Партыя БНФ » Выступ старшыні БНФ на адкрыцьці знака памяці братоў Луцкевічаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Выступ старшыні БНФ на адкрыцьці знака памяці братоў Луцкевічаў

Дададзена 13.03.2018 9:26:29 | 552 праглядаў

13 сакавіка ў Менскім парку імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку ў памяць дзеячоў беларускага Адраджэньня Івана і Антона Луцкевічаў.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з прамовай, якую скончыў словамі «Жыве Беларусь!» Прысутныя на цырымоніі паўтарылі гэтыя словы – паведамляе тэлеканал Белсат.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы лідара БНФ падчас урачыстага адкрыцьця памятнага знаку.

bdrШаноўныя сябры!

Сёньня тут мы закладаем мэмарыяльны камень у гонар памяці братоў Луцкевічаў – патрыётаў Беларусі, адных з тых, хто належыць да слаўнай плеяды беларускіх палітыкаў, якіх па праву можна назваць айцамі-заснавальнікамі Беларускай Незалежнасьці. Браты Луцкевічы, Іван і Антон, былі пачынальнікамі беларускага нацыянальнага руху. Іх спадчынай і вынікам працы з’яўляецца сёняшняя Рэспубліка Беларусь.

Пачатак беларускага школьніцтва, газэты “Наша доля” і “Наша ніва”, а таксама абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта тыя цагліны ў падубове Нашага Дому Беларусі, у які ўклалі вялізарны ўнёсак браты Лукцевічы.

Самаахвярная і адданая Бацькаўшчыне праца Івана і Антона Луцкевічаў заклала той падмурак, на якім пабудаваная беларуская нацыянальная ідэя, ідэйная, ідэалагічная аснова, у якой была рэалізаваная спрадвечная мара беларусаў людзьмі звацца.

Сёньня тут сабраліся людзі розных палітычных перакананьняў, прадстаўнікі розных грамадзкіх аб’яднаньяў і палітычных партыяў. Але я ўпэўнены, што ўсіх нас тут аб’ядноўвае любоў да Бацькаўшчыны, шчыры патрыятызм і адданасьць Беларусі.

Беларуская дзяржаўнасьць – гэта тое, за што змагаліся браты Луцкевічы. Сёньня мы бачым, што гэтае змаганьне не было марным – яно прынесла канкрэтны і адчувальны плён.

Сёньня мы можам упэўнена сьцвярджаць: Беларусы заваявалі сваё права людзьмі звацца, а Беларусь, Беларуская дзяржава упэўнена заняла свой пачэсны пасад між народамі. Сымбалічна гучаць гэтыя словы тут, у парку, які носіць імя славутага песьняра Беларусі Янкі Купалы.

06Шаноўныя сябры!

У часы працы братоў Луцкевічаў наш край перажываў складаны час. Першая сусьветная вайна, рэвалюцыі, падзел Беларусі ў Берасьці і Рызе… Але калі час для беларусаў быў лёккі?

Сто гадоў таму братам Луцкевічам даводзілася працаваць у часы, калі сам факт існаваньня беларускай нацыі трэба было даказваць. А паглядзіце на нашую краіну цяпер! Беларусы адбыліся як нацыя, Рэспубліка Беларусь адбылася як дзяржава. Любыя спробы паставіць пад сумнеў незалежнасьць нашай краіны – нікчэмныя і асуджаныя на паразу.

Беларуская нацыянальная справа, пачатак якой паклалі сто гадоў таму браты Антон і Іван Луцкевічы – гэта гісторыя каласальнага посьпеху!

Паважанае спадарства!

У гэыя дні мы адзначаем стагодзьце абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Я, як старшыня Партыі БНФ, вельмі ўсьцешаны, што адзначэньне слаўнага юбілею робіцца супольна сіламі грамадзянскай супольнасьці і беларускай дзяржавы.

Я ўпэўнены, што мы адсвяткуем стагоддзе абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці такім чынам, што нашыя суседзі, усе суседнія дзяржавы, пабачыўшы гэта, зразумеюць: Так, беларусы сапраўды шануюць беларускую незхалежнасьць, памятаюць сваю гісторыю, і высока цэняць сваю беларускую нацыянальную дзяржаву.

Закладаньне гэага мэмарыяльнага камяня ёсьць часткай маштабнага сьвяткаваньня стагодзьдзя абвяшчэньня беларускай незалежнасьці. Будуць яшчэ ўрачыстасьці, мэмарыяльныя дошкі, мітынгі і імпрэзы.

Праз два тыдні, 25 сакавіка зусім побач, каля Опэрнага тэатру пры садзейнічаньні Мінскага гарадскога выканаўчага   каміэтэту   пройдзе   сьвяточны   канцэрт  -   Сьвята Незалежнасьці, куды я вас шчыра запрашаю.

У гэтыя дні сьвяточнага юбілею, мы, патрыёты Беларусі, перад памяцьцью братоў Луцкевічаў, перад памяцьцю нашых вялікі продкаў, айцоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасьці, маем поўнае права і гонар годна заявіць:

Беларусы – ёсьць! Беларуская дзяржава – увасабленьне спрадвечнай мары беларускага народа жыць ва ўласным доме. Мы нікому не дамо паставіць пад сумнеў беларускі дзяржаўны суверэнітэт і беларускую незалежнасьць.

Жыве Беларусь!

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.