Арганізатар #БНР100 у Гародні Вадзім Саранчукоў: «Мы зладзілі народнае сьвята»
Дададзена 28.03.2018 12:05:17 | 635 праглядаў
У Горадні 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Калоскім парку сьвяткавалі звыш паўтысячы чалавек. Вынікі імпрэзы ў інтэрвію Радыё Свабодзе падвёў адзін з арганізатараў, намесьнік старшыні Партыі БНФ і старшыня Гaрадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў.
25 сакавіка ў Горадні
Паводле Вадзіма Саранчукова, сьвята ў Горадні з нагоды 100-й гадавіны незалежнасьці БНР было арганізавана людзьмі на народныя грошы, усё сьвята ад пачатку і да канца рабілі сябры грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, валянтэры.
Вадзім Саранчукоў падвёў галоўны вынік учорашняга сьвяткаваньня: «Мы здолелі зрабіць народнае сьвята!» – паведамляе Радыё Свабода.
Вадзім Саранчукоў (архіўнае фота)
Арганізатары ў Горадні здолелі сабраць неабходную суму грошай, зрабілі канцэртную праграму. Людзі былі задаволеныя, бо разам і сьпявалі, і танчылі, кажа Саранчукоў. Быў гандаль сувэнірамі, падрыхтавалі гульні для дзетак, бо многія прыйшлі на сьвята сем’ямі з малымі дзецьмі. Валянтэры раздавалі бел-чырвона-белыя сьцягі, тэксты гімнаў, інфармацыю пра БНР.
Дзень Волі ў Горадні
Паводле Саранчукова, столькі бел-чырвона-белых сьцягоў у Горадні ў адным месцы ўжо ніхто ня памятае.
«У людзей быў вясёлы сьвяточны настрой і ўсе імкнуліся адно аднаму гэты настрой падтрымаць. У грамадзе адчувалася салідарнасьць, супольнасьць таго, што сабраліся разам», — кажа Саранчукоў, — адчувалася, што мы сапраўды другая сталіца БНР. І яшчэ адна выснова: учора мы паказалі ўсім, як шмат беларусы могуць зрабіць, калі ім не перашкаджаюць улады”, — падсумаваў Вадзім Саранчукоў.
Вялікі фотарэпартаж з акцыі ў Гародні зьмяшчае рэгіянальны сайт Hrodna.Life:
Каля 500 гродзенцаў у нядзелю 25 сакавіка прыйшлі ў Каложскі парк на святочны мітынг і канцэрт у гонар 100 гадоў БНР. Мерапрыемствы былі дазволеныя гарадскімі ўладамі. Свята ў парку наведалі гродзенцы ўсіх узростаў, многія прыходзілі цэлымі сем’ямі. Прызначаная гарадскімі ўладамі пляцоўка была падзелена на некалькі частак: сцэна, дзіцячая тэрыторыя і зона гандлю ды харчавання. На мерапрыемстве выступалі музычныя гурты, гісторыкі, святары і іншыя.
На дазволенае святкаванне 100-гадовага юбілею БНР збіралі грошы праз краўдфандынг. Гарадскія ўлады забяспечылі ахову і медычнае абслугоўванне. Арганізатары далі публічную справаздачу, якая сума была сабраная, як яна патрачаная і на што пойдуць нявыкарыстаныя сродкі (каб пагледзіць справаздачу цалкам – клікайце па выяве).