Партыя БНФ » Складанасці ў вырашэнні “беларускага пытання” у часе Вялікай Вайны ў міжнародным і сацыяльным аспектах
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Складанасці ў вырашэнні “беларускага пытання” у часе Вялікай Вайны ў міжнародным і сацыяльным аспектах

Дададзена 18.03.2018 12:04:02 | 396 праглядаў

Тэкст дакладу намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксандра Стральцова на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці”.

Канферэнцыя адбылася ў Менску 13 сакавіка 2018 году і была прымеркаваная на стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатарам канферэнцыі выступіў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Стральцоў 2Перадумовы ўзнікнення “беларускага пытання” у апошняй чвэрці ХІХ – пачатку ХХ ст.

“Беларускае пытаньне” ў другой палове ХІХ ст. узьнікла ў кантэксце канкурэнцыі за культурны ўплыў паміж расейскай і польскай моўнымі і культурнымі прасторамі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.  Пры гэтым расейскі бок узяў на ўзбраенне тэорыю “Заходнерусізму”, якая ўпісвалася ў канцэпцыю аб “Трыадзінстве рускага народа”, які меўся складацца з велікаросаў, маларусаў і беларусаў.

У межах польскай культурнай прасторы развівалася зацікаўленне этнаграфічнымі асаблівасцямі тэрыторыяў ВКЛ, у тым ліку і сённяшняй Беларусі. Прасоўвалася паказанне адрознасці беларускага ці жмудскага селяніна ад рускага і г.д.

Тым не менш беларускае пытанне дастаткова позна набыло палітычны аспект свайго гучання, бо толькі на пачатку ХХ ст. Стрымлівалася гэта тым фактарам, што беларусамі ў той час усведамлялі сябе толькі альбо амаль выключна адукаваныя выхадцы з сялянскага стану (саслоўя) альбо беззямельнай шляхты.

Эліты грамадства тагачаснай Заходняй Расіі: чыноўнікі, землеўладальнікі і гандляры сябе да беларускай нацыі ў новым значэнні не адносілі, а адпаведна не магла назапасіцца крытычная маса здольных грамадска-палітычных дзеячоў менавіта ў беларускім асяроддзі.

Эліты таго часу таксама разглядалі Беларусь, як арэну культурніцкай барацьбы паміж Захадам і Усходам. Захадам у выглядзе польскай культуры і Ўсходам у выглядзе расейскай культуры. Памяць пра Вялікае Княства Літоўскае не знікла зусім, але набыла новую форму ў выглядзе Краёвай ідэі, і як такая стала асацыявацца пераважна з прадстаўнікамі буйных і сярэдніх землеўласнікаў польскай культуры.

Тым не менш сацыяльныя завіраванні, што трэслі Расейскай імперыяй на пачатку ХХ ст. прывялі да вызвалення волі сацыяльных нізоў. Нажаль беларускі народ, як пакажуць наступныя падзеі не быў гатовы да прыняцця на сябе такой адказнасці.

“Беларускае пытанне” у праграме бакоў Вялікай вайны 1914-1918. “Обер-Ост” і спробы рэалізацыі беларускіх пастулатаў

Беларускае пытанне у праграме бакоў Вялікай вайны з’яўляецца толькі па старане Цэнтральных дзяржаў. Для эліты Расейскай імперыі, якая звяртала, напрыклад, увагу на наяўнасць польскага пытання, беларускага пытання не існавала ў прынцыпе, бо беларусы, у пераважнай масе праваслаўныя, залічваліся ёй, згодна са згаданай канцэпцыяй “Трыадзінства” у рускія, а католікаў у скрайнім выпадку не страшна было згубіць.

З Цэнтральных дзяржаў, ці іх сатэлітаў, непасрэдна з беларускім пытаннем сутыкнуліся ўлады так званага Обер-Осту, а таксама прадстаўнікі польскіх палітычных колаў, згуртаваных вакол Польскай вайсковай арганізацыі і Рэгенцыйнай Рады.

Улады Обер-Осту на пачатку не збіраліся надаваць беларускаму пытанню істотнай вагі, ставіліся да беларусаў, як да неакрэсленай этнічна масы, у адрозненні ад стаўлення да палякаў ці новалітоўцаў. Тым не менш у культурнай сферы мусілі пайсці на прызнанне беларускай мовы, як афіцыйнай, бо яна панавала на немалой частцы ўтварэння Обер-Ост, а таксама з-за таго, што расійская паводле палітычных меркаванняў была забаронена.

Адміністрацыя Обер-Осту не імкнулася дапамагаць беларусам ствараць сваё палітычнае прадстаўніцтва, спачатку робячы стаўку на польскія арганізацыі, але ўжо з 1917 году, змяняючы прыхільнасць на лагер новалітоўскага руху.

Новалітоўскі рух, які, як і беларускі ўзнік на сялянскім грунце на поўначы былых земляў ВКЛ, тым не менш з рацыі сваёй назвы, аказаўся больш здольны да інтэграцыі спадчыны ВКЛ у сваю гістарычную канцэпцыю, а таксама да прыцягнення каталіцкага духавенства, бо здолеў затрымацца на больш кансерватыўных пазіцыях, не ўспрымаючы радыкальную рыторыку сацыялістаў. Менавіта таму, да моманту Вялікай вайны ён аказаўся больш моцны за беларускі і дзеля таго быў абраны ў якасці асноўнага саюзніка кайзераўскай Германіяй.

Нягледзячы на гэта, ва ўмовах хаця і абмежаванай свабоды, якая пры тым была большай, чым у Расійскай імперыі, беларускі рух дастаткова дынамічна развіваўся ў межах Обер-Оста. Узнікла больш за 120 школаў, стала выдавацца афіцыйная газета адміністрацыі “Гоман”, дзейнічаў беларускі тэатр, дабрачынныя таварыствы. Беларуская мова ўпершыню у новым часе займела статус афіцыйнай.

Прадстаўнікі новай беларускай эліты, пераважна з каталіцкага асяроддзя, знаходзіліся пад моцным уплывам Краёвай ідэі, і разумелі аднаўленне аўтаноміі ўсяго Краю, як мінімум у межах ВКЛ перад 1772 г.

Польскія эліты, што арыентаваліся на Цэнтральныя дзяржавы адносілі тэрыторыю Беларусі да гістарычнай Літвы. Каля Рэгенцыйнай Рады была ўтворана так званая Літоўская камісія, куды ўваходзілі прадстаўнікі землеўласнікаў у тым ліку і з тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Значная частка з іх, таксама як і беларускія дзеячы, бачыла Край былога ВКЛ у адным дзяржаўным арганізме, злучаным аднак федэратыўнай сувяззю з Польшчай.

Іншую канцэпцыю пашыралі прадстаўнікі лагера так званай “Эндэцыі” (нацыянал-дэмакратаў), якія жадалі інкарпарацыі тэрыторыяў з перавагай польскага ці каталіцкага насельніцтва і фактычна прадугледжвалі будучы падзел тэрыторыі былога ВКЛ. Пры гэтым Эндэцыя знаходзілася ў лагеры Антанты і мусіла да часу звяртаць увагу на пазіцыю Расіі.

“Беларускае пытанне” у расійскім палітычным кантэксце

Як ужо казалася ў імперскай Расіі беларускае пытанне не насіла палітычнага характару, прынамсі такі быў погляд расійскіх элітаў. Набываць палітычны характар яно пачало толькі ад лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Такая сітуацыя ў палітычнай прасторы Расійскай імперыі вельмі негатыўна адбілася на стане беларускіх актыўных сілаў, якія ўбачылі магчымасць нейкіх зменаў і дзеянняў толькі ў 1917 г., а праз увесь гэты год стараліся захоўваць лаяльнасць да дэмакратычнай Расеі, спадзеючыся на статус аўтаноміі. Расейскія дзеячы не збіраліся ісці на істотныя саступкі, не бачучы з боку слабога на іх думку беларускага руху, нейкага сур’ёзнага ціску, так, як гэта адбывалася напрыклад з Украінай.

“Беларускае пытанне” у канцэпцыях бальшавікоў

Як і ў выпадку царскай ці дэмакратычнай Расіі, беларускае пытанне было для бальшавікоў чымсці неясным і неістотным. Розніца палягала ў тым, што бальшавікі былі нашмат больш тонкімі і здольнымі палітыкамі, чым эліты старой Расіі.

Бачучы ў нацыянальных рухах былой Расійскай імперыі саюзнікаў у справе яе разбурэння, і не могучы гэтых нацыянальных рухаў перамагчы цалкам, бальшавікі вырашылі запусціць працэс мімікрыі і калі трэба хаваліся за маску “ісцінных патрыётаў расійскіх акраін”. Вядома не ўсе ў нізавых структурах былі ў стане разабрацца ў мудрагелістай палітыцы партыі.

Адлюстраваннем такога нутранога канфлікту стала і беларускае пытанне, калі сутыкнуліся пазіцыі дзеячоў Народнага камісарыята па нацыянальнасцях (міністэрства ў бальшавіцкім урадзе) і Беларускага нацыянальнага камітэту (пры гэтым міністэрстве), з аднаго боку і Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці (дзе сабраліся бальшавікі-інтэрнацыяналісты) з другога.

Да 1919 г. падавалася, што пазіцыя Аблвыкамзаха перамагае, наступствам чаго стаў разгон Усебеларускага З’езду ў снежні 1917 г., але на працягу 1918 г., дзякуючы дзейнасці таксама Рады БНР у нямецкай зоне акупацыі, сітуацыя змянілася і бальшавікі вырашылі, што больш мудра з палітычнага пункту гледжання будзе дазволіць існаванне БССР. Што праўда праціўнікі лініі Наркамнаца дамагліся таго, каб БССР утварылася ў як найменшым геаграфічна абшары, але з цягам часу тэрыторыю ўдалося павялічыць.

Стральцоў і Кастусёў“Брэсцкі мір”, БНР і заняццё цэнтральнай і усходняй Беларусі нямецкімі войскамі

Брэсцкі мір быў вынікам, перад усім, палітыкі Цэнтральных дзяржаў. Сёння агульнавядомым з’яўляецца факт “пераброскі” вядучых дзеячоў РСДРП (бальшавікоў) з эміграцыі ў Расію, якую ажыццявіла Германія. Вынікам гэтага дзеяння стаў палітычны пераварот і вывад Расіі з вайны.

Але бальшавікі, як гэта ў іх звычаі, парушаючы ўласныя абяцанні, павялі сябе апартуністычна. Троцкі, які граў ролю “кепскага паліцэйскага” не зажадаў падпісаць мірную дамову і ў выніку Германія павінна была выкарыстаць сілу, каб змусіць бальшавікоў да вядзення патрэбнай палітыкі.

На наша шчасце, гэты прымус меў вынікам акупацыю большай часткі тэрыторыі сённяшняй Беларусі, што дазволіла дзейнічаць Радзе БНР, хаця і пры пэўных абмежаваннях. Нямецкія ўлады не прызналі Раду БНР, у якасці дзяржаўнай ўлады, але  ў якасці прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва.

На чале Народнага Сакратарыяту (Ураду) БНР у маі 1918 года стаў Раман Скірмунт, лідар Мінскага беларускага прадстаўніцтва. МБП было першай і адзінай беларускай партыяй правага кірунку. У гэтым сэнсе, мы як прадстаўнікі Партыі БНФ асабліва цэнім яе высілкі і ў нейкай ступені лічым сябе яе ідэалагічнымі пераемнікамі.

Адной з асноўных мэтаў дзейнасці МБП было аб’яднанне высілкаў усіх жыхароў тагачаснай Беларусі, незалежна ад іх маёмаснага стану ці нацыянальнасці. Гэта была спроба захаваць стары тып грамадства, які дастаўся ў спадчыну яшчэ ад ВКЛ, але як паказалі падзеі, гэта быў і адзіны шанец на тое, каб справа БНР перамагла яшчэ тады.

Нажаль іншыя палітычныя сілы ў Радзе БНР: Беларуская сацыялістычная грамада, беларускія сацыялісты-федэралісты, эсэры, якія амаль нічым не розніліся ад бальшавікоў,  “абластнікі”, якія сканцэнтраваліся ў Мінскай думе,  не былі здольныя прытрымлівацца рэалістычнай пазіцыі.

Хаос, справакаваны левымі і цэнтрысцкімі партыямі, прывёў да змены ўраду, што было самазабойча ва ўмовах, калі неабходна было ўсімі сіламі ствараць, хаця б і поўпадпольна, уласныя вайсковыя адзінкі. Апошнія немагчыма было ўтварыць без матэрыяльнай падтрымкі больш заможных пластоў беларускага грамадства.

“Беларускае пытанне” у кантэксце польска-савецкай вайны

Трэба адзначыць, што вынікам нямецкай акупацыі і дзейнасці Рады БНР на яе тэрыторыі, стала ўсведамленне кіраўніцтвам Савецкай Расіі, што немагчыма абыйсці “беларускае пытанне”, не надаючы фармальна-дзяржаўнага статусу беларускаму народу, хаця б і ў вузкіх геаграфічных межах. Апошняе стала саступкай дзеячам Аблвыкамзаху. Менавіта таму 1 студзеня 1919 г. у Смаленску была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь.

Палітычныя погляды польскай эліты былі падзелены на федэралісцкую плынь і тых, хто жадаў інкарпарацыі. Юзаф Пілсудскі – асноўны прамотар федэралісцкай канцэпцыі, пасля заняцця ў красавіку 1919 г. Горадні і Вільні выдаў адозву “Да жыхароў былога Вялікага княства літоўскага”, у якой сцвярджалася, што Войска Польскае нясе свабоду народам былога ВКЛ, якія змогуць свабодна выказацца наконт сваёй дзяржаўнай будучыні. Зразумела аднак, што Ю.Пілсудскі разлічваў на такое вырашэнне пытання, калі землі гэтыя, дабравольна, на аснове аўтаноміі і федэралізму злучыліся б з Польшчай.

Вартым адзначэння ёсць факт, што і нацыянальны лагер пад кіраўніцтвам Рамана Дмоўскага, калі меў на ўвазе інкарпарацыю, то пачаткова гутарка вялася пра межы, пры якіх Бабруйск, Барысаў і Полацк аказваліся ў Польшчы, а не той варыянт, які стаў вынікам Рыжскай дамовы ў 1921 г.

Дзеячы Рады БНР не былі гатовыя прыняць польскія прапановы, што мела вынікам адхіленне ад прыхільнасці да ідэі БНР заможных польска-каталіцкіх колаў з тэрыторыі Ўсходняй Беларусі, якія прыхільна ставіліся да ідэі хоць нейкага дзяржаўнага ўтварэння, што абароніць іх ад бальшавікоў. Іх прадстаўнікі з заходняй часткі Беларусі падтрымлівалі ідэю інкарпарацыі.

Таксама, нават у кіраўніцтве БНР многія мелі ілюзіі адносна бальшавізму, што аднак зразумела ў той час, але ад гэтага не менш дэструктыўна. Так Антон Луцкевіч пісаў у лютым 1919 г.: “Бальшавізм у нас немінучы, як здаецца, немінучы ён і ў Польшчы . І чым хутчэй наш народ перапаліцца ў яго агні, тым лепш, тым хутчэй пачнецца творчаская работа – будаванне новай будучыні, дзе народ будзе запраўды гаспадаром на сваёй зямлі.”

Ключавым аднак момантам паразы БНР стала адсутнасць уласных узброеных сілаў, якія неабходна было ствараць пры любой небальшавіцкай уладзе ў Мінску і Вільні. Няўдача на гэтым фронце прадвызначыла паразу палітычную.

Пэўную надзею давала стварэнне так званага “Асобнага атраду БНР”, пад кіраўнцітвам генерала С.Булака-Балаховіча, які абвесціў сябе Начальнікам Беларускай Дзяржавы. Аднак няўдалыя баявыя дзеянні на Палессі ў лістападзе 1920 г. пахавалі і гэтую надзею.

Магчыма з вайсковага і палітычнага пункту гледжання больш шанцаў пакідала заняццё Мінску, які прыкрыты палякамі з заходняга боку можна было спрабаваць абараніць, а ў палітычным сэнсе, ён быў найлепшым месцам для працягу місіі БНР. Аднак С.Булак-Балаховіч вырашыў інакш, бо спадзяваўся, што Палескі паход дапаможа сабраць як найбольшыя сілы, і толькі потым планаваў рушыць на Мінск.

Падсумаванне

Няўдача спробы пабудовы дзяржавы, якая называлася Беларуская Народная Рэспубліка адбылася з-за наступных недахопаў:

1. Раз’яднанасць эліты: дзеячам БНР не ўдалося прыцягнуць на свой бок тыя пласты грамадства, якія маглі даць рэальны матэрыяльны рэсурс для пабудовы войска і адміністрацыі. Глыбіннай прычынай гэтага быў сацыяльны радыкалізм большасці прадстаўнікоў Рады БНР

2. Адсутнасць яснай гепалітычнай лініі, сталая змена міжнародных партнёраў і адсутнасць адзінства, рознаскіраваныя цывілізацыйныя памкненні. Ва ўмовах жорсткага цывілізацыйнага канфлікту Захаду (Польшча) і Ўсходу (Бальшавіцкая Расія), дзеячы БНР не былі ў стане зрабіць адпаведны цывілізацыйны выбар.

3. Адсутнасць рэалізму і палітычнай спрактыкаванасці. Гучныя дэкларацыі, за якімі нічога не стаіць і разам з тым адсутнасць гнуткасці, неабходнай для дасягнення практычных мэтаў. Адсоўванне і палітычнае знішчэнне найбольш цвярозай і рэалістычнай палітычнай сілы – Мінскага беларускага прадстаўніцтва, на чале з землеўласнікам і прадпрыймальнікам Раманам Скірмунтам.

Паводле сайта “Нацыянальны інтарэс

Жнівень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.