Партыя БНФ » “Новы Час”: Зоркі і церні Галіны Сямдзянавай
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Новы Час”: Зоркі і церні Галіны Сямдзянавай

Дададзена 28.02.2018 11:11:09 | 566 праглядаў

Украінка па нацыянальнасці, яна нарадзілася ў польскай Гдыні, але пераехала ў Беларусь — і раз і назаўжды палюбіла яе. 24 жніўня 1991 года менавіта яна ўнесла ў зал пасяджэнняў Вярхоўнага Савета бел-чырвона-белы сцяг. 28 лютага 2018 года Галіне Георгіеўне Сямдзянавай споўніўся б 71 год.

Пра Галіну Сямдзянаву піша Аляксандр Кур’яновіч у газэце “Новы Час

Галіна Сямдзянава на пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання, 1991 год. Злева па цэнтры ў другім шэрагу — будучы кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі ў 1994–1995 гадах Леанід Сініцын. Крайні злева на версе (з падпёртым рукой падбародкам) — Дзмітрый Булахаў. Фота: www.vytoki.net.

Шлях у парламент

Падчас тэлевізійных трансляцый пасяджэнняў сесій Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, а таксама на мітынгах і шэсцях побач з Зянонам Пазьняком і іншымі вядомымі сябрамі БНФ часта можна было бачыць прыгожую і стыльна апранутую жанчыну з разумнымі вачыма з-пад акуляраў. Яе прамовы і выступленні вызначаліся палымянасцю.

Галіна Сямдзянава з’яўлялася адной з нешматлікіх прадстаўніц лепшай паловы чалавецтва, якім пашчасціла стаць дэпутатамі на выбарах у Вярхоўны Савет 12 склікання, што прайшлі ў сакавіку 1990 года. На той момант кампаніі яна жыла ў былой славутай сталіцы ВКЛ і займала даволі сур’ёзную ў СССР пасаду інспектара Навагрудскага камітэта народнага кантролю.

Праз шмат гадоў у інтэрв’ю вядомаму журналісту, аўтару выдання «Женщины», Аляксандру Тамковічу Сямдзянава распавяла, што яе вылучэнне кандыдатам у дэпутаты — ініцыятыва прафсаюза працаўнікоў дзяржаўных устаноў і калектыву гарадскога аўтапарка №5. Па словах Сямдзянавай, гэта была своеасаблівая падзяка за яе прынцыповасць і сумленнасць на пасадзе інспектара ў часы татальнага дэфіцыту.

Яе кандыдатура была зарэгістравана па Навагрудскай гарадской выбарчай акрузе №262. Па гэтай акрузе былі зарэгістраваны яшчэ сем кандыдатаў — усе мужчыны. Фаварытам лічыўся загадчык дзіцячага аддзялення Навагрудскай райбальніцы Георгій Конюх, самы старэйшы (1930 года нараджэння) з прэтэндэнтаў. Менавіта яго актыўна піярыла мясцовае выданне: орган Навагрудскага гаркама КПБ «Новае жыццё». На старонках газеты на адрас Конюха друкаваліся нават вершы кшталту: «Ночь звёздная шагает по дороге,// Укутан город светлой тишиной,// И только Вы встаёте по тревоге,// Заслышав в чьём-то сердце перебой».

Іншыя канкурэнты таксама былі «цяжкай артылерыяй». Дастаткова ўзгадаць дырэктара Навагрудскай швейнай фабрыкі, дырэктара Навагрудскага масларобчага камбіната, дырэктара аўтапарка №10, галоўнага інжынера завода газавай апаратуры…

На сустрэчах з выбаршчыкамі Сямдзянава не баялася гаварыць радыкальныя па тых часах рэчы, што магло адштурхнуць мясцовы электарат. У найбольш канцэнтраваным выглядзе свае погляды Галіна Георгіеўна выказала ў інтэрв’ю «Новаму жыццю» ў лютым 1990 года. На думку Сямдзянавай, дэпутат перш за ўсё павінен быць палітыкам, бачыць не дробязі, а перспектыву. Народны абраннік, працягвала яна, можа быць прафесіяналам сваёй справы, можа быць добрым гаспадарчым кіраўніком, але, калі не стане палітыкам, эфект ад яго дзейнасці будзе нулявым.

А перспектывы, лічыла Сямдзянава, былі такія: карэнны перагляд нацыянальна-дзяржаўнага ладу СССР, пераход на самакіраванне, роўнасць усіх партый (у тым ліку і КПСС) перад законам, спыненне дапамогі краінам «трэцяга свету», што дазволіць, хай і часткова, вырашыць праблему дэфіцыту.

Асабістая заява Галіны Сямдзянавай на вылучэнне кандыдатам у дэпутаты, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Аднак галоўнае, па словах Сямдзянавай, — тое, каб чалавек меў пачуццё ўласнай годнасці. У сваю чаргу, такое мажліва толькі на моцнай сацыяльна-эканамічнай глебе.

Па выніках галасавання 4 сакавіка 1990 года Сямдзянава разам з Георгіем Конюхам выйшла ў другі тур: з 18451 выбаршчыка, які ўзяў удзел у галасаванні, Сямдзянаву падтрымалі 5186 (Конюха — 5354).

Напярэдадні другога тура да Сямдзянавай пачалі прыглядацца ўсё больш жыхароў, якіх прываблівала рашучасць прэтэндэнткі, яе здольнасць развесці як дробныя, так і стратэгічныя пытанні. Цяпер ужо «Новае жыццё» друкавала вершы, прысвечаныя Галіне: «Каб магла мая краіна// Чым дужэй на ногі ўстаць,// За Сямдзянаву Галіну// Я іду галасаваць!»

17 сакавіка 1990 года Сямдзянава перамагла Конюха: з 17 439 выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, Галіне Георгіеўне аддалі свой голас 10 009.

Уліковая картка Галіны Сямдзянавай на выбарах 1990 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

 

Першы бой у Вярхоўным Савеце

Сямдзянава звычайным дэпутацтвам не абмежавалася і вырашыла пазмагацца за пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па справах жанчын, аховы сям’і, мацярынства і дзяцінства. Тая пасада была вельмі ганаровай. Да таго ж старшыня камісіі з’яўляўся членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета, які ў перапынках паміж сесіямі парламента быў вышэйшым органам улады.

Высветліць асобу, якая вылучыла кандыдатуру Сямдзянавай, на жаль, немагчыма, бо прапанова паступіла з месца, і прозвішча дэпутата адсутнічае.

Парламенцкая кансерватыўная большасць бачыла старшынёй камісіі галоўнага ўрача Смалявіцкага раёна Пятра Міцько. Была прапанавана і кандыдатура Інэсы Драбышэўскай, галоўнага ўрача Гомельскага абласнога анкадыспансера. Драбышэўская, спаслаўшыся на занятасць, сваю кандыдатуру зняла і заклікала галасаваць за Сямдзянаву. Па словах Драбышэўскай, такой камісіяй павінны кіраваць толькі жанчыны. Маўляў, мужчыны 70 гадоў казалі толькі прыгожыя словы, але нічога не рабілі. Кандыдатуру Сямдзянавай падтрымала і Вольга Галубовіч, загадчык аддзела «Настаўніцкай газеты»: казала, мужчыны згадваюць жанчын адзін раз на год — 8 сакавіка.

Саратніца Галіны Сямдзянавай Вольга Галубовіч на сесіі Вярхоўнага Савета, 1991 год. Крыніца: www.vytoki.net. Непасрэдна за ёй — Сяргей Давідовіч, аператыўны дзяжурны УУС Мінскага аблвыканкома, што не перашкодзіла яму стаць неблагім паэтам. Менавіта ён — аўтар цудоўных радкоў: «Мы захварэлі рускай мовай, прыгожай, але ўсё ж чужой. Ці дома мы, ці за мяжой?». Трохі злева ад яе — Уладзімір Заблоцкі. Самы крайні злева — мітрапаліт Філарэт.

Канешне, у Сямдзянавай быў істотны мінус: па адукацыі яна была інжынерам-хімікам, а не доктарам ці педагогам. Яна скончыла Куйбышаўскі політэхнічны інстытут, і нават падрыхтавала дысертацыю па пытаннях выбуховых рэчываў, аднак абараніць яе не змагла па сямейных абставінах.

Выступ Сямдзянавай 6 чэрвеня 1990 года быў найбольш удалым. Яна літаральна ўзварушыла дэпутацкі корпус. Галіна Георгіеўна казала, што жанчына з’яўляецца самым неабароненым чальцом грамадства і паўсюль зазнае дыскрымінацыю: па выбары працоўнага месца, па заработнай плаце і іншым. Большасць жанчын, казала Сямдзянава, занятыя на самай цяжкай працай, у іх няма часу, каб не толькі даглядаць дзяцей, але нават сачыць за знешнім выглядам. Такую сітуацыю, гаварыла Сямдзянава, карэнным чынам трэба мяняць.

Можна без перабольшвання сказаць, што ў частцы выступу, прысвечанай жанчынам, Сямдзянава (прычым, на дзяржаўным узроўні) агучыла тэзісы сучаснага фемінізму ў беларускім варыянце: роўныя правы жанчын і мужчын на працу і яе аплату.

Шмат казала Сямдзянава пра дзяцей, іх высокую смяротнасць, высокі ўзровень цяжарных паталогій. Тыя бацькі, якія аддаюць дзяцей у інтэрнаты («как кукушки, которые оставляют свои гнёзда»), павінны несці жорсткую адказнасць. Да адказнасці, лічыла Сямдзянава, трэба прыцягваць і дзяцей, якія здаюць сваіх бацькоў у дамы састарэлых. Выступ Сямдзянавай быў сустрэты апладысментамі.

Адны дэпутаты падтрымалі Сямдзянаву, іншыя — не. Першым выказаў падтрымку Пётр Садоўскі — адзін з заснавальнікаў БНФ, дацэнт Мінскага педагагічнага інстытута, які на выбарах перамог сусветна вядомага спартсмена Аляксандра Мядзведзя. На карысць Сямдзянавай выказаўся і карэспандэнт «Гродзенскай праўды» Мікалай Маркевіч, які на выбарах перамог сумнавядомага будучага лукашэнкаўскага губернатара Барыса Батуру (на той час — намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі).

Супраць Сямдзянавай выступіў Віктар Ганчар, які заявіў, што ёй (як і Міцько) бракуе ведаў, перш за ўсё юрыдычных, каб кіраваць камісіяй. Пад апладысменты Сямдзянава парыравала выпад Ганчара: маўляў, мы, калі што, будзем звяртацца за кансультацыяй да такіх прафесійных юрыстаў, як вы.

Калі Мікалай Жураўлёў спытаў Сямдзянаву, як яна будзе кіраваць камісіяй, калі сама не стварыла сям’ю, Галіна Георгіеўна годна адказала: «Я ведаю, што такое шлюб і што такое развод». Баляслаў Сушкевіч вымушаны быў выбачацца за пытанне Жураўлёва.

Пётр Скарабагацька шчыра прызнаўся Сямдзянавай: «Мне нравится ваше духовное начало, нравится ваша кипучая энергия, которая исходит из ваших ответов. Бурлит она по сравнению с мужской».

Тым не менш за Сямдзянаву прагаласавалі 87 дэпутатаў з 295, што ўзялі ўдзел у галасаванні. За Міцько — 219 з 297.

 

З Народным — назаўсёды

Пасля няўдалай спробы ўзначаліць камісію Сямдзянава імпэт не страціла. Менавіта на першай сесіі парламента яна нарэшце вызначыла тое, чаго ёй не хапала, — ідэйны арыенцір, які б дапамог у дзейнасці і быў у гармоніі з сумленнем. Галіна Георгіеўна пазнаёмілася з прадстаўнікамі БНФ і са здзіўленнем адзначыла, што менавіта праграма «Народнага фронту» найбольш адпавядае сучаснаму становішчу рэспублікі з яе русіфікацыяй, нераўнапраўным становішчам у Савецкім Саюзе і Чарнобыльскай навалай.

Праз шмат гадоў Сямдзянава казала, што спачатку адносіны яе да БНФ былі выключна негатыўныя. І гэта не дзіўна. Камуністычныя сродкі масавай інфармацыі зрабілі з сябраў «Народнага фронту» пачвараў і ледзь не прыхільнікаў Гітлера. Аднак прапаганда нямоглая, калі хочацца ва ўсім разабрацца асабіста і паглядзець на тых, каго вінавацяць ва ўсіх грахах. І ўжо 16 ліпеня 1990 года — праз два месяцы пасля пачатку першай сесіі парламента — Сямдзянава падпісала заяву аб стварэнні дэпутацкай групы БНФ, а 27 ліпеня стала сябрам парламенцкай апазіцыі БНФ. 28 ліпеня 1990 года Сямдзянава заклікала калег-парламентарыяў прыняць рашэнне аб афіцыйнай рэгістрацыі БНФ.

Пасля заканчэння першай сесіі ў інтэрв’ю «Новаму жыццю» ў жніўні 1990 года Сямдзянава заявіла збянтэжанаму журналісту, што выйшла з кампартыі і назаўсёды скончыла з камунізмам. На пытанне, што паўплывала, Галіна Георгіеўна адказала: знаёмства з БНФ і кніга Аляксандра Салжаніцына «Архіпелаг Гулаг».

З таго часу лёс Сямдзянавай амаль да самага яе сыходу аказаўся звязаным з «Беларускім народным фронтам». Подпіс Сямдзянавай стаіць амаль на ўсіх зваротах і заявах парламенцкай апазіцыі БНФ: ці гэта была Паўлаўская грашовая рэформа 1991 года, ці сумніўнае даабранне 22 красавіка 1992 года пяці чальцоў, у тым ліку Лідзіі Ярмошынай, у Цэнтральную выбарчую камісію, ці адмова Лукашэнкі ў лютым 1995 года знішчаць звычайныя ўзбраенні. Галіна Георгіеўна брала ўдзел амаль ва ўсіх больш-менш значных акцыях БНФ.

У Вярхоўным Савеце Сямдзянава выступала па ўсіх прынцыповых пытаннях, важных для жыцця Беларусі. Напрыклад, 17 кастрычніка 1990 года пры абмеркаванні праекта Кодэкса аб зямлі, прапанавага апазіцыяй БНФ, Сямдзянава даводзіла, што прыватная ўласнасць на зямлю, фермерства — жыццёвая неабходнасць і што праект Кодэкса ад апазіцыі ўзнік не на пустым месцы: было вывучана шмат прац, у тым ліку Сталыпіна і Чаянава.

Асабліва небяспечным для Беларусі яна лічыла само існаванне СССР як нацыянальна-дзяржаўнага арганізма, называла яго спрутам, прыводзіла ў прыклад Фінляндыю, якая вырвалася з савецкіх абдымкаў і стварыла годнае жыццё. Яна рашуча асудзіла рэферэндум 17 сакавіка 1991 года (пры абмеркаванні гэтага пытання ў Вярхоўным Савеце 29 студзеня 1991 года нават адмовілася пакінуць мікрафон, бо пастанова аб парадку правядзення рэферэндуму ў БССР была прынятая Прэзідыумам ВС: само пытанне ў парламенце не набрала неабходнай колькасці галасоў). Аднак Прэзідыум прыняў (да таго ж пазначыўшы папярэднімі днямі) пастанову ў час працы Вярхоўнага Савета, што было парушэннем. 12 чэрвеня 1991 года Сямдзянава рашуча выступіла супраць праекта новай Саюзнай дамовы, лічачы яе маскоўскай авантурай.

 

Зорны час

Сапраўдная зорка Сямдзянавай, канешне, узышла ў драматычныя жнівеньскія дні 1991 года. Даведаўшыся пра спробу дзяржаўнага перавароту, дэпутатка перарвала адпачынак, паляцела ў Мінск і апынулася ў віры падзей. 24 жніўня 1991 года Сямдзянава разам з іншым сябрамі парламенцкай апазіцыі БНФ ва ўласных руках унесла ў залу пасяджэнняў Вярхоўнага Савета бел-чырвона-белы сцяг. Здымак Галіны на фоне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга і дзяржаўнага сцяга БССР абляцеў айчынныя і замежныя СМІ і навечна ўвайшоў у гісторыю Беларусі.

Вярхоўны Савет Беларусі, 24 жніўня 1991 года. Фота www.svaboda.org

З тых часоў бел-чырвона-белы сцяг (які, як і герб «Пагоня», 19 верасня 1991 года быў зацверджаны ў якасці дзяржаўнага сімвала) стаў часцінкай душы Галіны Георгіеўны, якая з болем публічна звяртала ўвагу на непавагу да дзяржаўных сімвалаў. 10 лістапада 1992 годазаявіла, што абраза бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» існуе асабліва на мясцовым узроўні. І яна мела рацыю. Напрыклад, апазіцыйная газета «Свабода» ў верасні 1992 года ў артыкуле «Сцягі знікаюць апоўначы…» зазначала, што ў Драгічыне бел-чырвона-белы сцяг быў сарваны з будынка раённага суда напярэдадні 27 ліпеня 1992 года. У Баранавічах на адной з цэнтральных вуліц усе дзяржаўныя сцягі зніклі ў ноч з 30 красавіка на 1 мая 1992 года.

25 жніўня 1991 года, у дзень надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона, Сямдзянава разам з паплечнікамі сагнала з трыбуны Анатоля Малафеева. Збянтэжаны першы сакратар, напэўна, ніяк не мог уцяміць, што сямідзесяцігадоваму панаванню камунізму ў Беларусі прыходзіў канец.

Тварам да твару з Малафеевым, 25 жніўня 1991 года. Крыніца: http://www.svaboda.org. Ззаду галоўнага беларускага камуніста — рэдактар «Свабоды» Ігар Гермянчук.

Сямдзянава патрабавала прыцягнення да адказнасці тых службовых асоб, якія падтрымалі путчыстаў.

 

У авангардзе барацьбы

Пасля краху СССР Сямдзянава працягнула дзейнасць у складзе парламенцкай апазіцыі БНФ, крытыкавала кансерватыўную парламенцкую большасць, Вячаслава Кебіча за яго імклівае збліжэнне з Расіяй у вайсковай і грашовай сферах, Станіслава Шушкевіча — за няздольнасць стварыць вакол сябе надзейную парламенцкую групоўку. Увесь 1992 год яна жыла надзеяй на рэферэндум па роспуску Вярхоўнага Савета і на датэрміновыя выбары паводле закона ад апазіцыі БНФ. Яна была сябрам адпаведнай ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў.

Нягледзячы на тое, што ўсе фармальнасці ініцыятыўнай групай былі выкананыя, Вярхоўны Савет 29 кастрычніка 1992 года адмовіўся праводзіць усенароднае галасаванне.

У 1993 годзе для Сямдзянавай пытаннем нумар адзін стала далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У артыкуле «Гульні з бяспекай вельмі небяспечныя», надрукаваным 5 мая ў «Народнай газеце», яна абвінаваціла прыхільнікаў калектыўнай бяспекі ў тым, што яны за расійскую нафту і сыравіну гатовыя плаціць жыццямі беларускіх хлопцаў.

Як жонка вайскоўца, Сямдзянава балюча ўспрымала праблемы арміі, актыўна выступала за вяртанне беларусаў з «гарачых кропак». Пры непасрэдным уплыве парламенцкай апазіцыі 12 сакавіка 1992 года была прынята пастанова Вярхоўнага Савета «Аб адкліканні з Азербайджанскай Рэспублікі, з Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Грузія і Рэспублікі Малдова ваеннаслужачых тэрміновай службы, прызваных з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Аднак Сямдзянава лічыла, што праца па вяртанні з боку дзяржструктураў вядзецца марудна. І 9 кастрычніка 1992 года яна стала на чале грамадскага камітэта «Вяртанне».

Сямдзянава выступала за беларусізацыю арміі, выхаванне ў ёй сапраўднага беларускага патрыятызму. Яна публічна разам з калегам па Вярхоўным Савеце Леанідам Дзейкам асудзіла звальненне з Узброеных Сіл лідара Беларускага згуртавання вайскоўцаў Мікалая Статкевіча.

Галіна Сямдзянава на святкаванні 75-х угодкаў БНР, 25 сакавіка 1993 года. Крыніца: Менская грамада (1993). Справа ад яе — дэпутаты ад апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў (у акулярах) і Сяргей Навумчык. Злева ад яе — Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч. Крайні злева — Зянон Пазьняк.

 

Насустрач выбаршчыку

Пры гэтым Сямдзянава не забывалася на тых, каму была абавязана сваім дэпутацтвам. У Наваградку яна вяла прыём грамадзян кожны першы чацвер месяца. Менавіта тады Галіна Георгіеўна ўбачыла неэфектыўнасць мясцовай улады, райкамаў, выканкамаў і саюзаў. Яны павінны былі вырашаць тыя пытанні, якія ў кампетэнцыю дэпутата парламента ўвогуле не ўваходзяць. Свае погляды на праблему Сямдзянава выклала ў артыкуле «Пад маскай дэпутата…» («Новае жыццё», 30 лістапада 1991 года), у якім рэзка крытыкавала шэраг мясцовых народных абраннікаў за іх нежаданне ці няўменне вырашаць праблемы людзей: ці то капітальны рамонт дамоў па вуліцы Міцкевіча (на гэтай вуліцы жыла сама Сямдзянава), ці то атаварка чэкаў «Ураджай-90» і іншае.

Аднак былі і пытанні, на якія вымушана была рэагаваць сама Сямдзянава. 10 лістапада 1992 года, выступаючы ў парламенце, яна звярнула ўвагу, што Міністэрства сацыяльнага забеспячэння выдаткавала дырэктару Навагрудскага дома-інтэрната для састарэлых 400 тысяч рублёў… для будоўлі ўласнага дома.

 

Было і такое…

Пасля ўступлення ў БНФ у Сямдзянавай не маглі не з’явіцца праблемы з выбаршчыкамі. Неўзабаве ў «Новае жыццё» пасыпаліся лісты з абвінавачаннем Сямдзянавай у тым, што яна хоча аддзяліць Беларусь ад СССР і выступае супраць савецкай улады. А 20 чэрвеня 1991 года сход камуністаў завода газавай апаратуры прыняў і апублікаваў заяву, у якой выказваўся недавер некаторым дэпутатам, а Вярхоўны Савет заклікалі як мага хутчэй прыняць закон аб адкліканні дэпутата. З заявай была вымушана разбірацца камісія. На сустрэчы з чальцамі камісіі з боку камуністаў было і такое пытанне: «Что представляет собой в белорусском парламенте деятельность Галины Семдяновой?»

Але Сямдзянава не паддавалася на правакацыі, настойліва прапагандавала сярод сваіх выбаршчыкаў ідэі БНФ. 18 сакавіка 1993 года яна прывезла ў Навагрудак Зянона Пазьняка і Уладзіміра Заблоцкага. На сустрэчы, на якой прысутнічалі ў асноўным работнікі аграпрамысловага комплексу, прадстаўнікі апазіцыі БНФ цярпліва тлумачылі цвердалобым старшыням калгасаў карысць прыватнай уласнасці на зямлю, прыватызацыі, наяўнасці ўласнай валюты і г.д.

5 лютага 1994 года ў Навагрудак па запрашэнні Сямдзянавай завіталі Зянон Пазняк і Юрый Беленькі, а таксама старшыня аб’яднання свабодных прафсаюзаў Генадзь Быкаў. На сустрэчы ў запоўненым мясцовым Доме культуры, якая доўжылася чатыры гадзіны, былі закранутыя самыя злабадзённыя пытанні.

Народныя дэпутаты Галіна Сямдзянава, Аляксандр Лукашэнка, Яўген Новікаў і Зянон Пазьняк. Крыніца: www.nn.by

Супраць Лукашэнкі

Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Сямдзянава разам з калегамі-сябрамі па парламенцкай апазіцыі стала яго непрымірымым крытыкам і мужна пераносіла першыя ўдары: збіццё дэпутатаў апазіцыі ў Авальнай залі парламента ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, дзяржаўную прапаганду ў выглядзе «Дзяцей ілжы», паразу дэмакратычных сілаў на рэферэндуме 14 мая 1995 года і выбарах у Вярхоўны Савет 13 склікання ў маі 1995-га. Тады ў парламент не прайшоў ні адзін прадстаўнік ад БНФ, большасць мандатаў атрымалі камуністы і аграрыі. У Наваградку 28 мая 1995 года ў Вярхоўны Савет была абрана прадстаўніца Партыі камуністаў Беларусі Тамара Манукова.

Менавіта на гэтыя выбары разлічвала Сямдзянава. У студзені 1995-га яна казала: «Мы против президентства, будет новый Верховный Совет, мы внесём поправки в Конституцию, и наш народ будет жить без Батьки во главе».

На паўторных выбарах у Вярхоўны Савет 13 склікання 29 лістапада 1995 года Сямдзянава нават выйшла ў другі тур з камуністам Міхаілам Радкевічам па сталічнай Каліноўскай выбарчай акрузе №23 (Сямдзянава — 5873, Радкевіч — 7784). Аднак выбары не адбыліся з-за нізкай яўкі.

У наступныя гады Галіна Сямдзянава пачала паступова сыходзіць з публічнай палітыкі і канцэнтравацца на руцінных справах. Канешне, яна глыбока перажывала заняпад і раскол БНФ — руху, якому яна аддала столькі гадоў, і які заваяваў незалежнасць Беларусі. Яна абрала Партыю БНФ і працавала ў ёй намесніцай старшыні, кіравала Рэвізійнай камісіяй і займалася ў асноўным мясцовымі выбарамі.

Апошняя актыўнасць Галіны Сямдзянавай звязана з трагічнай кампаніяй 2010 года, калі ад Партыі БНФ яна была накіравана ў Мінскую выбарчую камісію і зазнала на сабе ціск «кампетэнтных» органаў.

Галіна Сямдзянава засталася прынцыповай да канца і не падпісала выніковы пратакол, а падрабязна апісала ўсе парушэнні ў часе выбараў у Мінску і патрабавала прызнаць іх вынікі па сталіцы несапраўднымі.

Сямдзянава гаварыла праўду ў вочы не толькі сваім палітычным апанентам, але і паплечнікам па партыі. У лютым 2011 года яна і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек у знак нязгоды з кіраўніцтвам партыі пакінулі яе. Пакінула, каб у хуткім часе стаць неад’емнай часткай нацыянальнага руху, сімвалаў і незалежнасці.

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.