Партыя БНФ » Пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР прайшло без Статкевіча
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР прайшло без Статкевіча

Дададзена 13.03.2018 3:24:14 | 244 праглядаў

Пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР прайшло 12 сакавіка без удзелу прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага кангрэса (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі).

Лагатып БНР100Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сёння „праходзіла пасяджэнне аргкамітэта”, у якім не ўдзельнічалі прадстаўнікі БНК (яны выступаюць за правядзенне не толькі мітынгу і канцэрта, але і шэсця. — БелаПАН.).

Паводле яго слоў, у пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, іншых арганізацый і „іншыя важныя асобы”.

Адзін з сустаршыняў БНК Мікалай Статкевіч, які лічыць, што 25 сакавіка ў Менску павінна прайсці шэсце, заявіў БелаПАН, што пра сённяшняе пасяджэнне аргкамітэта „не чуў”. Палітык лічыць, што з-за розных поглядаў на фармат правядзення акцыі 25 сакавіка аргкамітэт распаўся на дзве часткі.

Такім чынам, 25 сакавіка ў Менску розныя арганізатары плануюць правесці шэсце, мітынг і канцэрт. Гэта вынікае з заяў актывістаў апазіцыі, якія падзяліліся ў дачыненні да таго, як адзначаць 100-годдзе абвяшчэння БНР.

Першую заяўку на святкаванне гэтага юбілею падалі ў Менгарвыканкам 25 студзеня прадстаўнікі 13 партый і арганізацый. Яны прасілі дазволіць правядзенне дэманстрацыі, мітынгу і канцэрта ў цэнтры горада. Сталічныя ўлады забаранілі святкаванне ў такім фармаце, абгрунтаваўшы сваё рашэнне тым, што заяўнікі дапусцілі шэраг парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Наступная заяўка была пададзеная 28 лютага прадстаўнікамі пяці арганізацый (Аб’яднаная грамадзянская партыя, аб’яднанне „БНФ „Адраджэньне”, рух „За Свабоду”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і асветніцкая ўстанова „Амарока”).

2 сакавіка яны наведалі Менгарвыканкам, дзе ім быў дадзены станоўчы адказ.

Трэцяя заяўка на правядзенне ў цэнтры сталіцы шэсця была пададзеная ў Менгарвыканкам 7 сакавіка актывістамі аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Чэрвень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.