Партыя БНФ » Ініцыятары акцыі на 25 сакавіка ў Гародні запрошаныя ў гарвыканкам
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ініцыятары акцыі на 25 сакавіка ў Гародні запрошаныя ў гарвыканкам

Дададзена 11.03.2018 5:23:18 | 239 праглядаў

Гарадзенскі гарвыканкам запрасіў на сустрэчу прадстаўнікоў рабочай групы па арганізацыі сьвяткаваньня стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Сустрэча чыноўнікаў з прадстаўнікамі грамадзкасьці адбудзецца 12 сакавіка а 10-й гадзіне. Асноўным прадметам размовы будзе правядзеньне ў Гародні 25 сакавіка масавай акцыі да сотых угодкаў абвяшчэньня ІІІ Устаўной Граматы БНР.

Горадзенскі аргкамітэт па сьвяткаваньні 100 год БНР

Горадзенскі аргкамітэт адзначэньня 100 год БНР

Партыю БНФ на сустрэчы ў гарвыканкаме будзе прадстаўляць намесьнік старшыні партыі і кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў. У камэнтары прэс-службе Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паведаміў, што ў Гародні грамадзянская супольнасьць рыхтуе разнастайную праграму мерапрыемстваў з нагоды юбілею абвяшчэньня беларускай незалежнасьці:

-          Мы плянуем 23 сакавіка правесьці літаратурную вечарыну, прысьвечаную БНР. 24 сакавіка адбудзецца беларуская дыктоўка, а ўжо ў сам дзень 25 сакавіка хочам зрабіць усё ўрачыста, з канцэртам і мітынгам, каб да адзначэньня сьвята маглі далучыцца ўсе гарадзенцы. І мы вельмі спадзяемся на тое, што зможам дамовіцца з гарадзкімі ўладамі, каб мерапрыемства прайшло па-сьвяточнаму.

- сказаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Палітык таксама нагадаў, што яшчэ месяц таму ўлады Гародні далі негатыўны адказ на прапанову аб супольным адзначэньні даты 25 сакавіка, аднак, пасьля таго як аргкамітэт акцыі ў Менску дасягнуў кансэнсусу са сталічнымі ўладамі наконт правядзеньня акцыі каля менскай Опэры – стаўленьне гарадзенскіх чыноўнікаў да слаўнага юбілею зьмянілася. Па словах Вадзіма Саранчукова, сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР можа стаць самай маштабнай імпрэзай патрыятычнай скіраванасьці ў Гародні за апошнія дзеясяцігодзьдзі.

Гарадзенскія актывісты таксама распачалі збор подпісаў за ўсталяваньне ў Гародні мэмарыяльнай шыльды ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі на будынку, у якім вясной 1919 года працаваў Беларускі нацыянальны камітэт і адбываліся пасяджэньні Рады міністраў БНР.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Травень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.