Партыя БНФ » “Газэта Слонімская”: Улады прапанавалі кампраміс на Дзень Волі — моладзь згадзілася, Статкевіч па-за гульнёй
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Газэта Слонімская”: Улады прапанавалі кампраміс на Дзень Волі — моладзь згадзілася, Статкевіч па-за гульнёй

Дададзена 03.03.2018 12:01:06 | 197 праглядаў

Як паведамляе “Газэта Слонімская”, дэмакратычная супольнасьць Слоніму падтрымала сьвяточны фармат адзначэньня Сьвята Незалежнасьці 25 сакавіка

Мінгарвыканкам прапанаваў аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі змяніць планы на 25 сакавіка: замест ранейшай заяўкі на шэсце, мітынг і канцэрт падаць заяўку толькі на мітынг і канцэрт без шэсця.

Позна ўвечары 26 лютага сябры аргкамітэту па святкаванні юбілею БНР, у які ўваходзяць палітыкі, актывісты, блогеры, мастакі, пісьменнікі, сустрэліся, каб абмеркаваць сітуацыю. Больш маладая частка аргкамітэту — Павал Белавус, Антон Матолька і іншыя — згадзіліся з прапановай уладаў, іншая, на чале з Міколам Статкевічам, выказалася супраць правядзення акцыі без шэсця.

Сітуацыя вырашылася 28 лютага, калі аргкамітэт падаў новую заяўку, дзе просяць дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрту каля Опернага тэатра Беларусі 25 сакавіка.

Карэспандэнт gs.by звязаўся з адным з заяўнікаў святочнага мерапрыемства, кіраўніком “Арт-сядзібы” Алесем Снегам. Ён паясніў сітуацыю наконт святочнага канцэрта на Дзень Волі:

— У Мінскім гарвыканкаме працоўнай групе, якая рыхтуе мерапрыемства да Дня Волі, далі зразумець, што вышэйшыя органы, у тым ліку Адміністрацыя прэзідэнта, за тое, каб правесці свята ў гонар стагоддзя БНР. За тое, каб гэта быў  не пратэст, а менавіта свята каля Опернага тэатра. І ўлады збіраюцца нават садзейнічаць і спрыяць правядзенню свята. Таму мы падалі заяўку на правядзенне канцэрту, мітынгу ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі, і я думаю, што адказ будзе пазітыўны, бо ўлады Беларусі за тое, каб свята адбылося. Я думаю, што варта культурніцкія мерапрыемствы — канцэрты, паэтычныя вечары, выставы, кватэрнікі — рабіць у рэгіёнах, і ніхто перашкаджаць не будзе. Галоўнае — памятаць, што гэта не пратэст, а свята, вельмі вялікая гістарычная дата для Беларусі. Культурныя імпрэзы мусяць адбывацца, і ніхто гэтаму перашкаджаць не будзе, улады далі ясна зразумець, што яны дазваляюць нам святкаваць гэты дзень. Нават на “Еўрарадыё” выйшаў артыкул, дзе міністр Шуневіч кажа, што БНР важная дата і ён за тое, каб свята прайшло без эксцэсаў і пратэстаў.

Каб высветліць, што плануецца ў Слоніме да стагоддзя БНР, карэспандэнт “Газэты Слонімскай” звязаўся з былым кандыдатам у мясцовыя дэпутаты, сябрам БНФ,  грамадскім актывістам Віктарам Марчыкам:

— Пакуль што з запланаваных мерапрыемстваў на Слонімшчыне ў нас (грамадскіх актывістаў Слоніма. — Заўвага аўтара) ёсць паездка напярэдадні Дня Волі на магілу знанага грамадскага дзеяча, лекара і патрыёта Беларусі Івана Іванавіча Шэгі. А наконт святкавання Дня Волі я цалкам падтрымліваю моладзь і іх планы на правядзенне канцэрту. А тых, хто хоча маршыраваць, то хай маршыруюць у любы другі дзень, а не 25 сакавіка, бо Дзень Волі — гэта перш за ўсё свята! І калі ўлады пайшлі на саступкі і далі нам магчымасць адсвяткаваць гэтае свята, што дагэтуль не рабілі 23 гады, то трэба абавязкова гэтымі саступкамі скарыстацца.

Іван Шэга

Зазначым, што да юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі па Беларусі ладзіцца шмат імпрэзаў не палітычнага, а менавіта культурніцкага характару. Знайсці іх у інтэрнэце можна пад хэштэгам #БНР100. Пра тое, як годна адсвяткаваць 100 гадоў БНР, нядаўна ў артыкуле “Газэты Слонімскай” расказала маладая паэтка Даша Бялькевіч.

Паводле “Газэты Слонімскай

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.