Партыя БНФ » У менскім скверы імя Янкі Купалы ўсталявалі знак у гонар братоў Луцкевічаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У менскім скверы імя Янкі Купалы ўсталявалі знак у гонар братоў Луцкевічаў

Дададзена 07.03.2018 10:19:23 | 622 праглядаў

У менскім парку імя Янкі Купалы ўсталявалі памятны знак у гонар ідэолягаў беларускай дзяржаўнасьці Антона і Івана Луцкевічаў.

Адкрыцьцё дошкі адбудзецца 13 сакавіка аб 11-й гадзіне, паведаміла стрыечная ўнучка братоў Луцкевічаў Маргарыта Пярова карэспандэнту беларускай службы Радыё Свабода са спасылкай на паведамленьне Менгарвыканкаму.

Усталяваньне мэмарыяльнай дошкі адбылося ў выніку кампрамісу менскіх уладаў і аргкамітэту па сьвяткаваньні 100 год БНР. На паседжаньні аргкамітэту 26 лютага старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ўлады Менску будуць рыхтаваць адкрыцьцё памятнага знаку братам Луцкевічам у раёне парку Янкі Купалы, калі апазыцыя пагодзіцца на мітынг-канцэрт 25 сакавіка на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру.

Таксама 1 сакавіка кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму дало дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. На наступны дзень, 2 сакавіка, на краўдфандынг-пляцоўцы «Талака» неабходныя для вырабу новай дошкі 6000 рублёў сабралі трохі больш як за 3 гадзіны.

Да Другой усясьветнай вайны на месцы парка Янкі Купалы была жылая забудова. Браты Луцкевічы пераехалі ў Менск зь Лібавы ў 1896 годзе і жылі на тагачаснай Садовай вуліцы. Тут, каля цяперашняга Купалаўскага музэю, стаяў дом сям’і Луцкевічаў.

Антон і Іван Луцкевічы ўваходзілі ў першую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Антон Луцкевіч быў адным з ініцыятараў Трэцяй Устаўной граматы БНР ад 25 сакавіка 1918 году, паводле якой дзяржава абвясьціла сваю незалежнасьць.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.