаго гэтага заводу можа нашкодзіць будаўніцтву іншых вытворчасьцяў. Калі гэта будзе шкодная вытворчасьць, дык іншыя інвэстары проста ня прыйдуць і ня будуць укладваць сродкі ў разьвіцьцё гэтага рэгіёну. Нават тыя, якія зараз там працуюць: «Савушкін прадукт», іншыя малочныя прадпрыемствы, пастаўшчыкі гародніны. Любы рэпартаж канкурэнтаў на расейскім тэлебачаньні, што вытворчасьць знаходзіцца побач з акумулятарным заводам, адразу прывядзе да страты рынкаў збыту. Гэтая тэма аб’ядноўвае абсалютную большасьць берасьцейцаў. І як казаў адзін чалавек, зараз грамадзтва гораду падзеленая на дзьве вялікія катэгорыі: адны выступаюць за тое, каб цалкам завод забараніць, другія за тое, каб перанесьці яго на пэўную адлегласьць ад населеных пунктаў, ад прыродных і водных аб’ектаў і там яго будаваць.

Купцэвіч: Мясцовая тэма нумар адзін у Бабруйску — гэта дзіцячы шпіталь. Ён у нас у жахлівейшым стане. Гэта стары будынак, у якім рамонту не было, напэўна, ніколі. Проста жах. Я хаджу па людзях, і ўсе абсалютна скардзяцца на гэты шпіталь і гэтая тэма гучыць ужо некалькі гадоў. Некалькі гадоў таму запар нашая каманда «Гавары праўду» дамагалася выдзяленьня вылучэньня грошай. І яны былі вылучаныя з абласнога бюджэту для рамонту шпіталя, але нейкім таемным чынам яны растварыліся ў гарадзкім бюджэце на нейкія іншыя мэты, я ня ведаю, на якія.

У 2017 годзе людзі пачалі асабліва актыўна абурацца кепскім станам шпіталя. І, нарэшце, гарадзкія ўлады пачалі пра гэта турбавацца і сталі праводзіць нейкія акцыі, кшталту канцэрты ў падтрымку, дзе зьбіралі грошы, і проста прымусова зьбіралі з людзей ва ўсіх арганізацыях. Два, тры, пяць рублёў. Але гэтага ўсё роўна мала. Стала вядома, што для рамонту трэба чатыры ці пяць мільёнаў рублёў. І людзі цяпер абураюцца, маўляў, што гэта такое адбываецца ў краіне, калі для пабудовы шпіталя для чыноўнікаў пад Менскам у Ждановічах дзевяноста мільёнаў яны знайшлі, а на рамонт адзінага дзіцячага шпіталя ў Бабруйску, дзе лечацца ўсе дзеці Бабруйску, у іх няма гэтых пяці мільёнаў. Гэта тэма гучыць у Бабруйску пастаянна, і я чую гэта кожны дзень ад кожнага другога чалавека. Яны кажуць, што няма грошай. Грошы заўсёды ёсьць. Проста пытаньне, куды яны накіроўваюцца. Можна паменш рабіць розных імпрэзаў і знайсьці гэтыя сродкі.

Паводле Радыё Свабода

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.