Партыя БНФ » Аляксей Гаўруцікаў: Дэпутат мусіць быць выразьнікам голасу народу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Гаўруцікаў: Дэпутат мусіць быць выразьнікам голасу народу

Дададзена 16.02.2018 9:27:23 | 269 праглядаў

На сёлетніх выбарах юрыст Аляксей Гаўруцікаў вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ у Віцебскі аблсавет па Пралетарскай выбарчай акрузе №53 і Віцебскі гарсавет па Першамайскай выбарчай акрузе №25. З красавіка 1990 па кастрычнік 1997 году ён ужо быў дэпутатам Віцебскага гарадзкога савету і мае багаты досьвед працы.

Карэспандэнт рэгіянальнага сайту “Віцебскя вясна” сустрэўся з кандыдатам у дэпутаты і папрасіў адказаць на некалькі пытаньняў.

Аляксей, пра што Вы казалі ў сваім радыёзвароце? Бо, пагадзіцеся, у час татальнага інтэрнэту і тэлевяшчаньня пачуць Вас у этэры радыё здолелі няшмат вашых патэнцыйных выбаршчыкаў.

D5D84AD7-1077-4156-B290-8E7C702F7FF9_w1023_r1_s– Добра ўсьведамляючы, што выбары несумленныя і несправядлівыя, насуперак усялякім рэкамэндацыям адмыслоўцаў, якія раяць на мясцовых выбарах казаць пра мясцовыя праблемы, у сваім радыёзвароце да выбаршчыкаў я закрануў праблемы агульнарэспубліканскага маштабу, што тычацца кожнага беларуса.

Ведаючы, што ў краіне 26 адсоткаў насельніцтва пэнсійнага ўзросту, а ў Віцебскай вобласьці – амаль 30 адсоткаў, беручы пад увагу, што я і сам праз паўгода – пэнсіянэр, найперш гаварыў пра пэнсійную рэформу.

Да таго ж мяркую, што павелічэньне працоўнага стажу ў пэрыяд крызысу несвоечасовае.

Дый мэтодыка разліку пэнсіяў – сацыяльна несправядлівая. Шмат стажу – трыста рублёў пэнсіі, мала – 200 рублёў. На большае, незалежна ад працоўнага заробку, разьлічваць не выпадае. За гэты дыяпазон простага чалавека не выпускаюць.

У чыноўнікаў, як ні паслухаеш, пэнсіі ад шасьцісот рублёў да тысячы пяцісот. І ў іх пры налічэньні пэнсіі працоўны заробак улічваецца.

У маёй жонкі больш за сорак гадоў працоўнага стажу – трыста рублёў пэнсіі. Гэта мяжа.

Я разумею, ёсьць катэгорыя чыноўнікаў найвышэйшага рангу, якіх трэба аддзячыць. Ну няхай іхная пэнсія будзе ў два разы вышэйшая за сярэднюю па краіне. І гэта будзе справядліва. Але розьніца ў тры, а то і ў пяць-шэсьць разоў, я перакананы, несправядлівая.

У сваім выступе я зьвярнуўся да прэзыдэнта з прапановай аб поўнай адмене дэкрэту пра дармаедзтве, бо ўнесеныя зьмены яго яшчэ больш ускладняюць, а сацыяльнай напружанасьці не здымаюць.

Казаў таксама пра аднаўленьне жыльлёвай прыватызацыі і правядзеньне рэальнай зямельнай рэформы.

Прыгадваю агучаныя мной праблемы на парлямэнцкіх выбарах і бачу, што частка зь іх ужо ўвайшла ў заканадаўства. Тады я гаварыў пра неабходнасьць улучэньня ў агульны працоўны стаж тэрміну службы ў войску і часу дэкрэтнага адпачынку. Пэнсійнае заканадаўства падкарэктавалі. Безумоўна, гэта не мая пэрсанальнае заслуга, пра гэта казалі многія, але і я ў тым ліку. Як той казаў, вада точыць камень. Гэта наша агульная перамога, але гэта толькі першы крок.

У сваім выступе я сказаў, што нам не патрэбен майдан, арганізаваны спэцслужбамі. Нам патрэбная сацыяльная дзяржава і абарона нашых правоў і гарантыяў. Нічога звышнатуральнага мы не патрабуем, акрамя зьмяняльнасьці ўлады праз выбары і кантролю народу за ўладай.

Ведаючы, што справядлівых выбараў у краіне даўно няма, ці ёсьць нейкі сэнс браць у іх удзел?

– У сваёй дзейнасьці зыходжу з наступнага: нават пры непразрыстасьці выбараў і фальсыфікацыі іх вынікаў сваё бачаньне і ацэнку палітычнай ды эканамічнай сытуацыі я магу выказаць праз радыёзварот, інтэрвію, інтэрнэт. Плюс пікеты ў цэнтры гораду.

Аналітыкі кіраўніка дзяржавы адсочваюць заўвагі, выказаныя кандыдатамі, аналізуюць. Нешта праходзіць, трапляе ў заканадаўства. І гэта ўжо добра.

Падзяліцеся, калі ласка, якія накірункі дзейнасьці стануць для Вас галоўнымі ў выпадку вашага абраньня ў адзін з саветаў?

– Што тычыцца абласной акругі, то гэта раён Лучосы. У дзевяностых гадох дэпутату Хрыстафору Жаляпаву ўдалося дамагчыся там газыфікацыі, таму на сёньняшні час там найбольш востра стаіць пытаньне добраўпарадкаваньня, найперш асфальтаваньня. Жыцьцё жыхароў прыватнага сэктару трэба набліжаць да цывілізаваных стандартаў, каб людзі адчувалі, што яны жывуць у горадзе. Гэта сур’ёзны адрэзак працы.

Што да гарадзкой акругі, а гэта раён абласнога шпіталя: мікрараён вуліцы Петруся Броўкі, частка мікрараёну Поўдзень-6 і частка мікрараёну Поўдзень-7, то тут праца будзе тычыцца вырашэньня бягучых пытаньняў і добраўпарадкаваньня прылеглых тэрыторыяў.

Удзел у мінулай парлямэнцкай кампаніі зьдзівіў мяне тым, што пасьля распаўсюду майго тэлефону, усе званкі выбаршчыкаў тычыліся адной тэмы: людзей хвалюе карупцыя. А калі пытаньне актуальнае – значыць, дэпутат мусіць быць выразьнікам голасу народу.

Прыгадваючы свой ранейшы досьвед народнага абраньніка, ведаю, што тады дэпутаты валодалі інфармацыяй пра карупцыйны чыноўніцкі бруд. І цяпер ад дэмакратычнага дэпутата будзе патрабавацца толькі сьмеласьць скарыстацца правам дэпутацкага звароту ў праваахоўныя органы і наводзіць парадак. І усё. Людзям трэба дапамагчы дасягнуць справядлівасьці.

Як Вы мяркуеце, чаму можа навучыць праўладных вылучэнцаў дэпутат ад дэмакратычнай супольнасьці, трапіўшы ў склад абласнога ці гарадзкога савету?

– Думаю, што дэмакратычны кандыдат можа навучыць астатніх чальцоў савету сьмеласьці адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. Так, праўладныя вылучэнцы могуць быць добрымі спэцыялістамі ў сваёй сфэры, але яны ўсе падладзіліся пад уладу і маўчаць. Як той казаў, супраць ветру не плююць. Я не заклікаю іх плюнуць гэтак, каб іх змыла хваляй, але канструктыўныя заўвагі трэба навучыцца выказваць. Калі ў нас крызыс – значыць у нас крызыс, калі ў нас беспрацоўе не паўадсотку, а пяць – значыць, такія рэальныя лічбы. Рэч у тым, што, калі мы ня будзем даваць аб’ектыўных ацэнак сытуацыі, мы ня здолеем вырашаць праблемы, што існуюць.

Апошнія пяць – дзесяць гадоў я працую як крызысны мэнэджэр пры ліквідацыі прадпрыемстваў. На ўласныя вочы бачу, як колькасьць прадпрыемстваў скарачаецца, а значыць скарачаюцца і працоўныя месцы. Сытуацыя з беспрацоўем пакуль ніяк не паляпшаецца і патрабуе тэрміновага вырашэньня, а для пачатку трэба абавязкова агучыць рэальныя лічбы тых, хто не працуе. Найгалоўнейшае – у сваёй дзейнасьці заўжды зыходзіць з патрэбаў рэальнага жыцьця і рэальных людзей.

Кандыдаты ад Партыі БНФ і Руху “За Свабоду” ладзяць супольныя пікеты ў Віцебску пад бел-чырвона-белым сцягам.

27332253_2025002727767529_3543871501893788254_n

27369018_2025002441100891_1352012950745467071_o

27459175_2025003067767495_5913092365736237597_n

 

 

Травень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.