Партыя БНФ » Людзі за тры гадзіны сабралі грошы на выраб дошкі да стагоддзя БНР
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Людзі за тры гадзіны сабралі грошы на выраб дошкі да стагоддзя БНР

Дададзена 02.03.2018 10:23:22 | 415 праглядаў

Улады дазволілі ўсталяваць ганаровую дошку на доме, дзе была абвешчаная трэцяя ўстаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі. На выраб дошкі з бронзы трэба было тэрмінова сабраць 6000 рублёў.

Грошы былі сабраныя праз краўдфандынгавую плятформу Талака за тры гадзіны. На Талацэ працягваецца збор людзкіх ахвяраваньняў на іншыя патрэбы арганізатараў сьвяточнай акцыі на 25 сакавіка ў Менску. Пералічаць ахвяраваньні мржна тут: https://www.talaka.org/projects/2149/fund

З заклікам да збору сродкаў да грамадзкасьці зьвярнуўся журналіст Глеб Лабадзенка:

Сябры!

Як вы маглі чуць урыўкамі з прэсы, улады пагадзіліся павесіць дошку на дом у Менску, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Учора стала канчаткова вядома, што такі дазвол ёсць.

І тут паўсталі дзве праблемы. Першая — цяперашняя дошка (якая была выраблена 25 гадоў таму, але так і не з’явілася на доме) знаходзіцца, мякка кажучы, не ў самым добрым стане. Яна адлітая ў 1993 годзе з сілуміну (сплаў алюмінію з крэмніем). Гэта не самы шляхетны матэрыял, глядзіцца ён больш чым просценька. Але для таго часу гэта было, бадай, самым даступным варыянтам. У двох месцах на дошцы былі дзіркі, заробленыя не вельмі ахайна. Вершнік складаецца з трох частак і літаральна развальваецца. Літары скачуць і маюць розны памер (аўтар наракае, што адлітая дошка была не вельмі якасна). Другая праблема — нам не пагаджаюцца ўзгадняць надпіс на дошцы тарашкевіцай. Да тэксту пытанняў няма, але ён мусіць быць сучасным правапісам.

У сувязі з гэтым Аргкамітэтам прынятае рашэнне экстранна вырабіць копію гэтай дошкі з бронзы. У згодзе з Аргкамітэтам па святкаванні юбілею адказнасць за гэтую справу я бяру на сябе. На фота — менавіта новая дошка, якая цяпер будзе адлівацца.

Адказваю на магчымыя пытанні.

1. А ці можна неяк перарабіць цяперашнюю дошку? Можна. Але ці не будзе нам сорамна за яе перад нашчадкамі? Бо дошка знаходзіцца практычна ў аварыйным стане і пры дэталёвым аглядзе выглядае, скажам так, не самым прывабным чынам.

2. Чаму не адліць зноўку з сілуміну, каб ашчадзіць грошы? Таму што эканомія на матэрыяле складзе толькі каля 40%, а глядзецца яна будзе ў разы горш. Робім жа на стагоддзі, праўда? Бронза — высакародны матэрыял. Стагоддзе БНР — тая дата, да якой трэба павесіць годную дошку.

3. Чаму мы павінны слухацца ўладу і выпраўляць тарашкевіцу на наркамаўку? Не павінны, можам пачаць дыскутаваць і адкласці справу яшчэ на 25 гадоў. Лепш, каб дошка з’явілася з парачкай папраўленых літар ці каб не з’явілася зусім?

4. Ці згодны аўтар Алесь Шатэрнік з праўкамі на дошцы і адліўкай яе з бронзы? Так, гэта робіцца з ягонай згоды. Больш за тое, спадар Алесь вельмі рады, бо ў 1993 годзе дошку адфармавалі і адлілі не вельмі якасна — і цяпер можна перарабіць яе больш годна. Паколькі спадар Алесь цяпер за мяжой, зрабіць копію дошкі ён упаўнаважыў скульптара Ігара Засімовіча.

5. Ці не знікне з дошкі «Пагоня». Не знікне. Гэтае пытанне ўздымалася і на цяперашні момант гаворка пра прыбіранне «Пагоні» не ідзе.

6. Дзе будзе змешчаная гэтая дошка? На будынку па цяперашняй вуліцы Валадарскага, 9 — менавіта там 25 сакавіка 1918 года была абвешчана БНР.

7. Чаму збіраецца менавіта такая сума? Кілаграм бронзы з адліўкай каштуе ў сярэднім 25 даляраў. Напрыклад, дошка Барадуліну, супастаўная паводле памераў, важыла 114 кілаграм. Калі б мы мелі больш часу, то адлілі б яе ва Украіне, як помнік Касцюшку. Але зрабіць гэта за тры тыдні і прывезці яе афіцыйна сюды немагчыма.

8. Калі з’явіцца дошка? Цяпер стаіць мэта вырабіць і перадаць яе на мантаж да 20 сакавіка з умовай, што да 25.03 яна будзе вісець на доме.

На астатнія пытанні адказ такі. Калі мы хочам, каб дошка з’явілася да 25 сакавіка, то адзіны спосаб — хуценька скінуцца і адліць годную бронзавую дошку з надпісам, які ўзгоднены ўладамі (на фота). Маханне кулакамі і страсанне паветра прапаную праводзіць у іншым месцы).

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.