Партыя БНФ » Улады прапануюць дазвол на акцыю 25 сакавіка ў цэнтры Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Улады прапануюць дазвол на акцыю 25 сакавіка ў цэнтры Менску

Дададзена 26.02.2018 6:58:40 | 504 праглядаў

Менскі гарвыканкам прапануе аргкамітэту па святкаванні 25 сакавіка 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі скарэктаваць фармат запланаваных вулічных мерапрыемстваў з нагоды свята незалежнасці.

Дзень Волі ОпэраЗаяўка на правядзенне акцыі — традыцыйнай дэманстрацыі і мітынгу, а таксама канцэрта ў цэнтры горада — была пададзеная ў Менгарвыканкам 25 студзеня. Паводле інфармацыі БелаПАН, сталічныя ўлады прапануюць аргкамітэту падаць новую заяўку з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрта ў парку імя Янкі Купалы – паведамляе Радыё Рацыя.

Як паведамляе Беларускі партал TUT.BY, таксама ў якасці магчымай пляцоўкі для правядзення акцыі можа разглядацца пляц перад Опэрным тэатрам.

Увечары 26 лютага адбудзецца пасяджэнне аргкамітэта, які абмяркуе фармат акцыі. Заяўку на правядзенне вулічнай акцыі 25 сакавіка падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, што ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні мерапрыемства: Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, рух салідарнасці „Разам”, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі „Беларускі рух”, ініцыятыва „Дзея”, прафсаюз РЭП, рух „За незалежнасць і дзяржаўнасць”, кампанія „Еўрапейская Беларусь”.

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР быў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыкладаў шмат намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня”, у шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР. Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не здолела рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненай перад расейскімі бальшавікамі і польскімі войскамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гародню.

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.