У Гародні ўлады папярэдне пагадзіліся на адзначэньне стагодзьдзя БНРДададзена 06.03.2018 5:52:49 | 327 праглядаў Прадстаўнікоў аргкамітэту, якія падавалі заяўку, запрасілі на 12 сакавіка ў гарвыканкам абмеркаваць фармат адзначэньня 100-х угодкаў БНР. Кіраўнік Горадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў сказаў Свабодзе, што праграма мерапрыемства ў асноўным падрыхтаваная. «Мы плянуем 23-га правесьці літаратурную вечарыну, прысьвечаную БНР. 24-га адбудзецца беларуская дыктоўка, а ўжо 25-га хочам зрабіць усё ўрачыста, з канцэртам і мітынгам, каб сьвята варта маглі адзначыць усе жадаючыя горадзенцы. І вельмі спадзяёмся на тое, што зможам дамовіцца з гарадзкімі ўладамі, каб мерапрыемства прайшло па-сьвяточнаму — усё ж будзем адзначаць 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі». ![]() Горадзенскі аргкамітэт па сьвяткаваньні 100 год БНР Некалькі тыдняў таму горадзенскія ўлады адмовіліся ўваходзіць у аргкамітэт, створаны апазыцыйнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі, каб сумесна адзначыць 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Аргкамітэт атрымаў з гарвыканкаму пісьмовы адказ, у якім гаварылася, што арганізацыя мітынгаў і шэсьцяў у цэнтры гораду мясцовымі органамі ўлады адбываецца толькі падчас адзначэньня дзяржаўных сьвятаў, а, маўляў, 100-я ўгодкі БНР не ўваходзяць у гэты сьпіс. А таму «вашу прапанову аб далучэньні да створанага аргкамітэту прадстаўнікоў гарвыканкаму лічым немэтазгоднай». Але пасьля атрыманьня дазволу на правядзеньне вялікага сьвяточнага мерапрыемства ў Менску стаўленьне гарадзенскіх уладаў да ініцыятывы дэмакратычнай грамадзкасьці горада, як падаецца, зьмянілася. Паводле Зьмітра Бандарчука, сябра кампаніі «Гавары праўду», які 5 сакавіка меў размову з намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, улады прынцыпова даюць дазвол на правядзеньне ўрачыстасьцяў 25 сакавіка. «Прадстаўнікоў аргкамітэту запрасілі на 12 сакавіка, каб абмеркаваць найперш, дзе можа прайсьці мерапрыемства — бо ёсьць некалькі месцаў, — а таксама ў якім фармаце гэта будзе адбывацца. Тады ж мы і атрымаем пісьмовы дазвол». Паводле Радыё Свабода
|
|
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|