Партыя БНФ » 21 лютага: Сто гадоў таму была прынятая першая ўстаўная грамата БНР
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


21 лютага: Сто гадоў таму была прынятая першая ўстаўная грамата БНР

Дададзена 21.02.2018 1:58:43 | 702 праглядаў

Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі – юрыдычны палітычны акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага з’езду 21 лютага ў Менску.

Адбылася гэтая гістарычная падзея ў будынку колішняга Дома губернатара.

Імклівы наступ нямецкіх войск, які пачаўся 16 лютага 1918 года, прымусіў Абласны выканкамзах і Савет Народных камісараў Заходняй вобласці і фронту ў ноч на 19 лютага эвакуявацца з Менску ў Смаленск. 3 падполля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду, з турмы вызваленыя дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду сваім загадам №1 ад 19 лютага абвясціў, што ён “узяў уладу ў свае рукі”, а навядзенне парадку ў Менску, дзе пачала актыўна дзеіць Польская вайсковая арганізацыя, усклаў на каменданта гораду, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР Кастуся Езавітава.

21 лютага Выканкам Рады Ўсебеларускага з’езду звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўнай граматай, у якой адзначалася: “Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы… Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі”. Першая Ўстаўная грамата заклікала беларускі народ здзейсьніць сваё права на “поўнае самавызначэнне”, а нацыянальныя меншасці – на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыццяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.

У гэтым дакумэнце Выканкам абвясціў пра стварэньне ім 20 лютага ўраду – Народнага Сакратарыяту Беларусі – часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі, які 21 лютага пачаў выкананне сваіх абавязкаў. У склад сакратарыяту ўвайшлі Палута Бадунова, Язэп Варонка (старшыня), Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч.

Выканаўчы камітэт Рады I Усебеларускага зьезду абвясціў сябе часовай уладай у Беларусі. У грамаце ўпершыню не згадвалася пра аўтаномію і неабходнасьць заставацца ў складзе Савецкай Расеі. Яе тэкст на беларускай і расейскай мовах быў расклеены па ўсім Менску. Тэкст дакументу быў змацаваны пячаткай, пасярэдзіне якай выява высокага снапа, а на яго тле перакрыжоўваюцца каса і граблі, а на абадку выгравіравана: НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ БЕЛАРУСІ. Арыгінал гэтага дакументальнага акту мікрафільмаваны, захоўваецца ў 325-м фондзе Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

З 21 лютага 1918 года ўлада ў Беларусі апынулася ў руках камандавання нямецкай арміі. 22 лютага яна загадала польскім падраздзяленням пакінуць Менск, а беларускім – скласці зброю. Каб не ўскладняць дачыненьні з Расеяй, немцы не прызналі беларускага ўраду, занялі сядзібу Народнага Сакратарыяту, рэквізавалі ягоную маёмасць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сьцягі і забаранілі ўрадоўцам пакідаць горад. Аднак напрыканцы лютага дайшло да перамоваў паміж Сакратарыятам і нямецкай вайсковай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весьці легальную дзейнасць на тэрыторыі Меншчыны, галоўным чынам у галіне стварэння мясцовай адміністрацыі, школьніцтва і выдавецкай справы.

Наступным крокам было ўжо абвяшчэння незалежнасці БНР.

BNR_First_charter

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.