Партыя БНФ » Што будзе на стэндах БНФ 25 сакавіка падчас Сьвята Незалежнасьці ў Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Што будзе на стэндах БНФ 25 сакавіка падчас Сьвята Незалежнасьці ў Менску

Дададзена 24.03.2018 7:19:50 | 514 праглядаў

25 сакавіка ад 13 да 19 гадзіны ў Менску ля Вялікага тэатру опэры і балету адбудзецца маштабнае Сьвята Незалежнасьці, прымеркаванае да сотай гадавіны абвяшчэньня Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Актам 25 сакавіка 1918 года БНР абвесьціла пра сваю дзяржаўную незалежнасьць.

У парку каля опэрнага тэатру Партыя БНФ і Моладзь БНФ разьмесьцяць свае стэнды, упрыгожаныя бел-чырвонымі-колерамі, сьцягамі і нацыянальнай атрыбутыкай. Разам з намётамі, стэндамі і шапікамі іншых арганізатараў і партнэраў фэсту яны ўтвораць “вуліцу БНР” (глядзі мапу сьвята).

У межах “кварталу” Беларускага Народнага Фронту на “вуліцы БНР” можна будзе зрабіць фота з мэмарыяльнай шыльдай, якую вырабіў дваццаць пяць гадоў таму беларускі скульптар Алесь Шатэрнік для размяшчэньня на доме, дзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Шыльда шмат гадоў захоўвалася на сядзібе БНФ і чакала сваяго часу. І вось ужо неўзабаве, пасьля канчатковага ўзгадненьня з уладамі, вырабленая па яе ўзору бронзавая мэмарыяльная дошка зойме сваё законнае месца на гістарычным будынку.

У шапіку БНФ можна будзе праставіць на паштоўках ды любой іншай набытай на сьвяце прадукцыі памятны штэмпель “25 сакавіка 2018 году. Сьвята Незалежнасьці.” каб засьведчыць сваю датычнасьць да галоўнай ўрачыстасьці з нагоды стагодзьдзя беларускай незалежнасьці. Таксама можна будзе падпісаць і пакінуць для адсылкі адрасатам памятныя юбілейныя паштоўкі альбо лісты, праштампаваныя гэтым адмысловым штэмпелем.

Падчас сьвята на пляцоўцы Партыі БНФ будзе распачаты збор подпісаў з патрабаваньнем адмовы ад далейшага размяшчэньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вайсковых аб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі, тэрмін арэнды якіх расейскім бокам сканчваецца напачатку 2020 году.

Актывісты Моладзі БНФ і Беларускага Народнага Фронту цягам усёй імпрэзы будуць знаёміць удзельнікаў сьвята з палітычнай дзейнасьцю арганізацыяў. На стэндах Партыі БНФ можна будзе ўзяць праграму БНФ “Адраджэньне”, улёткі, устаўныя граматы БНР, набыць сувэніры рамеснікаў і нацыянальныя сьцягі, а таксама запісацца ў шэрагі Партыі БНФ і Моладзі БНФ, альбо пакінуць свае ахвяраваньні на дзейнасьць Беларускага Народнага Фронту.

З нагоды сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці  БНР Моладзь БНФ падрыхтавала святочныя падарункі для асобаў, якія нарадзіліся 25 сакавіка. Каб атрымаць іх, кожны імяніннік, незалежна ад узросту, можа 25 сакакавіка падысці да стэнда Партыі БНФ і Моладзі БНФ на свяце Незалежнасці з пашпартам.

mapa2503

Поўная праграма Сьвята Незалежнасьці ў Менску і ўсе падрабязнасці на bnr100.by

Афіцыйны хэштэг сьвята для сацыяльных сетак #БНР100.

Дата правядзеньня: 25 сакавіка 2018 года.

Месца: плошча Парыжскай Камуны, 1 (пляцоўка каля Вялікага тэатра опэры і балету).

Час мерапрыемства: 13:00 — 19:00.

Дазвол Менгарвыканкама аб правядзеньні масавага мерапрыемства № 1/2-22/1935 ад 01.03.2018.

МЕНСК праграма падрабязная

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.