Партыя БНФ » Заява лідэра БНФ Рыгора Кастусёва напярэдадні сьвята 25 сакавіка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява лідэра БНФ Рыгора Кастусёва напярэдадні сьвята 25 сакавіка

Дададзена 23.03.2018 11:37:40 | 373 праглядаў

Палітычная заява старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва з нагоды набліжэньня Сьвята Незалежнасьці – стагодзьдзя абвяшчэньня Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі

23 сакавіка 2018 году

бнф бнр

Беларусь набліжаецца да вялікага сьвята – стагодзьдзя абвяшчэньня Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Гістарычным Актам 25 сакавіка 1918 году БНР заявіла сьвету пра зьяўленьне беларусаў як палітычнай нацыі.

Сьвяткаваньне стагодзьдзя Акту 25 сакавіка набыло сапраўды агульнанацыянальны характар: па ўсёй краіне ў гарадах і мястэчках паўсталі арганізацыйныя камітэты па адзначэньні слаўнага юбілею, а агульнанацыянальны аргкамітэт па адзначэньні стагодзьдзя БНР аб’яднаў найбольш шырокае кола патрыятычных арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Кульмінацыным момантам сьвяткаваньняў будзе маштабнае Сьвята Незалежнасьці, што ад імя агульнанацыянальнага аргкамітэту арганізаванае БНФ ды іншымі патрыятычнымі арганізацыямі 25 сакавіка ў Менску каля Вялікага тэатру опэры і балету. Мы вітаем спрыяльнае стаўленьне менскіх уладаў да гэтай падзеі і заклікаем іх прытрымлівацца ранейшых дамоўленасьцяў у мэтах годнага правядзеньня гэтага ўрачыстага мерапрыемства. Асабліва мы заклікаем праваахоўныя органы да папярэдне абгаворанага карэктнага стаўленьня да ўдзельнікаў сьвяткаваньняў.

Няпярэдадні 24 сакавіка ўрачысты мітынг і канцэрт будзе зладжаны Кансэрватыўна-хрысціянскай партыяй – БНФ на пляцоўцы каля сталічнага Кіеўскага скверу. Сьвяточныя мерапрыемствы пройдуць таксама ў Гародні, Берасьці, Салігорску, Гомелі, Лідзе, Магілёве, Пружанах, Слуцку, Глыбокім, Горках, Полацку ды іншых гарадах.

Мы заклікаем усіх патрыётаў далучыцца да юбілейных урачыстасьцяў ды ўзяць удзел у гэтых сьвяточных мерапрыемствах.

Мы асуджаем зьдзейсьненыя напрэдадні сьвята затрыманьні палітыкаў і актывістаў, у тым ліку сябра Сойму Партыі БНФ Арцёма Касаварава і сябра Сойму Партыі БНФ Віталя Амяльковіча.

Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх незаконна арыштаваных і заклікаем улады напярэдадні вялікага сьвята адмовіцца ад звыклых рэпрэсыўных захадаў. Адначасова мы заклікаем усіх адказных палітыкаў адмовіцца ад правакатыўных заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях у дзень сьвята 25 сакавіка. Гэткія заклікі з боку асобных дзеячоў зьяўляюцца недарэчнымі ва ўмовах, калі па ўсёй краіне рыхтуецца беспрэцэдэнтна маштабнае  і сьвяточнае адзначэньне Сьвята Незалежнасьці, калі нацыянальна-дэмакратычныя сілы заклікаюць да шырокай кансалідацыі дзеля абароны ды ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі.

Яшчэ раз заклікаем улады і праваахоўныя органы да вытрымкі і карэктнасьці ў дачыненьні да ўдзельнікаў сьвяткаваньняў. Людзі павінныя мець магчымасьць сабрацца на свята.

Улады павінныя не чыніць гвалту ў дачыненні да грамадзянаў, якія мірна накіроўваюцца да папярэдне ўзгодненых з гарадскімі уладамі месцаў сьвяткаваньня з любых кропак Менску, у тым ліку з раёна плошчы Якуба Коласа.

Жыве Беларусь!

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.