Партыя БНФ » Выніковая справаздача па маніторынгу выбараў у мясцовыя саветы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Выніковая справаздача па маніторынгу выбараў у мясцовыя саветы

Дададзена 19.02.2018 7:11:37 | 393 праглядаў

Назіранне ажыццяўлялася РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў у абласных цэнтрах і найбуйнейшых гарадах Беларусі.

ВЫСНОВЫ

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання, якія пачаліся 14 лістапада 2017 г., праходзілі на фоне пагаршэння агульнай унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне ў параўнанні з папярэднім перыядам “мяккіх практык”, якія распачаліся ў  жніўні 2015 г. і скончыліся з пачаткам масавых выступаў грамадзян у лютым 2017 г.  Хваля пратэсту грамадзян,  выкліканая прымяннем  Дэкрэта № 3, была ўспрынятая ўладамі краіны як сур’ёзная пагроза дэстаблізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі, што прывяло да пачатку хвалі рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, актывістаў і лідараў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, незалежных журналістаў і праваабаронцаў. Палітычна матываваны пераслед у той ці іншай форме прымяняўся больш чым да 900 чалавек.  У дачыненні да 40 чалавек ужываўся палітычна матываваны крымінальны пераслед.

Нягледзячы на тое, што да канца года сітуацыя ў цэлым стабілізавалася, у месцах пазбаўлення волі па-ранейшаму знаходзіліся палітвязні Міхаіл Жамчужны і Зміцер Паліенка, прызнаны Amnesty International вязнем сумлення. Таксама працягваўся крымінальны пераслед актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. У снежні 2017 г. і студзені 2018 г. паводле рашэнняў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь быў заблакаваны доступ да двух папулярных незалежных інтэрнэт-рэсурсаў “Беларускі партызан” (www.belaruspartisan.org) і “Хартыя-97” (www.charter97.org), працягваўся ціск на незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, не акрэдытаванымі на тэрыторыі Беларусі (найперш тэлеканала “Белсат”).

Ужо падчас выбарчай кампаніі беларускія ўлады заявілі аб адмове ад распачатага імі ў 2016 г. працэсу далейшага ўдасканалення выбарчага заканадаўства з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. Такім чынам, у выбарчае заканадаўства не было ўнесена ніякіх зменаў і выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання адбываліся па ранейшых правілах і працэдурах, якія неаднаразова крытыкаваліся ў тым ліку назіральнікамі АБСЕ.

Сама выбарчая кампанія праходзіла вельмі пасіўна і амаль не заўважна для грамадзян. Нягледзячы на фактычную адсутнасць значных парушэнняў і перашкодаў на этапах рэгістрацыі ініцыятыўных груп, збору подпісаў і правядзення перадвыбарчай агітацыі, такія этапы выбарчай кампаніі, як датэрміновае галасаванне, падлік галасоў у УВК і ўстанаўленне вынікаў галасавання ў вышэйстаячых камісіях, суправаджаліся шматлікімі маніпуляцыямі, актыўным ужываннем адміністрацыйнага рэсурсу і адсутнасцю транспарэнтнасці.

Назіранне за ўсімі этапамі выбараў яшчэ раз яскрава падкрэсліла ўсе сістэмныя праблемы, існуючыя ў выбарчым працэсе, якія патрабуюць вырашэння.

Выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодны выбараў. Аб гэтым сведчаць адсутнасць роўнага для ўсіх кандыдатаў доступу да сродкаў масавай інфармацыі, адсутнасць бесстаронніх выбарчых камісій, шматлікія факты прымусу выбарцаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасць шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў. Найбольш важнай падставай для крытыкі выбараў застаецца адсутнасць празрыстасці падліку галасоў, што не дазваляе лічыць абвешчаныя вынікі выбараў адлюстраваннем волевыяўлення выбарцаў.

Выбарчыя камісіі

Фарміраванне выбарчых камісій усіх узроўняў па правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў адбывалася ў атмасферы большай адкрытасці, чым падчас правядзення апошніх мясцовых выбараў у 2014 г. Усе прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях адпаведных органаў улады па фарміраванні выбарчых камісій, аднак у большасці выпадкаў прадстаўнікам кампаніі было адмоўлена ў азнаямленні з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, якія паступілі ў мясцовыя выканаўча-распарадчыя органы.

Пры фарміраванні выбарчых камісій, як і на папярэдніх выбарах, адзначаны дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый у параўнанні з вылучэнцамі ад праўладных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама працоўных калектываў. Так, у склад ТВК патрапіла толькі 20,6% ад вылучаных апазіцыйнымі партымі (0,067% ад усіх сябраў ТВК), у склад АВК – 16,7% ад вылучаных (0,53% ад усіх сябраў АВК), у склад УВК – 11% ад вылучаных (0,04% ад усіх сябраў УВК). У той жа час працэнт “праходнасці” ў склад камісій ад праўладных палітычных партый і пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюза (БРСМ, ФПБ, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў і Белая Русь) традыцыйна складае больш за  90%.

Адсутнасць вызначаных крытэраў пры адборы прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісій робіць фактычна бессэнсоўным абскарджанне рашэнняў органаў, якія іх фарміруюць, у судовым парадку.

Прадстаўніцтва палітычных партый у выбарчых камісіях застаецца традыцыйна нізкім, што адлюстроўвае спецыфіку беларускай палітычнай сістэмы. Асноўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу (у тым ліку арганізатарамі выбараў) з’яўляюцца праўладныя грамадскія аб’яднанні і працоўныя калектывы.

Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў

Паводле звестак ЦВК, зарэгістраваны 17 542 ініцыятыўныя групы, што складае 99,9% ад агульнай колькасці вылучаных.

Статыстыка адмоў у рэгістрацыі і адкліканых заяў аб вылучэнні сведчыць аб выкарыстанні тэхнічных працэдур рэгістрацыі (праверка подпісаў, дэкларацый і г.д.) як інструмента палітычнай барацьбы, працэдуры праверак прымяняліся ВК селектыўна, перш за ўсё супраць апазіцыйных кандыдатаў. Колькасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў у Мінскі гарадскі Савет склала 23%, у Саветы раённага ўзроўню – 1,5%, у сельскія Саветы – 0,3%.

78% назіральнікаў кампаніі не былі дапушчаны непасрэдна да праверкі дакументаў, пададзеных у камісіі для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, і не мелі магчымасці пераканацца ў аб’ектыўнасці камісій пры вывучэнні дакументаў. Па сутнасці, назіральнікі маглі прысутнічаць толькі на пасяджэннях, падчас якіх агучваліся вынікі праверак і выносіліся рашэнні аб рэгістрацыі. Гэта істотна зніжае давер да працы ВК, дазваляе ставіць пад сумнеў не толькі асобныя рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў, але і тыя рашэнні, якімі кандыдаты былі зарэгістраваны.

Перадвыбарчая агітацыя

У параўнанні з мінулымі выбарамі дэпутатаў мясцовых Саветаў, падчас сёлетніх выбараў выдзелена значна больш месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў з мэтай перадвыбарчай агітацыі, сустрэч з выбарцамі і размяшчэння агітацыйных матэрыялаў. Гэтыя месцы з’яўляюцца больш зручнымі. Пры прыняцці рашэнняў аб месцах агітацыі ўлады часцей кіраваліся прынцыпам “дазволена ўсё, што не забаронена”.

Значна больш кандыдатаў, у параўнанні з мінулымі выбарамі, падалі апавяшчэнні аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у спрошчаным парадку. Адпаведна, павялічылася колькасць заяўленых перадвыбарчых пікетаў. Традыцыйна больш актыўна агітацыйныя перадвыбарчыя пікеты заяўлялі ў Мінску: у сярэднім адзін кандыдат заявіў каля 70 масавых мерапрыемстваў.

Выбарчыя камісіі ў рэгіёнах пераважна не інфармавалі грамадскасць аб часе і месцы правядзення сустрэч з выбарцамі. 30% назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ў рэгіёнах паведамілі, што кандыдаты былі пазбаўленыя роўных умоў, не маглі сустракацца з выбарцамі ў адведзеных для гэтага памяшканнях. Як і падчас мінулых выбарчых кампаній, актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на карысць праўладных кандыдатаў.

Сур’ёзных перашкод для перадвыбарчых пікетаў не адзначана, аднак сустракаліся элементы ціску на пікеты апазіцыйных дзеячоў.

Датэрміновае галасаванне

Як і раней, датэрміновае галасаванне насіла арганізаваны характар з удзелам мясцовых органаў улады, адміністрацый прадпрыемстваў і ўстаноў. У шэрагу выпадкаў ужыванне адмінстратыўных рэсурсаў у мэтах забеспячэння яўкі на выбары суправаджалася элементамі кантролю над выбарцамі (над іх удзелам ці няўдзелам у выбарах) і пагрозамі прымянення разнастайных дысцыплінарных санкцый для тых, хто не хоча браць удзел у выбарах.

Датэрміновае галасаванне, якое ў Беларусі ўжо традыйцыйна носіць адміністрацыйна-мабілізацыйны характар, застаецца адным з найбольш праблемных этапаў выбарчага працэсу ў Беларусі.

Галасаванне па месцы знаходжання выбарцаў

Галасаванне па месцы знаходжання выбарцаў суправаджалася значнымі парушэннямі працэдуры, прадугледжанай арт. 54 ВК. Назіральнікамі кампаніі зафіксаваныя выпадкі, калі выбарцы паведамлялі сябрам УВК, што не звярталіся з просьбамі аб арганізацыі галасавання па месцы свайго знаходжання.

33,3% назіральнікаў кампаніі зафіксавалі выпадкі, калі выбарцы заяўлялі, што не звярталіся ва УВК с просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы свайго знаходжання, калі да іх прыходзілі сябры УВК.

50% назіральнікаў адзначылі несупадзенне колькасці выбарцаў, якія прагаласавалі па месцы знаходжання, з колькасцю бюлетэняў, выдадзеных сябрам УВК для арганізацыі такога галасавання.

Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў

У ВК адсутнічае апісанне працэдуры падліку выбарчых бюлетэняў. Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і прапановы кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” аб дакладным і падрабязным урэгуляванні дадзенай працэдуры праз пастанову ЦВК пры падрыхтоўцы выбараў не былі ўлічаны.

Назіральнікі кампаніі адзначаюць, што на пераважнай большасці УВК, на якіх яны ажыццяўлялі назіранне, камісіі праводзілі сумесны і адначасовы падлік бюлетэняў, не агалошваючы і не дэманструючы ўсім прыстуным кожны выбарчы бюлетэнь. Такая працэдура падліку бюлетэняў не з’яўляецца празрыстай і не дазваляе суаднесці вынікі назірання  за падлікам галасоў з дадзенымі, адлюстраванымі ў пратаколе аб выніках галасавання.  97% назіральнікаў кампаніі ацанілі працэдуру падліку галасоў як непразрыстую.

Падчас назірання за працэдурай падліку галасоў назіральнікамі кампаніі былі зафіксаваныя і іншыя парушэнні выбарчага заканадаўства: у 7,1% выпадкаў УВК не праводзілі раздзельнага падліку галасоў,  у 42,3% выпадкаў УВК не агалошвалі вынікі раздзельнага падліку галасоў, 53,6% назіральнікаў знаходзіліся на вялікай адлегласці ад сталоў, на якіх ажыццяўляўся падлік галасоў, што не дазваляла весці паўнавартаснае назіраннне за працэдурай.

Абскарджанне парушэнняў выбарчага заканадаўства

Падача скаргаў на рашэнні і дзеянні камісій і іншых удзельнікаў выбарчага працэсу традыцыйна не з’яўляецца эфектыўным інтструментам, удзельнікі выбарчага працэсу ў выніку карыстаюцца ім вельмі рэдка.

 

Скачаць справаздачу цалкам на сайце кампаніі назіраньня “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Жнівень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.