Партыя БНФ » Зьміцер Шыманскі падсумоўвае вынікі мясцовых выбараў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьміцер Шыманскі падсумоўвае вынікі мясцовых выбараў

Дададзена 19.02.2018 8:03:46 | 337 праглядаў

Старшыня Берасьцейскай арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарсавета па і якому “намалявалі” 21,3% галасоў, дзеліцца ўражаньнямі ад мінулай выбарчай кампаніі.

Зьміцер Шыманскі 2018-1Некалькі высноўваў па выніках выбараў на маёй акрузе.

Па-першае, мне вельмі прыемна апынуцца ў адной кампаніі з кандыдатамі, якія перамаглі на сваіх участках у дзень выбараў (па выніках падліку галасоў у скрыні, якая стаяла на ўчастку). У нашых умовах гэта самы выразны паказчык рэйтынгу кандыдата: людзі ведаюць, хто з’яўляецца сапраўднымі прадстаўнікамі іх інтарэсаў.

Вядома, падчас датэрміновага галасавання лічбы падкарэктавалі так, каб з запасам хапіла для “элегантнай перамогі” каго трэба. Але важна, што і мы, і выбаршчыкі цяпер бачаць, як улада ставіцца да іх волевыяўлення. Лічу гэта сваёй перамогай.

Па-другое – вынік я ведаў загадзя. Але мэты, якія мы для сябе ставілі на гэтых выбарах, мы дасягнулі, таму вынікам я задаволены. Хацелі паказаць як праходзяць выбары – паказалі. Назіральнікі, актывісты штаба і выбаршчыкі пабачылі, як лічаць галасы, як настаўнікі і іншыя “паважаныя і аўтарытэтныя людзі” фальсіфікуюць вынікі галасавання. Паколькі з мінулай маёй кампаніі прайшло 10 гадоў, лічу, што для новага пакалення актывістаў будзе карысна сваімі вачыма паглядзець, як гэта адбываецца.

Яшчэ адзін плюс – вялікая лічба новых прыхільнікаў і актывістаў, якія дапамагалі праводзіць кампанію і, спадзяюся, застануцца ў камандзе. А тое, што не перамаглі – у дадзенай сітуацыі не істотна. Ці станем мы менш дапамагаць у вырашэнні лакальных праблем? – Не. Ці зменіцца стаўленне нашых партнёраў да нас – упэўнены, што не. Ці зменшыцца падтрымка грамадства ў тым, што мы робім – зноў не.

Па-трэцяе, і гэта мая недапрацоўка, мы, на жаль, пераканалі не ўсіх нашых прыхільнікаў прыйсці на выбары. Не хапіла рэсурсу на мабілізацыйную кампанію. Чым больш высокая была б яўка ў дзень выбараў, тым менш магчымасцяў было б у “паважаных і аўтарытэтных” гандляваць сваім аўтарытэтам. Але гэта вельмі цяжка – пераконваць людзей рабіць бессэнсоўныя рэчы. І тое, што людзі не бачаць сэнсу ў выбарах – “заслуга” улады і такіх вось “паважаных і аўтарытэтных” фальсіфікатараў.

Напрыканцы хачу перадаць “прывет” перадавікам з 21-га ўчастка (СШ №20), якія намалявалі мне лічбу 0 (нуль!) бюлетэняў у скрыні для датэрміновага галасавання. Вы што там курыце, шаноўныя? Вы пра тэорыю верагоднасці чулі? Ну ўкінулі вы 120 бюлетэняў за таго, каго трэба, але ж для верагоднасці хаця б пяток пакінулі маіх! Ці так ужо страшна было не выканаць “даручэнне партыі”? Мне ж людзі званілі, расказвалі, што прагаласавалі датэрмінова за мяне, бо не маглі прыйсці 18-га. Аўдыёзапісы выкласці? Сведчанні выбаршчыкаў?

Будучаму дэпутату на маёй акрузе, Аляксандру Дземянкову, хачу пажадаць не быць статыстам, як яго папярэднікі. Не баяцца задаваць нязручныя пытанні, не маўчаць, калі ўнутраны голас просіць слова.

Паважаны Аляксандр Уладзіміравіч! У дэпутата гарадскога савета ёсць паўнамоцтвы ўплываць на развіццё горада. І няхай у гэтай працы на першым месцы для Вас будуць інтарэсы яго жыхароў, а не толькі ўлады ці бізнесменаў. Са свайго боку гатовы аказаць Вам дапамогу ў наладжванні супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі, у падрыхтоўцы прапаноў па развіцці гарадской культурнай прасторы, транспартнай інфраструктуры, стратэгічнага развіцця. Мае кантакты ў Вас ёсць. Поспехаў!

Паводле допісу Зьміцера Шыманскага ў сацыяльных сетках

Чэрвень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.