Партыя БНФ » Вынікі лютаўскага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі лютаўскага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 15.02.2018 4:40:43 | 513 праглядаў

10 лютага ў цэнтральнай сядзібе БНФ адбылося пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Кіруючы орган партыі і руху заслухаў паведамленьні пра стан падрыхтоўкі партыі да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў і прыняў рашэньні па накіраваньні назіральнікаў ад партыі і руху на выбарчыя ўчасткі. Сойм абмеркаваў бягучую палітычную сытуацыю і стан падрыхтоўкі да адзначэньня стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

З дакладам пра ўдзел партыі ў палітычнай кампаніі “мясцовыя выбары” выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які адзначыў, што БНФ актыўна прымае ўдзел ва ўсіх кампанентах выбарчага працэсу. Сярод іншага, лідэр партыі адзначыў, што прадстаўнікі партыі вылучаліся ў акруговыя, тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, аднак, за рэдкім выключэньнем, прадстаўнікі Партыі БНФ не былі ўключаныя ў склад камісій: “Партыя БНФ вылучала звычайную колькасьць сваіх прадстаўнікоў, аднак у склад участковых камісій уключылі найменьшую ад 2003 года колькасьць нашых вылучэнцаў – толькі чатырох чалавек, пырчым па тых акругах, дзе вылучаюцца ў саветы не прадстаўнікі БНФ, а кандыдаты ад іншых партыяў дэмакратычнага кірунку” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня партыі падкрэсліў, што прадстаўнікоў БНФ не ўключалі ў выбарчыя камісіі нягледзячы на бездакорна аформленыя пратаколы вылучэньня, пры гэтым прадстаўнікі ад лаяльных рэжыму партыяў і аб’яднаньняў патраплялі ў склад камісій нават у тым выпадку, калі іх вылучэньне адбывалася з грубым парушэньнем Выбарчага кодэкса. Камісіі, сфармаваныя без удзелу апазыцыі, відавочна маюць на мэце на сумленны падлік галасоў, а выдачу лічбаў, якія патрэбныя выканаўчай уладзе.

Рыгор Кастусёў азначыў, што з 29 сябраў Партыі БНФ, якія былі вылучаныя кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў, былі зарэгістраваныя 24 кандыдаты ў дэпутаты, пры гэтым у шэрагу выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі былі абумоўленая недакладнасьцямі ў дакументах, якія былі падрыхтаваныя мясцовымі арганізацыйнымі структурамі.

Дакладчык распавёў пра перашкоды, якія чыняць выбарчыя камісіі ў працы дэмакратычных кандыдатаў, у прыватнасьці, праз несумленныя маніпуляцыі пры публікацыі біяграфічных зьвестак пра асобы кандыдатаў. У якасьці прыкладу ён прывёў факт, што нават у інфармацыі пра яго самога як пра кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага абласнога савета выбарчая камісія не пазначыла факт старшынства ў Партыі БНФ і ў грамадзкім аб’яднаньні БНФ “Адраджэньне”. З падобнымі перашкодаі сутынкнуўся і Ільля Даабратвор, які вядзе актыўную агітацыйную кампанію ў Калодзішчах па выбарах у Менскі абласны, Менскі раённы і Каладзішчанскі сельскі саветы, маюць праблемы і іншыя кандыдаты. Рыгор Кастусёў падкрэсліў важнасьць досьведу ўдзелу у выбарчай кампаніі для моладзі, і, у прыватнасьці, Мікіты Краснакуцкага, які балятуецца па Трактаразаводзкай выбарчай акрузе №57 ў Менску.

Старшыня Партыі БНФ адзначыў, што не мае ілюзіяў адносна шацаў кагосьці з апазыцыі патрапіць у мясцовыя саветы: нягледзячы на здабытую фронтаўскііі кандыдатамі падтрымку, у саветы будуць уключаныя толькі прызначэнцы ўладаў, і праца фальсіфікатараў выбараў будзе скіраваная менавіта на гэта. Пры такіх умовах Рыгор Кастусёў заклікаў партыйныя структуры ў часе датэрміновага галасаваньня сканцэнтравацца на назіраньні ў межах супольнай з іншымі дэмакратычнымі аб’яднаньняі кампаніі назіраньня “Права выбару-2018“.

На прапанову старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва Сойм прыняў палітычную заяву з ацэнкай умоваў правядзеньня выбарчай кампаніі-2018.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ, адказны сакратар Управы Зьміцер Салошкін выступіў перад сябрамі Сойму з дакладам па арганізацыйных пытаньнях падрыхтоўкі да дня выбараў і ўдзелу ў кампаніі назіраньня. Дакладчык паведаміў, што ў шэрагу акругаў назіраньне будзе ладзіцца толькі ў сам асноўны дзень галасаваньня 18 лютага, але ў шэрагу іншых акругаў, дзе кандыдаты-фронтаўцы маюць добрыя шанцы здабыць падтрымку выбаршчыкаў, назіральнікі будуць прысутнічаць на выбарчых участках і ў часе ўсіх пяці дзён датэрміновага галасаваньня.

На прапанову Управы Сойм прыняў рашэньне аб накіраваньні на ўчасткі назіральнікаў ад Партыі БНФ і ад Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” паводле прапанаванага сьпісу.

У дыскусіі па пытаньні ўдзелу у выбарах выступіў сябра Сойму сп. Уладзімер Кунцэвіч, які выказаўся на карысьць абмеркаваньня мэтазгоднасьці тактыкі удзелу партыі ў выбарах пры нязьменнасьці іх умоваў. Выступоўца прапанаваў зладзіць паьсля выбарраў канфэрэнцыю альбо шырокае абмеркаваньне па гэтым пытаньні.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў праінфармаваў сябраў Сойму пра вынікі працы нацыянальнага грамадзкага аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты аргкамітэт, ганаровым старшынём якога з’яўляецца акадэмік Гарэцкі, у апошнія месяцы значна пашырыўся за кошт далучэньня прадстаўнікоў разнастайных ініцыятываў і структураў грамадзянскай супольнасьці. Створаная працоўная група па правядзеньні 25 сакавіка акцыі на Дзень Волі “Сьвята Незалежнасьці”, вызначаны маршрут і ў Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне дэманстрацыі і мітынгу з канцэртам. Сустаршынём працоўнай групы з’яўляецца старшыня БНФ Рыгор Касутсёў, ён і падпісаў ад імя Партыі БНФ заяўку на правядзеньне масавай акцыі ў Менску.

Лагатып БНР100Рыгор Кастусёў распавёў Сойму пра працу створаных у межах аргкамітэту камісіяў і іншых працоўных органаў па падрыхтоўцы да юбілею, у тым ліку заклікаў выкарыстоўваць у працы зацьверджаны аргкамітэтам лягатып юбілею.

Таксама старшыня Партыі БНФ праінфармаваў Сойм пра свае сустрэчы з дзяржаўнымі чыноўнікамі з мэтах пераканаць іх далучыць дзяржаўны складнік да адзначэньня стагодзьдзя БНР і пра адказы, атрыманыя з Акадэміі Навук, Белтэлерадыёкампаніі, Міністэрства кульутры ды іншых дзяржаўных органаў. Сябры Сойму станоўча ўспрынялі інфармацыю пра ўдзел лідэра партыі ў дыскусіі пра стагоддзе БНР на старонках дзяржаўнай газэты “Зьвязда”. “Нажаль, пакуль што няма інфармацыі што да магчмага наведваньня ўрачыстасьцяў у Менску прадстаўнікамі дзеючай Рады БНР” – сказаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Лідэр партыі выказаў падзяку кіраўнікам партыйных аргструктураў, якія адгукнуліся на заклік ствараць рэгіянальныя арганізацыйныя камітэты па адзначэньніс тагодзьдзя БНР, што прагучаў на мінулым сьнежаньскім Сойме. З ініцыятывы БНФ альбо пры ўдзеле БНФ паўсталі аргкамітэты ва ўсіх абласных цэнтрах і ў некаторыях малых гарадах, такх як Слонім ды Ліда.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падкрэсліў, што стварэньне аб’яднанага агульнацыянальнага аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя БНР – гэта заслуга ў першую чаргу пэрсанальна лідэра партыі Рыгора Кастусёва, які здоліў правесьці складаныя перамовы і аб’яднаць рознаскіраваныя арганізацыйныя цэнтры. Гэта беспрэцэдэнтны прыклад яднаньня дэмакратычнай апазыцыі на грунцы выразнага каштоўнаснага прынцыпу.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў распавёў пра працу гарадзенскага аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя БНР, у тым ліку пра пададзеную заяўку на сустрэчу з кіраўніцтвам горада з прапановай мясцовым уладам далучыцца да адзначэньян слаўнага юбілею. Па словах кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, сябры Сойму Васіля Раманава, аналагічны зварот ад абласной арганізацыі БНФ па рашэньні гомельскага юбілейнага аргкамітэту пад старшынствам са спадаром Кацорам быў накіраваны і гарадзкім уладам Гомеля. Сябра Сойму Сяргей Пантус распавёў пра парцу юбілейнага аргкамтэту ў Лідзе і пра пляны правесьці канцэрт да стагодзьдзя БНР.

Сябра Сойму і намесьнік старшыні нацыянальнага аргкамітэту па адзначэньні юбілею БНР Алесь Жучкоў распавёў пра сьвяточную вечарыну з нагоды стагоддзя першага ўсебеларускага кангрэсу, якая адбылася з удзелам прадстаўнікоў БНФ у будынку, дзе сто гадоў таму адбываўся кангрэс, а цяпер месціцца Купалаўскі тэатр. Выступоўца таксама паведаміў пра вынікі збору подпісаў на карысьць пераіменаваньня вуліцаў у Менску і ўсталяваньне шыльдаў на будынках, зьвязаных з гісторыяй БНР – але пакль няма пазытыўнай рэакцыі ўладаў на гэткія грамадзкія ініцыятывы. Сябры Сойму былі праінфармаваныя пра правядзеньне 26 лютага агульнанацыянальнай дыктоўкі да стагодзьдзя БНР, а 24 лютага – навуковай канфэрэнцыі, прымеркаванай да слаўнага юбілею адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці. Апроч заплянаванага на 25 сакавіка канцэрту на Пляцы Свабоды плянуецца таксама і правядзеньне адмыловай канцэртнай праграмы ў памяшканьні, хоць буйнейшыя канцэртныя пляцоўкі (Палац Рэспублікі і Менск-Арэна) пакуль адмовілі арганізатарам.

Дакладчыкі заклікалі сябраў сойму сачыць за абвесткамі ў адпаведных суполках у сацыяльных сетках, у тым ліку па хэштэгу #БНР100

З дакладам пра палітыную сытуацыю перад Соймам выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які адзначыў, што пэрыяд пэўнай пазытыўнай дынамікі ў эвалюцыі ўладаў Беларусі, які назіраўся недзе да 2017 года, цяпер, відавочна, скончаны. Вынікі 2017 года сьведчаць пра негатыўную дынаміну ў справе рэпрэсіяў і перасьледу іншадумцаў, улады вяртаюцца да ранейшых практыкаў – у тым ліку гэта бачна і па тым, які сцэнар рэалізуюць улады ў часе гэтых мясцовых выбараў.

Шмат у чым гэта зьвязана з пэўнай стабілізацыяй эканамічных паказчыкаў, што зьвязана ў тым ліку са стабілізацыяй параўнальна высокіх коштаў на нафтту на ўзроўні вышэй за 60 даляраў за барэль.

Калі раней ўлады разлічвалі атрымаць нейкія грошы з Захаду, і з гэтай мэтай вымушаныя былі з аднаго боку імітаваць рэформы, а з іншага боку ўстрымлівацца ад найбольш брутальных рэпрэсіяў, то цяпер перад імі гэткай задачы не стаіць, мэты выманьваньня крэдытаў няма. Так, тактыкі рэжыму па ранейшаму маюць намер захаваць добрыя стасункі з Захадам, з Эўропай і ЗША, але калі зусім нядаўна гэта была логіка стасункаў “мы вучымся, але трэба час, не падганяйце нас”, то цяпер у стасунках з Захадам аярнуліся да пырнцыпу “не вучыце нас”.  Ва ўнутранай палітыцы гэта азначае вяртаньне да ранейшых схемаў “душыць і не пушчаць”, патрэбы ў дэманстрацыі хаця б уяўнай лібэралізацыі больш няма.

Аляксей Янукевіч прывёў канкрэтныя прыклады эскалацыі рэпрэсіўнай актыўнасьці рэжыму, у якасьці набольш красамоўнага адзначыўшы прыклад з выключэньнем з Белдзяржунівэрсітэту кіраўніцкі Моладзі БНФ і сябры Сойму Партыі БНФ Ганны Смілевіч (Пахолка). На прапанову намесьніка старшыні партыі Сойм прыняў заяву “Спыніць рэпрэсіі супраць беларускай моладзі!

Безумоўна, пэўныя пазытыўныя здабыткі ранейшай фазы замежнапалітычнай разрадкі застануцца – гэта і “бязьвіз” з развітымі краінамі з пэспэктывай яго падаўжэньня па тэрмінах, гэта і пэўнае пашырэньне прасторы магчымага ў культурніцкай сфэры, з магчымасьцю больш вольна ладзіць канцэрты ды іншыя культурніцкаія імпрэзы.

Алексей Янукевіч адзначыў, што ўлады цяпер думаюць не пра мясцовыя выбары, а ў першую чаргу пра 2019 і 2020 гады, пра парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Менавіта ў сьвятле гэтага парадку дня варта разглядаць прызначэньне новага пулу вышэйшых дзяржаўных прапагандыстаў – кіраўнікоў буйнейшых дзяржаўных СМІ (газэта “Савецкая Беларусь”, інфармагенцыя Белта, тэлеканалы). Па іх першых кроках бачна, што акцэнт будзе рабіцца на больш эфэктыўныя і вытанчаныя формы прапаганды, але ейны зьмест, гледзячы па ўсім, застанецца ранейшы. Райшым ўастанецца і накірунак на барацьбу з альтэрнатыўнымі каналамі пастапленьня інфармацыі – і ў гэтым рэчышчы сымптаматычнымі з’яўляюцца блакіроўкі вэбсайтаў і павелічэньне ціску на супрацоўнікаў тэлеканала Белсат. Падрыхтоўка зьменаў у закон аб СМІ і апошнія заявы дзяржаўных ідэёлягаў сьведчаць, што ўлады рыхтуюцца да паўнамаштабнага наступу на сацыяльныя сеткі – тут варта чакаць як актывізацыі працы фінансаваных дзяржавай акаўнтаў, так і блакіровак ды перасьледу недзяржаўных блогераў. Цікавым і трывожным прыкладам новай тактыкі ў інфармацыйным полі стаўся выпадак, які атрымаў назву #Прокопенягейт  – калі недзяржаўныя СМІ выдалілі са сваіх сайтаў інфармацыю па просьбе набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца.

Пры гэтым, як адзначыў Аляксей Янукевіч, калі раней улады трымаліся ў баку ад рэгуляваньня сфэры IT – прамысловасьці, то цяпер яны ўключаюць да яе звыклы для іншых сфэраў эканомікі фармат перніка і бізуна. “Мы бачылі, што гэта не прыносіць нічога добрага і вядзе да стагнацыі ў эканомікі на прыкладах іншых галінаў” – сказаў Аляксей Янукевіч, камэнтуючы пратэкцыянысцкія захады, распрацаваныя ў межах дэкрэту №8 – “Калі няма свабоды і няма прававой дзяржавы – аніякія нормы пра элемэнты англійскага права ці ўрэгуляваньне крыптавалютных біржаў не будуць мець значэньня”.

Камэнтуючы развіцьцё сытуацыі ў беларуска-расейскіх стасунках, Аляксей Янукевіч адзначыў, што Пуцін, забясьпечыўшы сабе пераабарнаньне, можа актывізаваць наступ на незалежныя дзяржавы постсавецкай прасторы, і ў гэтым ёсьць вялікая небясьпека бліжэйшых гадоў: “Нас можа чакаць разгодваньне геапалітычнай сытуацыі з боку Расеі і павелічэньне міжнароднай напружанасьці ў бліжэйшыя гады, і опцыя захопу Беларусі па-ранейшаму знаходзіцца на парадку дня ў Крамлі. Апошнія выпадкі з прарасейскай царквой і казакамі, якія робяць правакацыі, скіраваныя супраць межканфэсійнага міру ў Беларусі – гэта сьведчаньне таго, што пэўная інфраструктура для падпалу канфлікту ў Беларусі расейцамі створаная, яна гатовая і чакае толькі сігналу” – падкрэсліў Аляксей Янукевіч.

“Пры такіх умовах павялічваецца важнасьц адзінай скіраванасьці дзеяньняў грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі: грамадзкая дзейнасьць па стварэньні культурных падмуркаў для ўмацавання сувэрэнытэту ды беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці вельмі важная, і БНФ варта яе горача падтрымліваць. Але не меньш істотна, каб гэткая дзейнасьць мела і палітычны складнік, увасоблены ў палітычых арганізацыях, у альтэрнатыве дзеючаму рэжыму і ў альтэрнатыве магчмаму уварваньню ці спробам захопу краіны. Тэза пра тое, што культурніцкая дзейнасьць больш пэрспэктыўная, бо яна стварае найбольш трывалыя падмуркі для зьменаў – гэта аблуда. Без палітычнага начыньня гэткіх зьменаў можна чакаць і 20, і 30 і 50 год – і не дачакацца. Без акта палітычнага чыну палітычныя зьмены не наступяць. Нашая задача – мабілізаваць людзей, у першую чаргу моладзь, для удзелу ў палітыцы. Толькі палітычнае змаганьне можа прынесьці сапраўдны плён. быць наперадзе і ўздымаць гэтае палітычнае змаганьне – нашая задача  ” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Сябры Сойму заслухалі інфармацыю пра стан абмеркаваньня ў тэрытарыяльных арганізацыйных структурах плянаў дзейнасьці партыі на бліжэйшыя гады. Было атрымана шэрага прапановаў да вынесенага на абмеркаваньне праекту пляну, якія яго кардынальным чынам зьмяняюць. З ініцыятывы кіраўніцтва партыі вырашана арганізаваць адмысловае мерапрыемства для абмеркаваньня прапановаў, якія паступлілі, з удзелам прадстаўнікоў аргструктураў, палітычнай камісіі. Вырашана прадаставіць магчымасьць усім сябрам Сойму ўзяць удзел у гэткім мерапрыемстве, адпаведнае даручэньне дадзеае Управе.

Сябры Сойму заслухалі інфармацыю ад кіраўніка аналітычна-праўнай камісіі Сойму Юрыя Чавусава пра стан падрыхтоўкі штогадовых справаздачаў, якія мусяць быць пададзеныя да 1 сакавіка ад імя Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” ў Міністэрства юстыцыі, а ад абласных і Менскай гарадзкой арганізацыі партыі – у адпаведныя галоўныя ўпраўленьні юстыцыі. Дакладчык пералічыў аргструктуры, якія павінныя падрыхтаваць справаздачы, асабіва вылучыўшы тыя з іх, дзе скончылася трохгадовая кадэнцыя абраньня кіруючых Радаў і старшыняў, і дзе, адпаведна, трэба правесьці сходы для абраньян Радаў новага скліканьня. У прыватнасьці, канфэрэнцыя для абраньня новага складу Рады Мінскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне” прызначаная на 22 сакавіка, не пазьней за 1 сакавіка муцсіць прайсьці абласны сход. Выступоўца заклікаў кіраўнікоў тэжрытарыяльных арганізацыяў і суполак інфармаваць Управу пра падрыхтоўку адпаведных справаздачаў і сваечасова дасылаць копіі адпаведных пратаколаў сходаў ды канфэрэнцыяў, каб пазьбегнуць магчымых розначытаньняў у дакументах у цэнтральных і рэгіянальных справаздачах.

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.