Партыя БНФ » Аргкамітэт 25 сакавіка абмеркаваў прапановы ўладаў пра месца мітынгу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аргкамітэт 25 сакавіка абмеркаваў прапановы ўладаў пра месца мітынгу

Дададзена 27.02.2018 1:22:56 | 409 праглядаў

Аргкамітэт сьвяткаваньня стагодзьдзя Беларускай народнай рэспублікі ўтварыў групу з васьмі чалавек для перамоваў у Менгарвыканкаме аб правядзеньні сьвяточнага мітынгу і канцэрту каля Опэрнага тэатру на 25 сакавіка.

У склад перамоўнай групы ўвайшлі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама Яўген Афнагель, Павал Белавус, Юрась Губарэвіч, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Сяргей Спарыш.

Як паведамляе Павал Севярынец, аргкамітэт вырашыў надаць перамоўнай групе паўнамоцтвы прымаць у Менгарвыканкаме рашэньні ад імя Аргкамітэту адносна правядзеньня Дня Волі 25 сакавіка ў межах:  1. пададзенай заяўкі Аргкамітэту з варыянтамі адносна маршруту і месцам канцэрту ды мітынгу ля Опернага тэатру 2. абавязковых святочных шэсьця і канцэрта 3. адсутнасьці загародак.

26 лютага Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР зьмяніць яго фармат, адклікаць ранейшую заяўку і замест шэсьця праз цэнтар гораду правесьці мітынг і сьвяточны канцэрт у Купалаўскім парку або каля Опэрнага тэатру. Прапанова выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў. Частка аргкамітэту выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру – паведамляе Радыё Свабода, якое вяло наўпроставую трансляцыю з пасяджэньня аргкамітэту, што адбывалася ў сядзібе БНФ і доўжылася да позьняга вечара.

Блогер Эдуард Пальчыс адзначыў, што калі ўлады парушаць прапанову аб правядзеньні канцэрту, апазыцыя будзе мець права на пратэстную акцыю. Цяпер, на думку Пальчыса, улады спрабуюць пазьбегнуць шэсьця.

«Пляцоўка каля Опэрнага тэатру зьмяшчае 50-60 тысяч чалавек. Зь іншага боку ёсьць верагоднасьць шэсьця з тысячай чалавек», — заявіў Пальчыс.

Улады Менску будуць рыхтаваць адкрыцьцё памятнага знаку братам Луцкевічам у раёне парку Янкі Купалы, калі апазыцыя пагодзіцца на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру або ў парку Янкі Купалы. Пра гэта заявіў на паседжаньні Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Дырэктар крамы symbal.by Павел Белавус заявіў, што адкрыцьцё памятнай шыльды можа стаць пачаткам сьвяткаваньня Дня Волі, а таксама выказаў сваё бачаньне правядзеньня акцыі каля опэрнага тэатру:  “Гэта некалькі зонаў актыўнасці на працягу ўсяго дня: галоўная музычна-тэатральна-вершавана-віншавальная сцэна; зона актыўнасцяў для дзяцей і дарослых; зона прэзентацыйных стэндаў і кропак ад разнастайных грамадскіх і палітычных ініцыятыў; зона фуд-корта і кропак харчавання; зона продажу вырабаў у нацыянальным стылі ад розных рамеснікаў, кнігарняў, крамаў, беларускіх брэндаў і т.д.  Засталося не шмат часу на арганізацыю годнага свята, але мы нашай камандай прыкладзем усе намаганні, каб правесці добрае мерапрыемства. Усё будзе хутка дапрацоўвацца і зразумела патрэбная будзе вашая падтрымка, без якой усё гэта будзе дарма” – зьвярнуўся да патрыётаў Павал Белавус праз сацыяльныя сеткі.

Паводле Рыгора Кастусёва, кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і справах моладзі Менгарвыканкаму Павел Скалабан у прыватнай размове прапанаваў абмеркаваць усталяваньне памятнай шыльды пад адрасам Валадарскага, 9. Менавіта на трэцім паверсе гэтага будынку 25 сакавіка 1918 году прынялі Трэцюю Ўстаўную Грамату БНР. Штаб аргкамітэту перадаў дадзеныя і здымкі шыльды на разгляд у Менгарвыканам.

Сустрэча аргкамітэта па правядзенні святкавання стагоддзя незалежнасці БНР працягвалася тры гадзіны. Доўгі час людзі, якія цікавяцца беларускай палітыкай, не маглі пачуць такое зацятае абмеркаванне. Каля 30 палітыкаў і грамадскіх дзеячаў вырашалі, што рабіць з нефармальнай прапановай Мінгарвыканкама – піша сайт газэты “Наша ніва” і падае самыя гарачыя цытаты з вострай спрэчкі:

Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч схіляліся да таго, што пагадзіцца з канцэртам — не дрэнны варыянт. Той жа думкі прытрымліваліся ініцыятыўныя маладзёны — Павел Белавус з «Арт-Сядзібы», блогер Эдуард Пальчыс. Супрацьлеглае меркаванне мелі Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык. Яны настойвалі, што без шэсця Дня Волі быць не можа.

Адзін з цікавых момантаў абмеркавання — адкрытае галасаванне за склад перамоўнай групы. Статкевіч, Вінярскі і Сіўчык выказвалі супраць Белавуса. Пальчыс з Матолькам не падтрымлівалі Сіўчыка. А Лагвінец устрымліваўся падчас галасавання за Губарэвіча. Статкевіч спрабаваў прасунуць у перамоўную групу свайго актывіста Спарыша.

У выніку быў дасягнуты кампраміс. Вырашана сфарміраваць перамоўную групу (Яўген Афнагель, Павел Белавус, Юрась Губарэвіч, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Сяргей Спарыш) і ўпаўнаважыць яе на перамовы з Мінгарвыканкамам. Апазіцыя будзе ўсё ж намагацца святочнага шэсця і канцэрта каля Опернага тэатра. Яшчэ адно патрабаванне — адсутнасць загародак на месцы правядзення мітынгу.

Прыводзім самыя вогненныя цытаты і дыялогі.

* * *

Аляксей Янукевіч: Я хачу зразумець канкрэтна вашу пазіцыю. «Ніякіх перамоваў з уладамі?»

Вячаслаў Сіўчык: Глупства. Я ўсё жыццё вёў перамовы з уладамі!

Аляксей Янукевіч: І ўсё жыццё яны вас кідалі, як вы распавядалі! І сэнс было іх праводзіць?

* * *

Эдуард Пальчыс: Вайцюшкевіча не будзе, ён ужо ў Варшаве. 95%, што Вольскага не будзе – у яго [выступ] у філармоніі ў Беластоку. З кожным днём мы мінусуем якога-небудзь артыста.

Вячаслаў Сіўчык: Эдуард, а чаму я яшчэ тры месяцы таму ведаў, што Вольскі будзе ў Беластоку, а вы не ведалі?

Эдуард Пальчыс: Мы вялі з ім перамовы. Калі будзе дакладна вядома, ён гатовы адмяніць.

* * *

DW-moCsW4AAdVl8

Вацлаў Арэшка: Адмовіцца ад шэсця немагчыма. Тады лепш ужо нічога не рабіць.

* * *

Антон Матолька: У нас няма афіцыйнага адказу на гэты зварот. Але ў нас ёсць публікацыі ва ўсіх СМІ, уключаючы Тут.бай, дзе ў загалоўку сказана: «Мінгарвыканкам прапанаваў апазіцыі адзначыць стагоддзе…» Гэта нашмат лепш за афіцыйны адказ, паверце. Публічнае пацверджанне таго, што Мінгарвыканкам гатовы ісці на гэты…

Мікола Статкевіч: А Лукашэнка заявіў, што гэтыя выбары будуць самымі сумленнымі!

Антон Матолька: Мы зараз кажам не пра выбары, а кажам пра… [не чуваць]

Мікола Статкевіч: А я кажу пра падыходы ўлады.

* * *

Мікола Статкевіч: Яны [улады] змушаныя намі да кампрамісу, яны пачалі перамовы, пакуль нефармальныя. Я хачу зрабіць сур’ёзную заўвагу ў боку Рыгора [Кастусёва]. Рыгор, ты не меў права пайсці туды адзін! Ты лідар адной з апазіцыйных партый, а нейкія чыноўнікі паставілі табе ўмову: «Вы павінны прыйсці адзін». І ты паслухаўся. … Пайшлі б утрох, пляваць на іхнія ўмовы! …

[Нехта]: Спадар Мікола…

Мікола Статкевіч: Даруйце, я завершу. І вы тут не намеснік старшыні аргкамітэта. Мы ўсе прысутнічаем на рабочай групе, і тут я старшыня, які дае слова…

Рыгор Кастусёў: Ты спакойна гавары, не трэба тут.

Мікола Статкевіч:… Таму не перапыняйце мяне, калі ласка.

Аляксей Янукевіч: Ніхто вас не перапыняў.

Мікола Статкевіч: Так, вы збілі з думкі… Цяпер я працягваю.

DW-Q8ItXcAA_xjw

* * *

Вячаслаў Сіўчык [вярнуўся]: Калі вы думаеце, што вы зараз пойдзеце на паваду ва ўлады, і ад гэтага атрымаеце канцэрт… — не, так не будзе. Спачатку вы забароніце шэсце, а пасля ўлады самі забароняць святкаванне. Так і будзе.

* * *

Мікола Статкевіч: Для мяне гэта не свята… Не толькі свята… Для мяне галоўнае не свята. Для мяне галоўнае ў свяце незалежнасці — не-за-ле-жнасць. Я разважаю катэгорыямі не тымі, каб людзі пайшлі паплясалі і музыку паслухалі, а каб мы нешта зрабілі для ўмацавання незалежнасці. Мы кожны год гэта рабілі. Для мяне гэта свята барацьбы за незалежнасць. Шэсце павінна быць! [часова сыходзіць]

* * *

Эдуард Пальчыс: Калі мы не дамовімся пра месца правядзення канцэрту да 5 сакавіка, будзеце праводзіць і спяваць вы самі. Ніводнае канцэртнае агенцтва не зможа зрабіць за такі кароткі тэрмін. Рыхтуйцеся спяваць самі. Калі да 5 сакавіка мы не вырашым, будзе 2000 чалавек, два барды і два зламаныя мегафоны. Вось што мы атрымаем на стагоддзе БНР.

* * *

Аляксей Янукевіч: Атрымаць дазвол на канцэрт ужо на гэтым тыдні лепей, чым за пяць дзён [да 25 сакавіка] з шэсцем на 200 метраў. У тым, каб прайсці 200 метраў, няма ніякага змагання за незалежнасць. І вы, спадар Мікола [Статкевіч], мяне ў гэтым не пераканаеце.

* * *

DW-hbf7WAAExrhq

Вячаслаў Сіўчык: Ёсць выйсце: прагаласаваць за тое, што мы талдычым, і спакойна даручыць людзям, якія будуць весці перамовы, што яны не будуць да канца ідыётамі. [гучаць апладысменты]

Аляксей Янукевіч: Я таксама паапладзірую, бо мне падабаюцца прыгожыя тосты. А гэта тост, а не прапанова.

* * *

Мікола Статкевіч: Аргкамітэт зачыняем!

Аляксей Янукевіч: Я супраць адпускаць клакераў [паказвае ў бок паплечнікаў Статкевіча], давайце да канца дапрацуем.

Мікола Статкевіч: Калі ласка, паасцярожней са словамі. Бо я ведаеце якімі словамі пра вас кажу. Клакераў знайшлі!

Аляксей Янукевіч: Скажыце.

Павел Севярынец: Тут не месца, тут месца для яднання.

Мікола Статкевіч: Гэтыя людзі [паказвае ў бок сваіх паплечнікаў] выходзілі на несанкцыянаваныя акцыі!

Аляксей Янукевіч: І што?

[Нехта з паплечнікаў Статкевіча]: Я такое ж права голасу маю, як і ты!

Аляксей Янукевіч: Мы са спадаром Рыгорам [Кастусёвым] прадстаўляем палітычную партыю — можна сказаць, тысячы, можна сказаць, сотні. А вы кожны большы за партыю спадара Статкевіча.

shod-3wstw

 

 

 

Чэрвень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.